Выбрать главу

Чырвонае сонца хілілася долу. 3 чыстага сіняга неба зрэдзьчас зляталі сняжынкі. Стаяла напятая цішыня. Свет знерухомеў, і ў гэтым нерухомым свеце на голай выспе прыселая сціжма людзей слухала Пазняка, які ўзвышаўся над усімі, як помнік самому сабе.

Мы быццам вярнуліся ў біблейную пару, - падумалася мне. - І гэта не Пазняк, а прарок Майсей заклікае народ Ізраіля пабрацца з мужнасцю...

Але хутка мне ўжо было не да біблейных аналогій, бо раптам здалёк пачуўся мерны тупат. Я азірнуўся - зверху на нас рухалася чорная сцяна (суцэльны чорны акрас карнікаў быў ад святла нізкага сонца насупраць). І тады мной апанавала відушча: у адначассе я зразумеў, што пакуль мы не раструшчым гэтую чорную сцяну ў друз і пыл, датуль не мецьмем людскага жыцця.

Сцяна наблізілася ўшчыльную і пачала ссоўваць народ з выспы. Пазняк заклікаў да спакою, аднак шмат хто запанікаваў і кінуўся бегчы ў бок падлеску наўзбоч кальцавой дарогі.

Яшчэ ніхто не дабег туды, як з кустоўя выскачылі вайскоўцы (і калі яны паспелі там схавацца?!) ды пачалі біць і валіць уцекачоў на падмерзлую глебу (жанчынаў таксама - на маіх вачах)...

Потым, калі супраціў уладам выявіцца сістэмна і ўцякаць ад амапаўскіх дубінак станецца гэтаксама звыкла, як хавацца ад залевы, той уласны страх і тое захапленне мужнасцю іншых будуць падавацца трохі наіўнымі... Але тое будзе потым, калі шмат чаго перайначыцца і ў самім часе, і ў кожным з нас.

***

Атрымаўшы месца ў "Культуры", я, дарослы мужык, не ведаў, як управіцца са сваім шчасцем. Відаць, залішне доўга заставаўся там, дзе мне не трэба было так доўга заставацца. Але не толькі... Тут маімі паплечнікамі па працы сталіся Кіркегар, Ніцшэ, Шпенглер, Ясперс, Эка, Гумілёў (старэйшы), Мамардашвілі... Трохі пазней было вырашана, што не добра пакідаць абок увагі беларускіх герояў. Тоесную рубрыку назваў: "Суплёт ідэяў". Надалей яна праз тыдзень чаргавалася з "Элітай", а я тым самым пашырыў кола сваіх памагатых выбітнымі асобамі з айчыннага кантэксту: Волан, Лышчынскі, Абдзіраловіч (Канчэўскі), Крукоўскі, Конан.

Між іншым, у "нагрузку", як тады казалі, мне было даручана весці невялічкую рубрыку "Галерэя". Гэта значыць, дзеля кожнага нумара я быў вінен прэзентаваць адну карціну сучаснага мастака і да таго ж мусіў напісаць пра яе невялічкае эсэ.

Вось дзе было страху! Я, лічы, ніколі не наведваў мастацкія галерэі і нават не чытаў рэцэнзіі мастацтвазнаўцаў. Шчыра прызнаўся пра сваё невуцтва галоўнаму рэдактару, каб мне змянілі гэтую павіннасць на на якую іншую. Вольга Іпатава паглядзела на мяне здзіўлена і, пасміхнуўшыся, сказала: "Яшчэ чаго прыдумалі. Як заманецца, так і пішыце". Гэткім смешным чынам я зрабіўся яшчэ і мастацтвазнаўцам.

Згаданы анекдот не мае ніякага дачынення адносна той справы, якую тут спрабую агораць. Але паколькі ён ужо вытыркнуўся, то я пераніцую сюды адзін з тых як бы мастацтвазнаўчых эсэйчыкаў (паводле карціны "Прарок" Гаўрылы Вашчанкі). Да таго ж ён, здаецца, карэлюецца з агульным месіджам кнігі.

"Ісус, хай выбачаюць мне вернікі, не быў вялікім інтэлектуалам. Адсюль яго нелюбоў да фарысеяў і кніжнікаў. Зрэшты, моца прарокаў не ў адукаванасці і магуце розуму, бо ісціну яны спазнаюць сэрцам, а выказваюць зацятасцю... Таму ўкрыжаваны Ісус яшчэ мог лямантаваць: "Ілі, Ілі! Лема савахвані?" ("Божа мой! Божа мой! Чаму ты мяне пакінуў?")

Прарок мастака Вашчанкі - маўчыць. Яму няма да каго звяртацца ні з дакорам, ні з надзеяй. Ён a priori інтэлектуал, таму сам усё ведае: і тое, што было, і тое, што не адбудзецца. З гэтага ў ягоных вачах такі невымоўны адчай.

Ён запаліў агонь змагання. Полымя шугае па ўсім абшары, рудое, як закарэлая кроў, полымя. Нарэшце тое мёртвае, што ён клікаў рушыць, знішчанае. І вось настаў момант, калі трэба весці людзей ад пякельнага агню некуды яшчэ.

А весці няма куды. Бо ён напералік ведае няздзейсненыя прароцтвы ўсіх тысячагоддзяў і з гэтага пакутліва ўсведамляе, што ані на зямлі, ані на нябёсах няма той абетаванай будучыні, да якой кіравалі яго папярэднікі.

Туга. Роспач. Адчай.

Божа мой! Божа мой! Чаму ты яго пакінуў?"

***

Газета "Культура" пабачыла свет напрыканцы 1991 года. Толькі яе з’яўленне не сталася падзеяй у беларускай культуры. Разам з тым нават сам факт таго, што дзяржаўнае выданне ад свайго пачатку было радыкальна адраджэнскім, безумоўна, мела вялізнае значэнне - прынамсі для тысяч і тысяч работнікаў, якія працавалі ў гэтай сферы. Але найперш дзеля функцыянераў самага рознага маштабу, ад якіх тады найперш і залежаў лёс беларушчыны.