Выбрать главу

А вось ужо сапраўднай падзеяй беларускай культуры зрабіўся тыднёвік "Наша Ніва", які распачаўся ў тым жа 1991 годзе, адно трохі раней. Хаця фармальна Сяргей Дубавец толькі аднавіў славутую "Нашу Ніву" Аляксандра Уласава, распачатую яшчэ ў далёкім 1906 годзе, але насамрэч гэта было цалкам іншае выданне. Супермадэрновае, з арыгінальнай вёрсткай, нязвыклай разбіўкай на абзацы, нечаканымі назвамі рубрык... Зрэшты, усе мастацкія ды тэхнічныя інавацыі не пералічыць. Ды і няма ў гэтым патрэбы, паколькі галоўная навіна была ў тым пра што і як пісалі аўтары тыднёвіка. А яны пісалі праўду, якой мы тады не ведалі, і пісалі мовай, якой мы яшчэ не чулі. Хіба адзін я з артыкулам "Камунізм без берагоў" не патрапляў у гэтае інавацыйнае сугучча. Што і не дзіва...

Я накідаў свой з’едліва-крытычны тэкст для часопіса "Нёман", абсалютна ясна ўсведамляючы, што яго там не надрукуюць. Дык чаго тады час марнаваў? А халера яго ведае. Такое са мной здаралася. Скажам, трохі раней на прапанову маскоўскай "Литературной газеты" распавесці пра гісторыю Беларусі і яе актуальную сучаснасць я такога ім нагаварыў... Згадаў усе войны нашых продкаў з маскоўцамі, спаленыя вёскі і пабураныя гарады, тысячы захопленых у палон і вывезеных у Масковію адмысловых рамеснікаў... А наконт сучаснасці прыдумаў, што цяпер мы толькі і марым пра Беларусь ад Балтыкі да Урала. Не трэба быць асабліва відушчым, каб здагадацца, што прачытаўшы адно некалькі старонак майго рукапісу, у рэдакцыі "Литературной газеты" толькі і сказалі: "Сволочь, ёп. т. м.".

Натуральна, у "Нёмане" сказалі інакш, але гэтаксама чакана: маўляў, яшчэ не наспеў час дзеля такіх тэкстаў. Ясны пень, сказалі не падумаўшы, бо час, прынамсі тэмпаральны, у кожнага розны. Навідавоку быў прыклад Сяргея Дубаўца, які тады працаваў у аддзеле крытыкі "Нёмана" і акрамя прафесійных абавязкаў рыхтаваў першы нумар "Нашай Нівы". Ён там і перахапіў маё творыва ды ўласнаруч пераклаў тэкст з рускай мовы на беларускую (авохці мне, - тарашкевіцай).

***

Да гэтай пары ганаруся, што нечакана знайшоў сябе ў сціжме аўтараў першага нумара "Нашай Нівы", а як прыгадаю той выпадак на людзях, дык з вясёлым прысмехам яшчэ заакцэнтую - зважайце, пераклаў мой артыкул сам Дубавец.

Асабіста для мяне (ды, пэўна, і не для мяне аднаго) у першай палове дзевяностых фігура Сяргея Дубаўца была сувымернай з фігурай Зянона Пазняка, а "Наша Ніва" - з Беларускім Народным Фронтам. Зразумела, гэта былі абсалютна рознамаштабныя падзеі. Зянон Пазняк з нацыянальным рухам раскатурхаў усё беларускае грамадства, у той час як "Наша Ніва" Сяргея Дубаўца мела наклад у нейкія 5-7 тысяч асобнікаў.

Дык скуль тады сувымернасць?

У аўтарскай анатацыі да свайго артыкула "Героі й ахвяры" Сяргей Дубавец кажа: "Пачынаючы тэму мінулай вайны, я сапраўды пачынаю. Не працягваю..." Дык вось, праз "Нашу Ніву" для чуйнага чытача ўсё сапраўднае толькі пачыналася - тут, на гэтых старонках. А тое, што было раней, яно, канечне, было, толькі цяпер выглядала нейкім іншым, не зусім сапраўдным, ці што? А мо і непатрэбным увогуле.

Згадваецца біблейнае: Свет яшчэ толькі пачынаўся... I што магло быць важнейшым?

Гэтак па-першае. А па-другое , ці амаль не кожны з таго дзясятка тысяч чытачоў праз задзіночанне вакол "Нашай Нівы" адчуў сябе далучаным ужо менавіта да беларускай нацыянальнай эліты. I не з тых шматлікіх тысяч, што БНФ раз-пораз выводзіў на шэсці ды мітынгі, а з аўтараў і чытачоў "Нашай Нівы" паўстане магутная і трывалая прага тоеснай самой сабе беларускай культуры. 3 гэтай жыццядайнай прагі і сфармуецца тое, што мы пазней станем называць незалежнай культурай Беларусі.

Незалежная культура Беларусі - унікальны феномен. Насуперак уладам у яе прасторы былі створаныя шматлікія адукацыйныя, навуковыя, аналітычныя ды іншыя інстытуцыі, якія плённа працуюць ужо шмат год. Сюды ж далучым шэраг газет, часопісаў, альманахаў, выдавецтваў, асветніцкіх, літаратурных, інтэлектуальных ды іншых суполак, адно пералік якіх зойме невядома колькі месца.

Менавіта тут упершыню паўстала і досыць ярка сябе праявіла беларускае нацыянальнае мысленне ўжо менавіта як мысленне.

Вельмі адметнай падзеяй станецца даафармленне (пераафармленне) нацыянальнай гістарыяграфіі, якая канцэптуальна перайначыла ўяўленне беларусаў пра іх уласнае мінулае.