Пазнаёміліся. Ігар быў з Гародні, вучыўся на філосафа ў БДУ, а пазней працаваў у ЕГУ (выдавецкі аддзел), скуль пазней сышоў, калі зразумеў, што не адчувае аніякай хэнці працаваць на кагосьці яшчэ, акрамя як на самога сябе.
У гэтым няма дзіва. Хутаранская культура ўсё яшчэ дрэмле ў сэрцах многіх беларусаў, асабліва з захаду краіны. Больш складана патлумачыць чаму апантаны рускамоўны кніжнік і таленавіты ад прыроды бізнесовец выбраў сабе ў справу беларускую літаратуру, на якой ніхто і ніколі не змог зарабіць поўную кішэню грошай, бо такое a priori немагчыма. Да таго ж ён і не надта любіў беларускую літаратуру, прынамсі савецкую.
Відаць, рэч у тым, што Ігар акрамя ўсяго іншага яшчэ рамантык і авантурыст. Даўно перанасычаная руская літаратура ў эпоху злому ўсіх ранейшых парадыгмаў перастала яму смакаваць (ягоныя словы). Як на тое якраз у гэтыя гады Ігара пазнаёмілі з творчасцю Бум-Бам-Літа - ён быў моцна ўражаны. Перад ім адкрылася Беларусь як нейкая касмаганічная Чорная дзірка - жахлівая і адначасна "манящая".
Тады ён і вырашыў, што яму трэба дапамагчы гэтым маладым хлопцам і дзяўчатам, ды пачаў выдаваць кніжыцы Вішнёва, Сіна, Барысевіча, Гапеевай, Бахарэвіча. Трохі пазней да іх далучыліся Міцкевіч, Морт, Джэці, Жыбуль...
Бунтоўная літаратура моладзі шмат крытыкавалася і нават аблайвалася, толькі Ігар Логвінаў быў не толькі рамантыкам, але і відушчым бізнесоўцам. Ён не столькі зважаў на тое, што ёсць, - колькі пралічваў тое, што будзе. Таму досыць хутка яго выдавецтва, а затым і кнігарня зрабіліся культавымі.
Цяпер друкавацца ў Логвінава ўжо лічылася за гонар. Хаця больш істотнае іншае. Фактам сваіх выдавецкіх інавацыяў Логвінаў паставіў пад сумнеў базавую канфігурацыю ўсяго былога літаратурнага працэсу...
Аднак тут мушу трохі адступіцца. Бачыце, калі напрыканцы 80-х мы пачалі ўзносіць рыштаванні сучаснага беларускага мыслення, то не лішне звярталі ўвагу на чым тыя рыштаванні будуць трымацца? Найвышэйшай мэтай тады бачылася стварэнне часопіса, і мы асабліва не задумляліся, хто той незалежны філасофскі часопіс будзе друкаваць, як і ўсю астатнюю сэнсавую і сэнсоўную літаратуру.
Прасцей кажучы, праблема выдавецтваў нікому не была да галавы. Тым болей выдавецтваў, якія б былі не проста незалежнымі ад дзяржавы, але і інавацыйнымі ў сваёй сутве. А вось Ігар Логвінаў і думаў, і дбаў пра гэта. Таму менавіта ён стварыў першае ў Беларусі выдавецтва як Падворак для філосафаў, інтэлектуалаў, мадэрністых і постмадэрністых літаратараў, якія агульным суплётам і прэзентавалі Новы час.
Быў у гэтай падзеі яшчэ адзін надзвычайны істотны момант. Кнігарня "Логвінаў" (разам з выдавецтвам) на ўсе вочы прадэманставала, што пара саюзаў пісьменнікаў як завадатараў літарацкага жыцця прамінула. Далей загалоўная роля ў гэтым працэсе кладзецца на прыватныя выдавецтвы (пра што сведчыць і ўвесь еўрапейскі досвед).
***
Ігар публічна дэманстраваў сваю апалітычнасць. Калі мы клікалі яго на шэсце ці мітынг, ён заўсёды казаў адно і тое самае: "Я бізнесовец, а не палітык. Гэта вы галыцьба, а мне трэба берагчы свой бізнес".
У пару татальных рэпрэсій ягоная аргументацыя выглядала цалкам слушна. Таму ніхто з нас на яго і не наракаў, нават калі трымаў у галаве папулярны сілагізм супраціву: калі ты не ідзеш у палітыку, дык яна прыходзіць да цябе сама.
Прыйшла і да Ігара.
Выдавецтва рабілася ўсё больш значнай (і важкай) падзеяй у культурным жыцці краіны. Яно вольна дыхала і мысліла метафізікай свабоды. Зразумела, гэта турбавала ўладу, першай справай якой было зацугляць усё, што не адпавядае яе канонам.
Падставу, каб скасаваць выдавецтва, міністры шукалі доўга, а не знайшоўшы - банальна змахлявалі. Суд над выдавецтвам быў вычварэнствам, а вырак па-бандыцку жорсткім, здаецца недзе - 960 тысяч рублёў.
Такіх грошай ў беларускага выдаўца паводле азначэння не бывае, і цяпер чынавенства магло спаць спакойна. Але, як кажуць у такіх выпадках, яно не ведала Ігара Логвінава. Ён звярнуўся па дапамогу да сваіх чытачоў і проста неабыякавых да гвалту людзей і арганізацый, як у Беларусі, так і за мяжой.
І здарыўся цуд! Нічога падобнага ў нас і блізу ніколі не было. За два месяцы патрэбныя грошы былі сабраныя.
Болей за тое. Праз нейкі час Ігар Логвінаў атрымаў прыз Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў, які з 2005 года ўручаецца персоне ці арганізацыі "за ўзорную мужнасць у адстойванні свабоды выказвання і свабоды друку".