Выбрать главу

Відаць, меў рацыю, паколькі адразу, як па сігнале, на нас абрынуліся амапаўцы, міліцыянты, а потым і вайскоўцы. От было страху, хаця і такога напалу бязмернай экзальтацыі я ніколі раней не меў. Як быццам у гэты час адбыўся нейкі тэктанічны зрух і праз глыбокія разломы ночы палілося чыстае святло.

У першы год вулічнай дэмакратыі я наведваў мітынгі, каб пачуць тое, што ў крыклівы голас ніколі раней не казалі - адно паўшэптам. Толькі мітынговыя словы надзіва хутка зашмальцаваліся, і наступныя, лічы, два дзесяцігоддзі я хадзіў на шэсці толькі дзеля таго, каб цешыцца з мора бел-чырвона-белых сцягоў. Была ў іх лунанні нейкая неверагодна прыўкрасная магія. Але з чаго яна бярэцца, я не мог сабе патлумачыць.

***

А цяпер зноў пачытаем Міхала.

"Наш сцяг падаецца мне адным з самых прыгожых у свеце. Я разумею, што не магу быць незаангажаваным, але гэтае спалучэнне колераў аб’ектыўна пасуе для акцэнтацыі аб’екта каларыстыкі, оптыкі, псіхалогіі і фізіялогіі зроку. Узнікае такі аптычны эфект, быццам сцяг сам выпраменьвае святло. Ён урачысты, пазітыўны, вітальны. Чырвоны і белы - колеры Хрыстовы, таму гэта боль і пакута, перамога над смерцю і Любоў. Аднак не толькі і не столькі эстэтычнымі катэгорыямі вы-мяраецца вартасць сцяга, перадусім яна вымяраецца нашымі перамогамі і годнымі ўчынкамі. Вымяраецца нашымі краявідамі, паданнямі і міфамі, нашым мінулым і той будучыняй, якую мы ствараем цяпер".

Палітычная сітуацыя ў краіне разгортвался такім нечаканым і, калі заўгодна, дзівосным чынам, што досыць хутка бел-чырвона-белы зрабіўся дзяржаўным сцягам. Ён упрыгожыў усе адміністратыўныя будынкі, і ў беларускіх гарадах ды мястэчках паболела святла.

Я не прамінаў вокам ніводнага з тых сцягоў - куды б ні ішоў ці ні ехаў. Таму не мог не зважаць, што бальшыня нашых грамадзянаў якраз там, дзе я падымаў галаву дагары, апускае вочы долу. Яны яго не хацелі бачыць. Гэта было скрушнае назіранне. Бо я вельмі хутка здагадаўся, што нашае свята не іх свята. Больш за тое, бел-чырвона-белы сцяг моцна трывожыў бальшыню паспалітых, яны бачылі ў ім знак бяды. Залішне ён быў прамяністы, ганарлівы, бачны і з зямлі, і з нябёсаў. З такім, як прыйдзе бяда, не схаваешся не толькі ў балотах, а нават і ў пушчы.

На іх шчасце ўлада хутка перайначылася, і прамяністыя сцягі паскідалі ў бруд. Толькі далёка не ўсім гэтая перамена была ў радасць. Многіх, вельмі многіх яна абурыла. І тады пачалася вайна за Сцяг, якая працягваецца па сёння. Колькі людзей праз гэтую вайну апынулася за кратамі, колькі ўмылася ўласнай крывёю...

Неяк падумалася, а за чырвона-зялёны (г.зн. цяперашні) ці адзін чалавек хаця б кропельку крыві праліў? Ну хіба якая швачка на фабрыцы, дзе гэтыя сцягі шыюць, палец пад голку сунула.

***

А завершыць гэтыя рэфлексіі я хацеў бы пачаткам эсэ Міхала:

"15 чэрвеня року 1219 дацкія біскупы маліліся на гары Таампеа. Яны прасілі Уладара Усявышняга дапамагчы і ўратаваць дацкае войска, якое з апошняе моцы стрымлівала атакі эстаў. Бог пачуў малітвы, і проста з нябёсаў да ног дацкага караля зляцеў вялікі кавалак чырвонага палатна з белым крыжам пасярэдзіне. Пабачыўшы боскі знак, дацкія рыцары перайшлі ў наступ і разбілі войскі эстаў. Так нарадзіўся «Dannebrog», дацкі сцяг, найстарэйшы дзяржаўны сцяг на свеце з усіх, што існуюць сёння".

І яшчэ два сказы з тэкста Міхала:

"Караля данаў звалі Вальдэмар Другі Пераможны. Ён быў сынам караля Вальдэмара Першага і Сафіі Менскай, дачкі менскага князя Валадара Глебавіча і Рыксы Баляславаўны".

***

Далей я апынуўся разгубленым. Паводле задумы наступнае эсэ мусібыць апошнім. Толькі на чым запыніцца, маючы столькі яшчэ нескарыстанага багацця?

Шчыра кажучы, я б заплюшчыіў вочы і выхапіў "Сала". Цудоўнае эсэ з весялінкай. Да таго ж зусім не абстрактнае. Міхал увесь час спажываў сала, паколькі меў нейкую загану ў арганізме, якая не дазваляла яму набіраць вагу. А мяне мая лішняя вага засмучала, што зусім не замінала напоўніцу ласавацца тым салам, што Міхал купляў на Камароўцыі...

Тут, відаць, можна згадаць і адзін вясёлы сюжэт. Неяк журналістка, канцуючы гаворку, запыталася:

- Ці ёсць у вас мара?

- Ёсць, - адказаў. - Быць такім хударлявым і такім таленавітым, як Міхал Анемпадыстаў.

Я пажартаваў, а яна надрукавала.

Але вернемся да праблемы. Як бы мне ні смакаваў тэкст пра сала, аднак завяршаць ім гэтыя скрушныя ўспаміны было б не да месца. Урэшце рэшт я спыніўся на эсэ "Песня" - і ўжо без аніякіх сумневаў. Бо забыцца на геніяльныя песенныя тэксты Міхала выглядала б неяк нават дзіўна. Тым болей, што і ўсё гэтае эсэ прыхавана карэлюецца з персанальным лёсам самога паэта.