"Парыж зьніштажае вырадкаў. А яго самога зьніштажаюць філёзафы. У тым ліку - беларускія. За што яны яго так? Было б за што - і праўда зруйнавалі б. Але, на шчасьце, Парыж руйнуецца толькі ў галовах. Зрэшты, прасьцей зруйнаваць Эйфэлеву вежу, чым нешта крэпка заселае ў беларускай галаве.
Улетку 2004 году, у Дзень узяцьця Бастыліі, у Менску была прэзэнтаваная адна з самых знакамітых беларускіх кніг пачатку новага стагодзьдзя - "Разбурыць Парыж" Валянціна Акудовіча, самага паэтычнага беларускага філёзафа і самага правакатыўнага нашага мысьляра. Ад пачатку Валянціну Акудовічу прапаноўвалі назваць кніжку "Разбурыць Вільню" або "Разбурыць Маскву" (быццам гэта гучыць больш паліткарэктна!), але ён не пагадзіўся: калі я кажу Парыж - значыць, маю на ўвазе Парыж. І не памыліўся ў сваёй упартасьці: ні ад Вільні, ні ад Масквы не было б такога эфэкту. Дый гаворка ў эсэ зусім не пра горад. А пра каго і што?
Ды пра нас. Пра нашае сёньня і заўтра.
Мала якая з кніг, напісаных па-беларуску, здолела столькі зьмяніць і перакуліць у сьвядомасьці нацыянальна сьвядомых людзей.
"Разбурыць Парыж" - назва двух "няспраўджаных эсэ", як іх называе сам аўтар. У першым, "Беларусь як постмадэрновы праект Бога", Акудовіч Парыжу амаль не чапае, ён дасьледуе (мысьліць) ідэю Беларусі і дыскурс Беларусі - рэчы, на ягоны погляд, узаемавыключныя.
"Беларусь як дыскурс Беларусі i Беларусь як ідэя Беларусі - гэта дзьве канцэптуальна варожыя розьніцы, два рашуча несумесныя бачаньні як рэальнага, гэтак і а-рэальнага сьветаў.
Ідэя Беларусі - гэта звычайны плятонаўскі сымулякр, якім не пазначаецца нішто рэальна яўнае і які мае сэнс адно ў а-рэальнасьці, да таго ж толькі ў яе лёгацэнтрычным закутку...
Дыскурс Беларусі - гэта пэўны вымер вечна рухомага бытнага, які ахоплівае ўсе соцыякультурныя фэномэны, што могуць быць паасобку ці ў вязьме актуалізаваныя (вымкнутыя з сваёй лятэнтнай утоенасьці) хоць якой апрычонай сытуацыяй".
Дыскурс Беларусі нічым наперад не зададзены, апрача самой наяўнасьцю дыскурсу. Ідэя Беларусі - сума знакаў і сымбаляў. Акудовіч - фэнамэноляг і постмадэрніст, ён адпрэчвае лёгацэнтрызм (усе гэтыя помнікі беларускай ідэі, на якія нацыяналіст глядзіць, задраўшы ўгару галаву), сьвяшчэнныя герархіі зь іх вэртыкалямі ўлады. Дыскурс Беларусі - гэта вольнае ад сымулякраў беларускае балота, якое ня мае цэнтру, не абмежаванае берагамі, поўнае выспаў і выспачак (амаль янкамаўраўскіх - калі перачытваеш эсэ, успамінаеш палескіх рабінзонаў зь іх жабамі). Балота, на якім квітнее жыцьцё. Беларуская фэнамэналёгія Акудовіча цалкам народная - і тут першы намёк на тое, што Парыж трэба разбураць. Мы жывем, верачы ў эўрапейскія ідэалы, у ладныя, высокія, бронзавыя парыжы вялікай культуры, якія ўзносяцца да нябёсаў - і нам так хочацца ўзьнесьціся разам зь імі! Але - не бяруць... Чаму? У пошуках - але не адказу, а пратэкцыі! - можна прабавіць стагодзьдзе, а мо і два. А тут пад нагамі, сярод балотаў, свае фэномэны і свая культура - ня менш цікавая, каштоўная і самадастатковая.
"Чалавек глядзіць на малпу - а бачыць эвалюцыю, глядзіць на крыж - а бачыць Хрыста, глядзіць на серп і молат - а бачыць пралетарскую рэвалюцыю, глядзіць на Пазьняка - а бачыць апостала нацыі (ці фашыстоўскага калябаранта)...
Мы мераем тапаграфію рэальнасьці не яе ўласнай мерай, а маштабамі, напрацаванымі ў "прасторы" а-рэальнасьці. I калі ў рэальным бытным мы не знаходзім адпаведнасьцяў, зададзеных маштабам ідэальнага быцьця, то альбо кідаемся падганяць бытнае пад гэтыя маштабы, альбо гібеем у роспачы".
А як іначай? Як пазбавіцца ад Сымулякра, які "гіганцкім бяльмом засланіў нашыя вочы ад белага сьвету"? Што там, у белым і ясным сьвеце фэномэнаў, а ня знакаў і сымбаляў вялікай Ідэі? А вось што:
"Уласна, постмадэрн і быў пакліканы, каб вызваліць нашыя зрэнкі ад гэтага бяльма і наноў прызвычаіць вачыма не толькі глядзець, але і бачыць: у малпе бачыць жывую істоту, у крыжы - сьсечанае дрэва, у сярпе - вострае лязо, у Пазьняку - моцна пакрыўджанага цэнтрапалеглым лёсам і з гэтага злоснага на ўвесь сьвет беларуса... "
Гэта ўжо з другога "няспраўджанага эсэ", якое так і называецца "Разбурыць Парыж".
"...натуральна, што сонца гэтак скарэктаваных каштоўнасьцяў запынілася не над намі, а над Парыжам", - піша аўтар. - "А мы апынуліся ў яго глыбокім ценю, дзе марудна сноўдаемся зь вечна задранымі да асьвечанай гары бародамі, спатыкаемся на кожным кроку і паныла нэндзім: калі гэта "загляне сонца ў наша ваконца"?
Панылае нэндзаньне і праўда абрыдла. Абрыдла і ў літаратуры, і ў так званым рэальным жыцьці. Чаго-чаго, а яго хапіла і на мой век, і на твой, і на Акудовічаў. Хопіць. Не заглянула і не загляне. Бо тое, што лічылася сонцам - проста таршэр "Ікея". Дый нашто балоту шмат сонца? Волі яно не дадае. А волю, згодна з Акудовічам, немагчыма заваяваць. Вось уладу - можна. Але ўлада - гэта ўжо Парыж. Імпэрскі Парыж культуры, Сталіца сьвету. Акудовіч супраць.