Выбрать главу

"Першыі беларускі снег" з’яўляецца бліжэй да сярэдзіны ХІХ стагоддзя на палотнах французскіх баталістаў, прысвечаных напалеонаўскай зімовай кампаніі 1812 года. У тым самым кантэксце і амаль у той самы час снег з’яўляецца на палотнах мінскага мастака Яна Дамеля. Аднак самастойнае мастацкае гучанне беларускі зімовы краявід набывае толькі на літаграфіях француза Лявэрня. Узімку 1840 года ён вандруе праз Беларусь і робіць серыю падарожных малюнкаў. Камяніцыі Мінска, Віцебска, Дуброўны патанаюць у снежнай белі, нашыя гарады і мястэчкі выглядаюць казачна, утульна і ўрачыіста....

Тутэйшыя мастакі пачалі ўглядацца ў зіму толькі на пачатку ХХ стагоддзя. Перадусім Вітольд Бялыніцкі-Біруля, які ў хрэстаматыйным "Зімовым сне" фактычна запачаткаваў матрыцу беларускай зімы: заснежаная зіма патанае ў сутонні, сцішаная ў колерах, без рэзкіх светлаценяў. Падаецца, што Смоліч, апісваючы сваю ідэалізаваную беларускую зіму, натхняўся менавіта гэтым краявідам, такім рэалістычыным і ўзнёслым адначасова...

Дык ці палюбілі мы нарэшце сваю зіму?.. На гэтае пытанне ў мяне адказу няма".

***

Я нарадзіўся і асталеў у мястэчку Свіслач, якое ў пару майго дзяцінства не шмат рознілася ад вёскі. Пасля надакучлівай восеньскай нуды малыя першага снегу чакалі як цуду. А потым хаты засыпала амаль да стрэхаў і дарогі таксама засыпала. Ты мог выйсці на падворак, трохі патаптацца на сцежцы ад хаты да хлява і зноў хавацца ў цяпло. Да вясны. Калі прыляцяць шпакі і заселяць шпа-коўню, змайстраваную рукамі бацькі.

Мне вельмі любыя прарочыя і дакладныя словы Міхала, што зіма для беларуса - "гэта час, абмежаваны прасторай чалавечага жытла, а сам чалавек ненадоўга робіцца цэнтрам і галоўным героем беларускага космасу..." Можа таму, што я гэта таксама моцна адчуваў...

Яшчэ не было нашай з Міхалам Краіны, калі я напісаў прыпавесць "Сум на тэму вяртання". Апавядаючы пра Міхалаву "Зіму", я не мог не згадаць адзін фрагмент з той прыпавесці. А згадаўшы, не магу ўтрымацца, каб яго сюды не пералюстраваць. Ён трохі завялікі сам па сабе, хаця, здаецца, Міхал не быў бы супраць.

"Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на вачах і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота — усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. «А калі ўва мне ніякага сэнсу няма, — сам у сябе запытаўся чалавек пасля доўгай дарогі, — а яго напэўна няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?»

Чалавек глядзеў на засыпаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. І вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца плячыма да выпаленай печы".

***

У пэўным сэнсе эсэ "Сцяг" таксама належыць да экзістэнцыйнага дыскурсу. Прынамсі, так бывае заўсёды, калі чалавек успрымае сцяг эмацыйна. Разам з тым, у выпадку бел-чырвона-белага сцяга гэтае эмацыйнае латэнтна злучанае з анталагічным. І злучанае надзвычай глыбока ды грунтоўна. Аб чым і нагадвае Міхал.

"Сустваральнікам нашага сцяга стаўся архітэктар, паэт, грамадскі дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Гэта ён зрабіў накід бел-чырвона-белага, задаў ягоныя прапорцыі, каларыстыку і шырыню стужак, фактычна падсумаваўшы і матэрыялізаваўшы тое, што назапасілі наш геральдычны чын, літургічная традыцыя і народнае мастацтва. Чырвань на белым тчэцца, не абрываецца ад часоў дахрысціянскіх, праз Сярэднявечча, Рэнесанс, барока і рамантызм, чырвонай стужкай перацякае з ручніка на харугву, з харугвы на тарчу, штандар, сцяг".

***

Я ўпершыню пабачыў жывыя бел-чырвона-белыя сцягі ў 1988 годзе, калі на "Дзяды" карнікі расцерушылі натоўп ля зачыненай брамы Маскоўскіх могілак і мы пайшлі за Пазняком уздоўж кальцавой дарогі на Курапаты. У нейкі момант Пазняк запыніў шэсце на ўзгорку і прапанаваў усім прысесці, каб было чуваць выступоўцаў. Тады і з’явіліся два невялікія бел-чырвона-белыя сцягі. Пабачыўшы іх, я яшчэ больш напалохаўся (гэта быў мой першы публічны супраціў уладам), - і нават сам сабе абурыўся: навошта лішне правакаваць карнікаў, якія нас ужо атачалі з усіх бакоў?