Выбрать главу

Цяпер нават немагчыма патлумачыць, як ненавісна розніліся савецкія часы з тымі, што пачаліся з 1991 года (трохі раней). І на пераправе паміж эпохамі за кожную, самую дробную змену ў гэтай розніцы, камусьці трэба было высільвацца, а то і змагацца - не раўнуючы як за ўласнае жыццё.

Таму аніяк не выпадае абмінаць тую пару апакаліптычнага ператрусу, калі з парэшткаў камуністычнай ідэалогіі пачало вылузвацца нешта a priori іншае. Бо без гэтага застануцца незразумелымі ўвесь сэнс і ўся каштоўнасць таго дыскурса, дзеля славы якога і распачалася гэтая пісаніна.

Зразумела, у кожнага з нас акрамя агульных былі і ўласныя рахункі з савецкім таталітарызмам. На перадапошнім курсе інстытута мне таемна прынеслі на ноч да ранку прачытаць "Так казаў Заратустра" на тоненькіх паперках упаасобку. Літаральна за хвіліну да ранішняга стуку ў дзверы, я напісаў у нататніку адно кароткі сказ "Ніцшэ - геній". Хаця з клічнікаў пасля гэтага сказу нагарадзіў цэлы плот.

Тады я не даў бы веры нават афінскаму аракулу, калі б ён запэўніў, што праз нейкія год дзесяць сам буду друкаваць тэксты гэтага вырадка ў яшчэ амаль савецкім тыднёвіку. Але гаворка тут зусім не пра Ніцшэ як такога. Ад нас увогуле былі ўтоеныя багацейшыя бібліятэкі сучаснай філасофіі (не кажучы пра паліталогію, сацыялогію і г.д.). Аднойчы падумалася, каб СССР усё яшчэ заставаўся тым самым палітычным трагладзітам, я б, верагодна, і па сёння не знаўся ні з Шпенглерам, ні з Гайдэгерам, ні з Вітгенштайнам, ні з Леві-Стросам, ні з Гадамерам, ні з Артэга-й-Гасэтам, ні з Фуко, ні з Бартам, ні з Дэлёзам, ні з Слатэрдайкам, ні з яшчэ тузінам аўтараў, без інтэлектуальнага наробку якіх ужо даўно не ўяўляю сябе ў самім сабе.

Каб на тым свеце кожнаму, хто ладзіў нам духовую вівісекцыю цэлую эпоху, было балюча да веку!

Зрэшты, хаця гэты мой праклён у эмацыйнай праекцыі зразумелы, але гістарычна зусім не слушны, бо такія апакаліптычныя падзеі, як СССР, ёсць нечым зусім іншым і значна большым за тое, у чым можна вінаваціць кожнага чалавека паасобку.

***

Час, як вядома, ляціць імкліва. Прамарудзіш азірнуцца, і ад былога ўжо нават акрайчыка не відно. Таму на ўсялякі выпадак нагадаю, што радыкальны зрух у савецкім таталітарызме пачаўся з "гарбачоўскай перабудовы" (1985 г.), калі малады генсек прыдумаў вярнуць сацыялізму чалавечы твар. Але гэта - што з гіганцкай плацінай. Як толькі нехта паспрабуе зрабіць у ёй невялікую адтуліну, дык неўпрыкмет плынь праробіць там дарогу для ўсёй назапашанай энергіі ракі, і неўзабаве ад плаціны застануцца адно кавалкі бетону па берагах. Канец васьмідзясятых ужо засведчыў пачатак гэтага вялікага бурапення.

Хай палітолагі кажуць што сабе хочуць, толькі для мяне ў Беларусі тое сталася заўважным праз стварэнне (1987 г.) маладзёвай літаратурнай суполкі "Тутэйшыя". Між іншым, пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

Кароткая, але надзвычай яркая гісторыя аб’яднання маладых літаратараў, якое, здаецца, з прапановы Сяргея Дубаўца атрымала назву "Тутэйшыя", не мела ні пэўнага пачатку, ні пэўнага канца. Больш за тое, нават арганізатары і лідэры аб’яднання (Алесь Бяляцкі, Сяргей Дубавец, Адам Глобус, Анатоль Сыс) разыходзяцца ў вызначэнні датаў, падзеяў і ўдзельнікаў, што засведчылі сябе чальцамі руху.

"Была суполка Алеся Бяляцкага, была зусім іншая суполка, якую стварыў Сяргей Дубавец. I калі мы пачалі аб’ядноўвацца — са спрэчкамі, са скандаламі — былі ўтвораныя тыя "Тутэйшыя", якіх усе ведаюць", — сцвярджае Адам Глобус. (Ад сябе, у якасці рэплікі, дадам: яны не толькі спрачаліся... Глобус мне сам распавядаў, як да крыві біўся з Сысом... )

Хаця аб’яднанне структурна было аморфным, не акрэсленым у задачах і мэтах, аднак пры гэтым надзвычай актуальным у факце сваёй наяўнасці. Таму яно вельмі хутка займела шырокі розгалас і набыло вялікую папулярнасць. Бадай, з усяго гэтага склалася ўстойлівай формула — пакаленне "Тутэйшых". I гэтая формула падаецца досыць дакладнай, бо роля літаратурнага аб’яднання "Тутэйшыя" была не столькі ў тым, што яно фармальна задзіночыла пэўную колькасць маладых літаратараў, колькі ў тым, што выявіла памкненні і жаданні цэлага літаратурнага пакалення і нават шырэй, — прагу бальшыні тагачаснага грамадства да радыкальных пераменаў.