Выбрать главу

Вышэй я зусім невыпадкова працытаваў Ніцшэ, які паводле маці паходзіў з «польскага» (як ён сам сцвярджаў) рода Ніцкі. Але няхай «польскі род» Ніцшэ нас лішне не бянтэжыць, бо ў тую пару кожны, хто нейкім чынам быў завязаны на Рэч Паспалітую, лічыў сябе палякам, і таму адметны паэт Алег Мінкін, узяўшы псеўданім Хведара Ніцкі, магчыма, і не шмат памыліўся, стварыўшы алюзію паходжання Ніцшэ з беларускіх прастораў.

Беларускасць Фёдара Дастаеўскага, здаецца, няма патрэбы даводзіць, як і яго прыналежнасць да вялікіх нігілістаў - за гэта найлепей сведчыць створаны ім цэлы шэраг метанігілістычных персанажаў (Стаўрогін, Іван Карамазаў, Кірылаў, Нячаеў, Смердзякоў...). А ёсць жа яшчэ Казімір Малевіч з яго дамінантным для мастацтва ўсяго дваццатага стагоддзя «Чорным квадратам», Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) з «ліючайся формай» і канцавым слоганам «творачы зруйнуем», дамок 1-га зьезда РСДРП, скуль разгарнулася на ўсю зямную кулю Вялікая Рэвалюцыя, Чарнобыль, катэдж у Віскулях, дзе быў пастаўлены крыж на апошняй у свеце Імперыі... Урэшце, усяго тут не пералічыш, але каб не выглядаць залішне сціплымі, не прамінем «мяне няма» В. Акудовіча і часопіс «піЬіІ»...

Дык ці не з’яўляецца ўся гісторыя прасторы Беларусі перманентным адмаўленнем усялякага Ёсць, своеасаблівай лабараторыяй і адначасна палігонам еўрапейскага нігілізму і ці не варта было б нам перагледзець сваю гісторыю ў мінусавым злічэнні, у злічэнні стратаў, паразаў, нігілістычных рушэнняў і канвенцыяў? Можа, калі-небудзь мы напішам такую гісторыю, каб прасачыць генезу нашага шляху да явы Няма, і тады ўвачавідкі пераканаемся, які гэта быў вялікі і плённы шлях і ў якім адметным топасе ён адбываўся (пра што трапна выславіўся Ігар Бабкоў: «Беларусь - гэта прастора анталагічнага непакою»).

"nihil": Вы згадалі прозвішча Абдзіраловіча, з якім сёння часта звязваюць вытокі сучаснага беларускага мыслення. Ці з’яўляецца Ігнат Абдзіраловіч для вас папярэднікам, кропкай адліку ўласнага руху?

- Ігнат Абдзіраловіч - скраень рэтраспектывы сучаснага нацыянальнага мыслення. Далей углыб мы можам казаць ужо толькі пра беларускае мысленне ці проста мысленне, якое адбывалася ў прасторы, што пазней атрымала назву беларускай. Дык вось, у модусе нацыянальна заангажаванага, беларускамоўнага мыслення Ігнату Абдзіраловічу з яго бліскучым лірыка-філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» наканавана для ўсіх ягоных наступнікаў заставацца «кропкай адліку», хаця мой уласны метафізічны светагляд складваўся без удзелу гэтага знакавага для беларусаў тэксту, прынамсі, без яго непасрэднага ўдзелу. Але з цягам гадоў я ўсё болей пачынаю цаніць ягоны геніяльны аксюмарон - «ліючаяся форма». У ім такі магутны патэнцыял, столькі разнастайных магчымасцяў (у самых супярэчлівых ракурсах) для нігілістычнага беларускага мыслення! Дарэчы, калі б я быў уладаром краіны Няма, дык за герб узяў бы «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча, за дэвіз - словы Ігната Абдзіраловіча «творачы зруйнуем», а за ідэалогію - ягоную ж «ліючуюся форму». У прасторы Ёсць, бадай, ні праз што нельга бліжэй наблізіцца да Няма, чым праз «ліючуюся форму», гэта значыць праз тое, што прысутнічае ў сваёй адсутнасці і адсутнічае ў сваёй прысутнасці. Ды і сама Беларусь, як і ўвесь беларускі шлях, найбольш адэкватна апісваецца гэтай формулай - ліючаяся форма...

P.S. Міне шмат год, і аднойчы Міхась Баярын, як бы ў працяг нашай гаворкі, напіша:

"Часткай культуры з’яўляюцца запаветы - узоры будучыні. Айцы-пачынальнікі беларускага праекту ўяўлялі сабе розныя вобразы Беларусі. І калі накласці іх як трафарэты на сучаснасць, можна ўбачыць, што яны збольшага завершаныя, мэты дасягнутыя.

Гэта значыць, што беларускі час завяршаецца і патрабуе ўзнаўлення. Калі ж скончыцца эмоцыя самасці, з якой паўставаў беларускі праект, нас чакае нармалізацыя, еўрапейскі стандарт. І няма, мабыць, большага здзеку з еўрапейскай першаснасці і самасці, чым гэтая самакаланізацыя.

Нам належыць узнавіць беларускі час. Перастварыць мову, пераўявіць краіну. І тады мы ўзгадваем пра яшчэ адзін узор Беларусі, які здаваўся раней нямысным і немагчымым. Запавет ліючайся формы Ігната Абдзіраловіча - гэта ідэя, вартая быць марай нашага тысячагоддзя".

***

Здаецца, гэта было пасля выхаду трэцяга нумара часопіса "nihil’.

Сустрэўшыся, Міхась сказаў, што пакідае часопіс.