У гісторыі новай літаратурнай сітуацыі, што разгортвалася цягам 90-х гадоў з лішкам, імя Алеся Аркуша асацыявался з шэрагам канцэптуальных падзеяў. Як ужо казалася, перадусім з яго ініцыятывы было створана Таварыства вольных Літаратраў (сябры рады: Юры Гумянюк, Вінцэсь Мудроў, Ігар Сідарук, Юрась Пацюпа), выдавецтва "Полацкае ляда", літаратурны альманах "Ксеракс Беларус-кі", літаратурны часопіс "Калосьсе" (выдавец і галоўны рэдактар), бібліятэка "Калосьсе", штогадовая літаратурная прэмія "Гліняны Вялес" (ад 1993), якую я таксама калісьці меў гонар атрымаць. Дарэчы, яна і цяпер працягвае вялічыць свой пантэон...
На вялікі жаль, Вялес бадай адзінае, што засталося ад тых векапомных падзей таварыства, якое памкнулася таксама людзьмі звацца. Мне зусім не падабаецца гэты сказ. Толькі ў ім няма і каліўца кпіны, як і нічога іншага, акрамя вялікай скрухі. Бо з цягам часу не толькі ў Алеся Аркуша так сталася. Незлічоная безліч прыгожых і адважных парыванняў счэзла ў святле ўжо іншыіх дзён. Вялікія эпохі тым і палохаюць, што на іх месца заступаюць малыя эпохі. (Сёння нават ніякавата робіцца ад словаў некалі знакамітай максімы: "Напісанае застаецца".)
Якраз тут час звярнуцца да абяцанай крытыкі ўласных рэфлексій наконт жыццядайнага ўплыву татальнай глабалізацыі на лёс правінцыі. Ну так, камунікатыіўна адкрытая на ўсю зямную кулю прастора аднолькава задзіночыла сталіцу з правінцыяй у тым самым інфармацыйным сеціве. І цяпер няма розніцы, дзе ты сядзіш перад маніторам: у закутку глухога хутара ці ў мегаполісе на апошнім паверсе хмарачоса. Пагатоў экран манітора ўвесь свет для кожнага выраўняў у адзін памер.
Але на гэтым усе перамены і скончыліся. Цэнтры сілы дзе былі, там і засталіся. Колькасць энергій і энергетык, задзіночаная ў мегаканструктах, выпраменьвае такой моцы нябачнае святло, што мы, як матылі, ляцім і ляцім у той бок. Можна на нейкі час затуліцца адзінотай у правінцыі, як Андрусь Горват, але хто там паставіць спектакль па тваёй кнізе?
***
Ва ўсе гады я меў сантымент да Алеся і пэўна з гэтага адчуваў крыўду за пасіянарыя. Мне заўсёды здавалася, што яго шматлікія справы застаюцца недаацэненымі ці ацэненыя неадпаведна зробленаму. Можа, гэта помста сталіцы? - неяк падумалася з сумнай усмешкай.
Натуральна, рэч зусім не ў сталіцы. Тады ў чым? Не ведаю. Але пакуль рэфлексаваў, шукаючы адказу на ўласнае пытанне, нечакана натрапіў сярод сваіх архіваў на эсэ Алеся Аркуша "Кнульп", надрукаванае ў "Нашай Ніве" даўно - вельмі даўно, бо напісанае яно было з нагоды майго пяцідзесяцігоддзя. Гэта значыць, амаль дваццаць год таму.
Я пачаў чытаць забытае, і мяне ўмомант падхапіла хваля настальгіі. А калі вярнула ў сучаснасць, то я без развагаў перадрукаваў эсэ ў кнігу.
"Валянцін Акудовіч не падобны да звычайнага беларускага пісьменьніка.
Доўгі час для мяне гэты арыгінальны творца быў загадкаю. Мне падавалася, што ён іграе ў нейкую штучную філязофскую гульню пад назваю «Мяне няма». Часам ягоныя выказваньні раздражнялі, падаваліся несур’ёзнымі ці нават блюзьнерскімі. I толькі нядаўна я зразумеў, што Акудовіч - клясычны беларускі пострамантык. Заўважце, ён шукае адказы на традыдыйныя пытаньні: пра наканаваньне і прызначэньне чалавека, пра гуманізм, пра лёс нацыянальнай культуры, пра жыцьцё і сьмерць, пра грэх. Новыя адказы, адпаведныя новому часу.
Ягоны пэсымізм - ад пачуцьця адзіноты, якое абвастрылася напрыканцы стагодзьдзя і новым выпрабаваньнем завярэдзіла душу чалавеку. «Кожны побач - прыкрая недарэчнасьць». Пра гэта добра пісаў Герман Гесэ ў аповесьці «Кнульп» яшчэ ў 1915 годзе: «У кожнага чалавека свая душа, ёй немагчыма зьліцца ні зь якой іншай. Двое могуць сустрэць адзін аднаго, гаварыць адзін з адным і быць побач. Але душы іх, як дзьве кветкі, што вырасьлі паасобна, кожная са свайго кораня; яны ня здольныя зблізіцца...» Кнульп - чалавек, які «ўпарта адмаўляецца заняць сваё месца ў разважлівым сьвеце ашчадных гаспадароў» (С. Аверынцаў). Ён складаў цудоўныя вершы, але ніколі іх не занатоўваў, меў сотні сяброў, але не жадаў іх абцяжарваць, меў безьліч шанцаў зрабіць кар’еру і ўладкавацца ў жыцьці, але ўпарта выбіраў дарогу. Вандраваў ад гарадка да гарадка, сьпяваў песьні, жартаваў, разважаў пра жыцьцё і чалавечае прызначэньне. Перад сьмерцю Госпад паведаміў Кнульпу (прынамсі, так таму прытрызьнілася), што «ў імя маё ты вандраваў і абуджаў у аселых людзях трывожную тугу па свабодзе».