Выбрать главу

Наша цяперашняя беларуская культура прарасла ў тым ліку з культуры шляхецкай, у якой гонар (менавіта гонар, не годнасць) быў асабліва шанаваны. Шляхціц атрымліваў шляхецкую годнасць ад нараджэння, а гонар, натуральна, таксама шляхецкі, мусіў усё сваё жыццё пацвярджаць і, калі трэба, бараніць. Рабіў ён гэта і з дапамогай шаблі, і абапіраючыся на развітую судовую сістэму...

Прынцып свабоды слова - гэта, безумоўна, вельмі важна, мы гэта ведаем, але не будзем забывацца, што гэта адно прынцып карыстання інструментам, то бок словам. Слова - гэта толькі інструмент. Важна тое, што будзе ім сказана.

...Права на годнасць для мяне адназначна важнейшае за права на свабоду слова".

***

Мой бацька (сялянскага роду) неяк сказаў: "Сорам вочы не выесць". А іншым разам як бы патлумачыў ранейшае: "Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць".

Пазней (значна пазней) праз гэтыя два прыслоўі я зразумеў усю жыццядайнасць філасофіі простага чалавека: каб выжыць самому і выгадаваць дзяцей, трэба забыцца на годнасць, а тым болей на гонар. Хай гэтым выхваляюцца шляхцюкі, а ў нас ёсць больш сур’ёзная справа - праз вечнасць трымаць жыццё чалавечае як такое.

Я і па сёння пэўны ў слушнасці гэтай анталагічнай тэзы. Аднак экзістэнцыйна сітуацыя для мяне была больш складанай, паколькі акрамя бацькі я меў яшчэ маці. І хаця яна таксама нарадзілася ў беларускай вёсцы, але ёсць даволі падставаў лічыць, што яе продкі (Кардашы) паходзілі з вугорскай вайсковай шляхты, якую прыхапіў з сабой Стэфан Батора, калі прыйшоў на Гарадзеншчыну з уласным войскам, - і дзе яна (тая шляхта) тут засталася да веку.

Я зусім не ўпэўнены наконт уласнай шляхетнай спадчыны "паводле кудзелі", а вось шляхетнасць Міхала для мяне несумнеўная. Я яе адчуваў задоўга да таго, як прачытаў эсэ "Гонар і годнасць". І ці не гены маёй маці спрычыніліся да майго ўмельства захапляцца кожным высакародным учынкам сябра? Згадаю толькі адзін прыклад, які, як мне здаецца, сведчыць пра глыбіню яго пачуцця гонару.

Калісьці даўно, ужо вельмі даўно, адзін з блізкіх нашых знаёмцаў зрабіў ганебны ўчыінак, і мы ўсе перасталі з ім знацца. Аднак праміналі гады, і многія з нас пакрысе сталі забывацца на былое і нават пачалі рукацца з тым чалавекам. Але толькі не Міхал. Магчыма, ён нават "змыў бы абразу крывёю", каб гэта была яго персанальная абраза, а так адно скарыстаўся правам на годнасць.

Запытайце мяне: што такое Міхал?

І я вам адкажу: Міхал - гэта гонар і годнасць. Прынамсі, найперш.

***

Выпадкова перастракаемся з Міхалам, і ён адразу прапануе:

- Валянцін, прыгадайце ўсе творы беларускай літаратуры пра зіму?

Калі мяне так схапіць знянацку, то я і сваё прозвішча не адразу згадаю.

Прашу час падумаць. Час ідзе, а нічога не прыдумляецца. Ну так, раздзел з "Новай Зямлі", завея за сценамі маёнтка "Шляхціча Завальні", некалькі школьных вершыкаў... А далей нічога, хоць крыкам крычы...

- А колькі той зімы! - кажу з адчаем. І абодва рагочам з самай аптымістычнай беларускай прымаўкі.

Эсэ "Зіма" патрапіла ў гэты падбор таму, што ў ім нязмушанае мысленне Міхала проста такі чаруе сваёй эўрыстыкай. Колькі ў нас кніг і паасобных даследванняў літаратуры ды мастацтва? Як дрэваў у лесе! Толькі ніхто з той безлічы даследчыкаў ні разу не здзівіўся: а чаму гэта ні ў літаратурным тэксце, ні на палотнах мастакоў да найноўшага часу, лічы, ніколі не было беларускай зімы?

А Міхал здзівіўся.

"Мы не надта любім нашу зіму, але ставімся да яе цярпліва, з няпэўным, а таму схаваным за іроніяй аптымізмам - "колькі той зімы". Між тым у "Геаграфіі" Аркадзя Смоліча (Вільня, 1923) чытаем: "Трох-чатырохмесячная зіма з трывалым і багатым снегавым пакрыццём, лёгкімі маразамі, невялікімі адлігамі характэрная для блізу ўсёй Беларусі і адрознівае нашу зіму ад суворае, з гострымі маразамі зімы Маскоўшчыны ды ад гнілое, бясснежнае польскае зімы".

Выходзіць, не такая ўжо кепская ў нас зіма паводле Смоліча. І рады мы сабе ўзімку давалі заўсёды - і вопратка ёсць адпаведная, і дамы цёплыя, і печы, і дровы, і ежа. А вось каб палюбіць гэтую зіму, то не палюбілі. Святы зімовыя - так, зіму - не.

Цяжка сказаць, чаго тут болей: калектыўнага падсвядомага нежадання ўзгадваць тое, што нясе дыскамфорт і пагрозу існаванню, ці застылай трываласці формаў традыцыйнага народнага мастацтва і, шырэй, культуры. Аргументам на карысць апошняга з’яўляецца тое, што зіма выпадае з земляробчага цыкла, зямля і сама прырода адпачываюць, іх часова няма, гэта час, абмежаваны прасторай чалавечага жытла, а сам чалавек ненадоўга робіцца цэнтрам і галоўным героем беларускага космасу - гаспадаром.