а) мой стан не ёсць нейкай паталагічнай хібай, паколькі паходзіць з досыць пашыранай з’явы, якая мае нават легітымную назву - мізантропія;
б) чалавек немагчымы як чалавек без свайго цёмнага боку, дзе прытоеныя зламыснасць, хцівасць, нянавісць, здрада, сквапнасць і яшчэ безліч усякага такога, што a priori не можа ахоплівацца любоўю. З чаго атрымліваецца, што любіць усяго чалавека паводле азначэння нельга, а можна любіць толькі яго светлую перспектыву;
в) да таго ж любіць чалавека зусім і не абавязкова, бо не на любові чалавека да чалавека трымаецца свет (любоў яго толькі ўпрыгожвае), а на адказнасці кожнага з нас і перад другім чалавекам і перад быццём як такім.
Коратка кажучы, сваім "Мізантропам" Мальер досыць аператыўна вылечыў мяне ад мізантрапіі, і надалей падобных мітрэнгаў я ўжо ніколі не меў...
Перакінулася шмат год, перш чым я зноў узгадаў "Мізантропа" ды сваё выбаўленне ад заганы чалавекалюбства - і гэтая згадка была з’ініцыяваная прозай Альгерда Бахарэвіча. Дзеля ўласнага карыстання я яе адразу пазначыў як мізантрапічную, бо апісанне чалавека ў Альгерда Бахарэвіча было такім жа бязлітасным, як і ў героя Мальера. Але паколькі панятак "мізантропіі" ў грамадскай свядомасці беларусаў усё яшчэ поўніцца адмоўнымі канатацыямі, дык да гэтай пары я не выкарыстоўваў яго публічна. На тое ў мяне мелася як мінімум дзве грунтоўныя прычыны. Па-першае, Альгерд Бахарэвіч глыбока сімпатычны мне як чалавек, і я не хацеў, каб які зласлівец з маіх развагаў прычапіў яму мянушку "мізантроп". А па-другое, ужо з дэбюта Альгерда Бахарэвіча відавочнілася, што гэта не проста яшчэ адна кніжка, напісаная прозай, а сакральны акт нараджэння Празаіка. І таму было б зусім неабачліва яшчэ кволы парастак сакральнага публічна выпрабоўваць прафанным.
Да таго ж я тады яшчэ згадаў, што лічы кожны вялікі празаік, як мінімум, латэнтны мізантроп. Найлепшым сведчаннем таму агульнавядомы факт, што ва ўсёй сусветнай літаратуры адмоўныя героі эстэтычна куды больш яркія і псіхалагічна больш пераканаўчыя, чым станоўчыя. Бадай, пасля аўтара "Апакаліпсіса" самым вялікім мізантропам сярод пісьменнікаў быў Дантэ, з чаго мы і атрымалі геніяльнае "Пекла", куды ён паскідаў усіх ненавісных яму людзей ("Чысцец" і "Рай" у той жа "Боскай камедыі" не шмат чаго вартыя, раўнуючы з "Пеклам"). І нават такія па-чалавечы сімпатычныя героі, як Дон Кіхот ці Швейк, ёсць нічым іншым, як прыхаваным здзекам Сервантэса і Гашэка з лялечна абфарбаванага чалавека, якога грамадства прымушае нас любіць. Што ўжо тут казаць пра сучасную літаратуру. Згадаем хаця б Мішэля Уэльбэка, феномен папулярнасці якога цалкам абумоўлены татальна мізантрапічнай візіяй як кожнай людзіны паасобку, так і ўсяго сусвету агулам.
І яшчэ, хоць ужо трохі пра іншае. Неяк чытаючы Ніцшэ, я зразумеў адну простую рэч: творчасць - гэта найперш адвага. І калі я для себе як адну з верагодных перспектываў беларускай прозы звязваю з постаццю Альгерда Бахарэвіча, дык гэта перадусім таму, што ў Альгерда мужнае пісьмо, якое не палохаецца адваротнага (цёмнага) боку чалавека. Я аддаю належнае яго гнуткаму і пругкаму стылю, умельству "натуральнай афарбоўкі" псіхалагічных сітуацыяў, інтэлектуальнай насычанасці і да таго падобнаму. Але ўсё гэта толькі талент...
Між іншым, шмат хто лічыць, што для літаратара акрамя талента болей нічога і не трэба. Так, для шараговага пісьменніка дастаткова ўсяго толькі таленту, аднак маштабныя фігуры паўстаюць на зусім іншым подзе.
Ці ёсць у нашага героя маштабная перспектыва? Наперад такое ніхто напэўна не скажа. Але тое, што мізантрапічна мужнае пісьмо Альгерда Бахарэвіча не ведае літасці ні да наратара, ні да чытача, ні да, натуральна, "Валянціны Г.", дае падставы спадзявацца на нешта большае, чым мы атрымліваем звычайна...
Пакуль што самае слабое месца Альгерда Бахарэвіча - гэта, як раней любілі казаць, архітэктоніка ягоных твораў. За рэдкім выключэннем, у іх разбэрсаная структура і рыхлая кампазіцыя, лакальныя фрагменты і сітуацыйныя перыпетыі дамінуюць над цэлым, а дэталь нярэдка падпарадкоўвае сваёй прыхамаці вобраз. З усяго гэтага драматургія часта заблытваецца сама ў сабе і, каб злучыць у нешта супольнае канцы і пачаткі, аўтар змушаны рабіць штучныя захады (не абумоўленыя ўнутранай логікай аповеду).
Зрэшты, на ўвесь гэты структурна-фармалістычны вэрхал чытач, здаецца, не звяртае ўвагі. І, магчыма, мае рацыю".
***
Мой прагноз спраўдзіўся. Альгерд Бахарэвіч досыць хутка зрабіўся ці не самым знаным сучасным празаікам, хаця праблемы з «архітэктонікай» засталіся. Найбольш выразна гэта засведчыў яго як бы раман «Сабакі Еўропы» ў 900 старонак.