Наколькі я зразумеў з аповедаў новых пасяленцаў, першымі Каптаруны і блізкія да іх вёсачкі (закінутыя) адкрылі мінскія "зялёныя". Потым цэлы "маёнтак" выкупіла ў народнага мастака Літвы слынная праваабаронца Алена Танкачова. Здаецца, побач з ёй ужо быў знаны архітэктар Андрэй Каравацкі, які вырашыў адрэстаўраваць тут дом з часоў паўстання 1861 года. Неўзабаве паміж Аленай і Артурам набылі сабе дом выдавец Ігар Логінаў з жонкай, таленавітым доктарам філасофіі Тацянай Шчытцовай...
Але ўжо ж напэўна рэвалюцыйную ролю ў лёсе Каптарунаў адыграў менавіта Артур Клінаў. Яшчэ не паспеўшы добра асвойтацца ў вёсцы, ён зрабіў перапіс усіх навакольных дамоў, выстаўленых на продаж. На пытанне, навошта яму гэта патрэбна, з лёгкай ўсмешкай адказваў - тут будзе Рэспубліка Каптаруны. Народ моцна весяліўся з такіх словаў і пачынаў абмяркоўваць канстытуцыю новай рэспублікі ды шмат чаго яшчэ, толькі ніхто і думаць не думаў, быццам Артур мае наўвеце нешта сур’ёзнае.
Я таксама патрапіў пад агітацыйную кампанію першых перасяленцаў (Да-лу-чай-ся!), але не меў і самых малых грошай. Тады колькі піянераў вырашыла "скінуцца" хаўрусам на нейкую хацінку мне за трыста-пяцьсот долараў. Аднак да Мінска без машыны не набегается - лічы, 200 кіламетраў дарогі ў адсутнасці грамадскага транспарту...
Досыць хутка высветлілася, што Артур умее не толькі мроіць сонечныя гарады і маляваць на паперы дзіўныі свет. У яго аказаліся залатыя рукі і неверагоднае працалюбства. Ён надбудаваў над сваім домам другі паверх з верандай, а ў асобнай будыніне майстроўню, лазню і карчму. Да таго ж выкапаў азярцо на ўскрайку разложыстага панадворка.
Аднак самае галоўнае - ён перарабіў занядбаную даміну насупраць свайго падворка ў шыкоўны двухпавярховы гасцявы дом з усімі цывілізацыйнымі прыбамбасамі, бібліятэкай і карцінамі.
Дарэчы, гэта яшчэ не ўсё. Сам я пакуль не бачыў, толькі чуў, што Артур для жонкі-рэжысёра будуе невялікі тэатр, дзе будзе нават галёрка (хутка пабачу).
Цяпер я перакананы, што Горад Сонца - не паэтычная мроя. Артур напэўна рэалізаваў бы свой праект, каб жыў у іншым часе і пры іншай уладзе. А яшчэ лепей, каб сам меў гэтую ўладу. Зрэштыі, як кажуць рускія, праехалі...
Я не ведаю, як гэта сталася, толькі ўжо даўно Артур адмовіўся ад палітычнай канстанты што да лёсу Каптарунаў. (Магчыма, тут выявіўся культуралагічны ўплыў яго таленавітай жонкі Тані Арцімовіч?) Цяпер Каптаруны арт-вёска, дзе ўжо не адзін год запар ладзяцца міжнародныя літаратурныя фестывалі, культу-ралагічныя форумы, выставы, кінатрэнінгі і г.д.
Між іншыім, пакуль я пісаў гэтыя радкі, у паштовай скрыіні мяне ўжо чакала запрашэнне на сёлетні чацвёрты міжнародны форум у Каптарунах "Міжмор’е літаратур. Востраў, які ёсць".
P.S. Часам Артур Клінаў нагадвае мне таямнічага масона з прыгодніцкага рамана. Не гаваркі, абмінае тусоўкі, усе ягоныя праекты скіраваныя не на хцівую карысць, "а дзеля праўдзівай выгады абнаўлення грамадства" (з кодэкса масонаў).
Сапраўдны вольны муляр, у якога пад рукамі заўсёды цыркуль, кельма і малаток з зубілам... Цікава, як гэтымі мазолістымі рукамі ён упраўляецца яшчэ і з далікатнай асадкай, калі піша свае раманыі?
***
Андрэй Хадановіч неяк сказаў мне: што б я ні рабіў, чым бы ні займаўся, найперш я - паэт.
Хто б запярэчыў? Але для мяне ён у сваім цэлым нешта значна большае за паэта. Андрэй Хадановіч - падзея нашай культурніцкай сучаснасці. Менавіта таму мае хронікі ніяк не могуць без яго абысціся.
А што да паэзіі як такой, дык я пра яе шмат пісаў у агульным праекце ўкраінцаў і беларусаў "Зв’язокрозрив" / "Сувязьразрыў" (2006). Гэта ёмісты зборнік паэтаў (12 на 12) з паралельнымі перакладамі на беларускую і ўкраінскую мовы. Натуральна, завадатарам з беларускага боку быў Андрэй Хадановіч.
Дык вось, Андрэй запрапанаваў мне скласці прадмову для беларускага блока. Я пагадзіўся з умовай, што буду пісаць як думаю сам, а не як пішуць звычайна.
- Таму вам і прапаную, - запэўніў Андрэй.
Не залянуюся перадрукаваць пачатак таго, у арыгінале досыць вялікага эсэ, якое раней не меў магчымасці публічна прысвяціць Андрэю Хадановічу. Што і раблю зараз.
"Той, хто ўмее нешта рабіць, - робіць, а хто нічога не ўмее, - піша вершы. Суадносіны першых і другіх на нашай зямлі нескладана вылічыць, калі мы прыпомнім, што Беларусь традыцыйна называюць «краінай паэтаў». Вядома, якое там жыццё ў краіне, дзе няма ні бізнесоўцаў, ні эканамістаў, ні палітыкаў, а спрэс паэты... Але я тут не пра жыццё, а пра паэзію - іх нават у Беларусі атаясняць робіцца ўсё больш праблематычна. Прынамсі, «бізнес-план» песняра пачатку ХХ стагоддзя з цэлым народам гутарку весці на пачатку веку наступнага выклікае адно сарамлівы посмех. Хаця далей не прамінем згадкай, што ў сваю пару заданне класіка было амаль рэалізаванае, калі за камуністамі паэта прызначылі выконваць ролю атэістычнага дэміурга ўсяго секулярызаванага дыскурсу, калі толькі яму аднаму было дазволена зазіраць у катакомбы нябёсаў (дзе ў марудзе вечнасці спеляцца блакітныя эйдасы), каб пасля бадзёра апавядаць народу пра шолах моўчы...