І ўсім было кепска, ды скончыўся бой -
і хтось запяяў салаўём:
"Вось вораг, што прагнуў забіць нас з табой, -
давай мы яго заб’ём!"
І ўсіх паяднаў справядлівы парыў,
і помста біла хвастом...
А ён ім: "Вораг наш дом разбурыў,
давайце збудуем дом".
Казаў ім: "Калі не любіць цэлы свет,
не зможаш любіць і свой двор..."
Жыў доўга, ды неяк на досвітку дзед
пакрочыў у рай, бо памёр.
"Ты шмат памыляўся, - сказалі яму, -
ды ўсё-такі жыў, як след.
Ты варты, пакінуўшы цела-турму,
пяяць з намі Госпаду, дзед!"
А ён: "Я для спеваў занадта стары,
бо сёння на досвітку ўмёр.
Ваш хор салодка фальшывіць, сябры, -
давайце скасуем хор".
***
Ад пачатку гэтая кніга мне ўяўлялася як гісторыя дойлідаў, што, закасаўшы рукавы, расцерабілі глухое ляда, каб на вызваленым месцы ўзножыць Белую вежу беларускага мыслення. Такой яна і рабілася. Таму маімі героямі пераважна былі тыя, хто ствараў альманахі, часопісы, энцыклапедыі, выдавецтвы, адукацыйныя праекты, дыскусійныя клубы... І для мяне не мела асаблівага значэння, што пры гэтым яны яшчэ пішуць філасофскія тэксты, прозу, паэзію, эсэ, драматургію, крытыку.
Не - падманваю. Я моцна цешыўся з іх творчых набыткаў, калі яны пашыралі інтэлектуальны кантэкст, толькі не аўтары самі з сябе былі ў гэтай справе загалоўным чыннікам, а стваральнікі дыскурсаў. (Чытайце Мішэля Фуко.)
Аднак калі з дойлідамі я ўжо з большага ўправіўся, мне адкрылася жахлівая хіба маёй канцэпцыі - у ёй не было месца тым, хто і не збіраўся займацца дойлідствам як такім. Яны прагнулі ствараць толькі саміх сябе і бераглі адно ўласную свабоду. Але пры гэтым іх творчы эгаізм для агульнай справы часам апынаўся нават больш важкім, чым высілкі тых, хто не разгінаў спіны.
Я пачаў згадваць усіх гэтых збыт таленавітых лайдакоў і хутка пералякаўся. Мне і яшчэ аднаго жыцця не хопіць, каб пра кожнага з іх сказаць колькі добрых словаў. Дзеля гэтага трэба мець наперадзе вечнасць, як у Бога. А я ўсяго толькі чалавек, ды яшчэ з адным вокам.
***
Каб мацней адцеміць гэтую драматычную для мяне праблему, пачну дзеля выразнасці з гранічна эгацэнтрычнага Альгерда Бахарэвіча. Ён, як жолуд, увесь сам у самім сабе, нават калі, асыпаўшыся з вышыні, ляжыць покатам побач з іншымі.
Нейкі час Альгерд моцна сябраваў з Бум-Бам-Літам. Аднак нешта мне падказвала, што ён ужо тады не хацеў ні з кім сваім талентам дзяліцца.
У ягоным эсэ "Акудовіч. Балота. Дыскурс" ёсць наступны фрагмент:
"У 90-я Акудовіч быў першы літаратар старэйшага, значна старэйшага за маё пакаленьня, які раптам падтрымаў Бум-Бам-Літ. Тады ён ставіўся да мяне досыць скептычна, стрымана ўхваляў скандальныя вершы, друкаваў і іх, і прозу, і пры гэтым, напэўна, не чакаў занадта шмат. А я вось чакаў.
Памятаю, як Акудовіч дужа ўразіўся, калі я сказаў, што буду пісаць прозу. "Вы, Альгерд, хочаце быць як Шамякін?" - пацьвельваў ён. "Хачу!" - рашуча адказаў я аднойчы, і Акудовіч мне паверыў. Ён падтрымаў мяне, калі я зрабіўся эсэістам - і, думаю, не прагадаў".
Альгерд таксама не прагадаў. Ужо пасля першых традыцыйных аповесцяў яго заўважылі ў паасобку ад Бум-Бам-Літа. А пасля кніжкі "Ніякай літасці Валянціне Г." пра Альгерда, як кажуць у літарацкіх колах, загаварылі. Тады Анатоль Івашчанка (часопіс "Дзеяслоў") і прапанаваў мне напісаць пра яго.
Я адгукнуўся на прапанову...
"Пачну, як гэта ні дзіўна, з п’есы "Мізантроп". Не самая знакамітая з п’есаў Мальера, аднак мне яна найлепей запомнілася. І вось чаму. У маладыя гады я прагнуў любіць людзей - усіх! Калі заўгодна - тады гэты было першасным заданием маёй жыццядзейнасці, якое я пэўны час нават паспяхова выконваў. Але потым са мной нешта здарылася і людзі мне раптам абрыдзелі - усе ды разам. Я нікога не хацеў ні бачыць, ні чуць і ўвесь час думаў, куды б мне збегчы, каб нідзе нікога...
З гэтага свайго стану я добра такі жахаўся, бо ў тадышнім маім даўменні не любіць людзей агулам маглі толькі вычварэнцы. І я, нечакана для самога сябе, апынуўся адным з іх. Натуральна, мне было гідка...
На маё шчасце, якраз тады я чытаў п’есы Мальера і сярод іх - "Мізантроп". Галоўны герой быў адмоўным персанажам і таму не выклікаў асаблівых сімпатый. Але яго бязлітасная і бліскуча аргументаваная аналітыка чалавека як a priori заганнай істоты, што паводле азначэння (з гледзішча мізантропа) не падлягае любові, мяне неверагодна ўразіла і разам з тым суцешыла. Бо я ў адначассе зразумеў некалькі надзвычай істотных для сябе рэчаў: