Не ўпэўнены, што амбітны a priori Алесь быў ад яго ў захапленні, але журналісты яго ўпадабалі, і яны маю ініцыятыву трохі растыражавалі ў некалькіх выданнях. Мне яно таксама спадабалася, толькі тлумачэнне гэтай прыхамаці будзе пазней.
Да самага апошняга часу свет быў уладкаваны гэткім чынам, што кожны здольны і амбітны чалавек, каб рэалізаваць сябе ў маштабе ўсіх сваіх магчымасцяў, мусіў перабірацца ў сталіцу (калі ён там не нарадзіўся). Справа ў тым, што сталіца была адзіным месцам, якое разам схоплівала ўсе рэгіянальныя прасторы, бо паводле азначэння валодала механізмам трансляцыі ідэяў і падзеяў на ўвесь ёй падлеглы абсяг. З гэтага і здзяйсненні таленавітага чалавека толькі праз сталіцу маглі набыць універсальны маштаб.
Можа і не зусім да месца, аднак згадаю: пазамінулыя геапалітычныя трагедыі Беларусі і беларусаў (крэваў, ліцвінаў, русінаў) якраз і ўзніклі з таго, што прастора іх бытавання не была ўцэнтраваная і з гэтага структураваная Вялікай сталіцай. Не ў пару занядужаў Полацак, не акрыяў у сапраўдную моц Наваградак, зашылася ў перыферыйнае памежжа (адносна ўсёй поліэтнічнай прасторы) Вільня. Колькі змаглі, супольна ўзялі на сябе функцыю калектыўнай сталіцы розныя мястэчкі і гарады. Толькі іх магчымасцяў было замала, каб нават усім разам арганізаваць і захаваць гэтую прастору як цэлае.
Найноўшая сітуацыя адкрытай ва ўсе бакі прасторы радыкальным чынам перайначыла праблему. Сёння цэнтр не толькі пэўнага рэгіена, а і ўсяго свету знаходзіцца там, дзе ёсць месца для тэлевізара са спадарожнікавай антэнай і кампутара, злучанага з інтэрнэтам. Вось чаму, калі з ініцыятывы ды арганізацыйнага імпэту найперш Алеся Аркуша паўстала Таварыства вольных літаратараў, аснову якога склалі таленавітыя літаратары з розных перыферыйных абсягаў Беларусі, дык асабіста я быў надзвычай усцешаны гэтай вандэяй, вектар інтэлектуальна-эстэтычнага руху якой быў скіраваны супраць Мінску як латэнта рэпрэсіўнай дамінанты ўсяго правінцыйнага дыскурсу.
Што праўда, на фармальным узроўні літарацкі бунт беларускай правінцыі на пачатку быў скіраваны супраць СП (Саюза пісьменнікаў) і дэперсаналізаванай камандна-адміністратыўнай сістэмы, якую Мінск трансляваў на ўсю падлеглую яму прастору. Але трохі пазней ужо адкрыта было сфармулявана тое асноўнае, што неўпрыкмет прысутнічала заўсёды, хаця на штандарах рэгіянальных апазіцьянераў і не пазначалася. У гэтым сэнсе тэкст "Рэгіяналы пакідаюць сталіцу" можна лічыць самым яркім і найбольш канцэптуальным маніфестам Алеся Аркуша: "Рэгіяналы стаміліся глядзець у рот сталічным культурніцкім элітам і чакаць з цэнтру дапамогі й інструктажоў да дзеяння. Ні таго і ні гэтага Мінск ужо даць не здольны. Загнаныя ў кут, абяскроўленыя ў змаганнях за лусту хлеба, сталічныя эліты па завядзёнцы спрабуюць дэманстраваць сваю былую значнасць, але далей рытарычнай траскатні і маралізатарскіх павучанняў справа не йдзе".
Трохі пазней я паводле гэтай падзеі пісаў: "З майго гледзішча, ідэя «рэгіяналізацыі» - гэта шчаслівая ідэя, бо мае рэальную перспектыву, паколькі супадае з той структурнай пераарганізацыяй свету, якая адбываецца з пагляду на сітуацыю камунікатыўна адкрытай ва ўсе бакі прасторы, дзе ўжо губляюць хоць які ўцямныі сэнс такія элементы топасу, як «цэнтр», «перыферыя», «мяжа», «маргінальнасць»... I таму для гэтай ідэі неістотна, як доўга будзе існаваць Таварыства Вольных Літаратараў і ці хутка ў Алеся Аркуша ў мностве з’явяцца паслядоўнікі, кожны з якіх стане выбудоўваць сталіцу сусвету на тэрыторыі самога сябе... Неістотна - бо гэтак усё роўна будзе. І гісторыя персанальнага бунту Алеся Аркуша - толькі адно, але досыць яскравае сведчанне на карысць рэальнасці гэтай татальнай перамены".
Да сённяшняй крытыкі (уласнай) таго даўняга прагнозу я яшчэ звярнуся напрыканцы гаворкі. А пакуль пра канкрэтныя справы бунтоўнага "Князя Правінцыі".
Алесь нарадзіўся ў Жодзіне, скончыў Інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску, пабраўся шлюбам з таленавітай мастачкай і дызайнерам Тацянай (Козік), атабарыўся жыць у Полацку і нават напісаў тэкст для афіцыйнага гімна горада. Больш за тое, ён раз-пораз весела прагаворваў, што Полацку было б варта вярнуць статус сталіцы, які горад меў на першапачатку беларускай дзяржаўнасці. На карысць яго версіі сведчылі прозвішчы Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага, Сержука Сокалава-Воюша, Вінцэся Мудрова ды іншыіх, што былі выгадаваныя Полацкам і ў сучасным нацыянальным руху адыгрывалі заўважную ролю.
Жарты жартамі, але цалкам магчыма, што вялікая гістарычная спадчына горада нейкім чынам спрыяла мноству самых розных актуальных літаратурных ды і ўвогуле культурніцкіх імпрэзаў (не абмінаючы навуковыя канферэнцыі), што тады ладзіла ТВЛ у Полацку - маўляў, на месца культурніцкай сталіцы наш горад можа прэтэндаваць і зараз.