Максім нарадзіўся рускім чалавекам у Менску і такім асталеў тут, але эстэтычнае выхаванне атрымаў на Брадвеі праз сусветна знакамітыя шлягеры і такога ж кшталту кінафільмы. І што дзіўна, дзесяцігоддзі актуальнай прысутнасці ў беларускім нацыянальным дыскурсе, здаецца, ані не змянілі яго базавыя пачаткі. Прыгадваю адзін момант. У тую пару, калі ўвабраўся ў паэтычную моц і масавую папулярнасць Андрэй Хадановіч, Максім у вялікую пахвалу публічна назваў яго "беларускім Пушкіным" (заўважым, не беларускім Букоўскім ці кім там яшчэ са знаных амерыканскіх паэтаў).
Гэтую канцэптуальна праблемную сітуацыю ў часе, месцы і культурнай прасторы Максім шчыра і глыбока адрэфлексаваў на самым пачатку сваёй адметнай і пакуль адзінай кнігі. "Белкульт между Вудстоком и Дажынками". Трохі працытую самае першае.
"Эта книга - стенограмма личных приключений автора в странной стране, которой оказалась родиной. Думать Беларусь получается только соразмерно причудам и парадоксам ее пути. Поэтому мысль движется поверх чужих концептов и вопреки импортным рецептам. Одиночество автора в шумовом потоке отечественных культурных процессов оказывается плодотворным. Оно создает необходимую для рефлексии дистанцию, а также позволяет опознать других одиночек, партизан Архипелага Беларусь. Мы никогда не будем в одном строю. Но вполне способны подтвердить свое существование, наладив перекличку из соседних окопов".
А далей я гэтаксама працытую яшчэ раз самы пачатак з сваёй кнігі "Прачнуцца ранкам у сваёй краіне" (такога самахвальства свет, здаецца, не бачыў).
"Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што ў цябе ёсць свая краіна! Пра нешта такое бадай кожнаму светла думаецца пасля вяртання з далёкага замежжа. Але ўсю кранальную пяшчоту гэтага здумлення можна адчуць адно тады, калі раней у цябе сваёй краіны не было.
Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага па сутнасці жыў нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто".
Я наўмысна супрацьпаставіў гэтыя два фрагменты, каб больш выразна адцеміць, што з гледзішча фундаментальных асноваў мы хоць і месціліся з Максімам у адной краіне, але ў абсалютна розных яе праекцыях. Я тут меў Бацькаўшчыну, а ён толькі апірышча дзеля парыванняў у бок ўласнай свабоды. Аб чым і яго наступныя словы: "Усё, што я рабіў у розных сферах, было шляхам да маёй свабоды". (У дужках заўважу: мне Радзіма даражэй за свабоду.)
Я асабіста магу пацвердзіць зусім не рытарычную праўду словаў Максіма пра яго шляхі да свабоды. І хаця жыццё інтэлектула ў постсавецкай Беларусі куды толькі ні штурхае, каб здабыць якісьці нішчымны грошык, Максім заўсёды трымаўся вышэй задэклараванай перспектывы. Прыкладам, апошніх некалькі год ён разам з жонкай Дар’яй Сітнікавай (выпускніцай ЕГУ) раз на тыдзень гандлюе адмысловым печывам з экзатычным начыннем. Дар’я гатуе яго на хатняй кухні, а потым яны разам прадаюць гэтую смакату на кірмашы. (Максім усмешліва распавядаў, як слупянеюць яго студэнты ці чытачы, калі раптам бачаць свайго куміра за такой арыгінальнай справай.)
Што праўда, тыпалагічна падобныя метамарфозы беларускіх інтэлектуалаў нас мала чым дзівяць, хіба што экзотыкай, як у выпадку Максіма з Дар’яй. Усякага такога было і застаецца шмат. Але цяпер мне чамусьці згадалася, як мы чарговым разам перавозілі мэблю, абсталяванне і біліятэку Беларускага калегіюма з адной кватэры на другую...
Уласна, сам пераезд нічым асабліва не розніўся ад хоць якога яшчэ. А вось людзі, якія ў поце і брудзе цягалі на высокі паверх усё, што ў такіх выпадках цягаюць, здаецца, вартыя ўвагі. Я тут трохі пералічу. Гэта Алесь Анціпенка, Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч, Сяргей Харэўскі, Зміцер Бартосік, Валянцін Акудовіч, яшчэ нехта... Ужо ж напэўна, шмат каму на Беларусі іх прозвішчы добра вядомыя. Але дайце мне веры, кожны з тут пералічаных быў бы заўважнай фігурай у хоць якой багатай культуры.
Да чаго я гэта згадваю? А да таго, што, цягаючы разам з усімі розную покладзь, я раз-пораз пасміхаўся пра сябе, бо раптам пачаў уяляць, што было б, каб, прыкладам, у Францыі сабраліся гурмой адметныя філосафы, культуролагі, мастацтвазнаўцы, музыкі і на сваіх плячах пачалі цягаць мэблю і бібліятэку з адной будыніну ў другую. Пра гэтую падзею потым пісалі б ва ўсіх падручніках па гісторыі культуры. А ў нас - класік літаратуры на градах летніка, вялікі мастак на бульбяным полі, знаны музыка ў катуху вартаўніка - гэта норма, звычаёвасць.
Хаця калі вы падумалі, што згадкай пра гэты эпізод я хацеў у чарговы раз папракнуць беларускую долю, то вы памыліліся.