Выбрать главу

Зрэшты, "Тутэйшыя" і не былі ўласна літарацкім згуртаваннем, у ім шмат заставалася ад "Майстроўні" і "Талакі" з іх культам нацыянальнай Беларусі, які дамінаваў над усімі канкрэтнымі формамі выяўлення гэтага культу. Таму не мастацкія артэфакты, а менавіта грамадска-палітычныя акцыі "Тутэйшых" перадусім набылі шырокі розгалас, выклікалі цікавасць і павагу шырокай публікі як на айчыне, так і ў замежных сродках мас-медыа.

Няма чаго і казаць, улада на ўсё гэта звярнула ўвагу і, не марудзячы, распрацавала захады дзеля разбурэння ўвогуле так і не сабраных у адно цэлае "Тутэйшых". Спехам быў арганізаваны прыём у "члены" Саюза беларускіх пісьменнікаў Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Максіма Клімковіча, што, натуральна, унесла дадатны разлад і ў да таго не лішне трывалую супольнасць. Хаця, пэўна, найбольш істотным у непрыкметным сыходзе "Тутэйшых" з вялікай публічнай сцэны было тое, што на гэтай сцэне з’явіліся новыя і больш яркія героі - шматлікія грамадскія аб’яднанні ды палітычныя партыі. Найперш - Беларускі Народны Фронт...

Але наастачу "Тутэйшыя" яшчэ паспелі грымнуць дзвярыма, ды так, што ўся краіна скаланулася. Натуральна, я маю на ўвазе арганізацыю святкавання "Дзядоў" у 1988 годзе.

Да гэтай падзеі мы неўзабаве вярнемся, а пра нашых герояў яшчэ толькі скажу, што яны неўпрыкмет разышліся рознымі шляхамі і кожны ў свой бок, пакінуўшы па сабе міф пра "Тутэйшых". Шчыра кажучы, яны і пры "жыцці" суполкі былі нічым яшчэ, акрамя як міфам, якога прагнула і праз гэтую сваю прагу само стварала раптам вызваленае ад доўгага таталітарнага калапсу беларускае грамадства.

***

Я да таго міфа не меў ніякага дачынення, паколькі, як і раней, заставаўся сам-насам у вартаўніцкіх катухах ці турысцкіх скляпеннях. Хаця з цікавасцю чытаў усё, што ўжо трохі дэмакратызаваная прэса пісала пра гэтых хлопцаў.

Між іншым, душою я таксама быў з імі і адразу б далучыўся дзейна, толькі ніхто не клікаў, а самому было сорамна напрошвацца. Таму калі мне патэлефанаваў Леанід Дранько-Майсюк і прапанаваў сустрэцца каля брамы Маскоўскіх могілак, дык я ўмомант пагадзіўся.

"Тутэйшыя" ужо неаднойчы (і годам раней) ладзілі святкаванне "Дзядоў", пэўна, таму Мінгарсавет задаволіў іх заяўку на ўшанаванне продкаў сярод помнікаў Маскоўскіх могілак. Як моцна ён пра гэта неўзабаве пашкадуе! Бо за прамінулы год палітычная сітуацыя ў СССР радыкальна змянілася. Забастоўкі, мітынгі, стыхійныя пратэсты ды розныя іншыя забурэнні не спыняючыся скаланалі неабсяжныя прасторы камуністычнай імперыі. А прыбалты ўжо нават паспелі стварыць "Народныя франты".

Відаць, за некалькі дзён да падзеі ўлады зразумелі, што на гэты раз збярэцца не звыклы хаўрус з некалькіх дзясяткаў нацыянальна заангажаваных маладзёнаў, а, пафасна кажучы, народ, і пачалі праз радыё, тэлевізію ды газеты запалохваць людзей.

Менавіта ў той дзень упершыню "паводле тэхнічных прычынаў" зачынілі метро (Маскоўскае). Магчыма, некага гэта і прыпалохала, але калі я выйшаў на праспект з сутарэнняў, дык абапал яго па ходніках шчыльным цугам цягнуліся і цягнуліся людзі. І, дзіва дзіўнае, спрэс чуліся беларускія словы...

Браму на могілкі наўмысна зачынілі. Шыхты міліцыянтаў і амапаўцаў з усіх бакоў сціскалі натоўп будучых "нацыяналістаў", каб людзі падушылі самі сябе. Было па-сапраўднаму страшна і карцела як-небудзь уцячы адсюль. Ад страху ды ненавісці народ выенчваў кагадзе дадзенае Алесем Адамовічам азначэнне Беларусі: Ван-дэ-я, Ван-дэ-я! (Зрэдзьчас гучала і больш зразумелае для ўсіх беларусаў: "Фа-шыс-ты, фа-шыс-ты!..) І тут скразняком пранеслася: цішэй, цішэй, Пазняк гаворыць... Тады я і папрасіў Леаніда Дранько-Майсюка залезці яму на плечы, каб пабачыць чалавека, які, толькі што вырваўшыся з міліцэйскага палону, не ўцёк дахаты, а дабрахоць вярнуўся ў самую гушчыню скрай небяспечных яму падзеяў...

У нейкі момант народ усё-ткі прарваў шчыльную аблогу раз’ятраных супрацівам праваахоўнікаў парадку. Пакуль мы з сябрам азіраліся на волі, ушчыльную прабег падлетак і паведаміў шэптам: "Ідзем на Курапаты".

Калона недзе з тысячы чалавек выцягнулася па прасёлку ўзбоч кальцавой дарогі, а на самой кальцавой сінхронна і роўнавяліка рухалася калона з машынаў, дзе былі і закратаваныя вязніцы на колах, і "вадамёты", і аўтобусы, бітма набітыя міліцыянтамі, амапаўцамі, вайскоўцамі.

Досыць хутка кіраўніцтва карнай аперацыяй канчаткова пераканалася, што людзі ідуць да Курапатаў. Тады механізаваная калона набрала хуткасць ды знікла, каб перагарадзіць дарогу "нефармалам" (пакуль яшчэ гэтак называлі будучых "бэнээфаўцаў" і нацыяналістаў) на падыходзе да месца схарону ахвяраў сталінскага тэрору... І тут Пазняк, акрамя мужнасці, прадэманстраваў і не абы-якія якасці стратэга. На першай выспе ён запыніў людзей, папрасіў сабрацца гуртам, апусціцца на кукішкі, каб было добра відаць выступоўцаў, і годна правесці мітынг.