"На вайне альбо гінуць, альбо выжываюць. Гэтак і з абсурдам: ім даводзіцца дыхаць, зазнаваць ягоныя ўрокі і ўцялесніваць іх. У гэты сэнсе творчасць ёсць найвышэйшай радасцю абсурду".
Інакш кажучы, у свеце, які ўжо не мае Вярхоўнага паганятага, адзіным гаспадаром застаецца творца - сам-насам. 3 гэтага яму і няма вялікай патрэбы ведаць, скуль і дзеля чаго паўстаў гэты абсурдны без пачатку ды краеня свет? Істотна толькі адно: тут у кожнага ёсць магчымасць здзейсніцца ў творчым парыванні і тым самым з нечага стварыць нешта.
Абсурдная ў сваіх пачатках воля да жыцця ўсяго падстава волі дзеля творчасці. Яшчэ нічога не створана, яшчэ ўсё толькі гліна, пакуль ты сам не возьмеш яе колькі схопіш і не злепіш свой сусвет, у выяве якога прычына цябе будзе ягоным сэнсам і сутвай.
Быццё - гэта абсурд і творчасць. І нічога болей. Нідзе. Ніколі.
"Працаваць і тварыць ні для чаго, узяць з нічога, ведаць, што ў створанага табой няма будучыні, бачыць, як у адзін цудоўны дзень яно будзе разбураным, і ўсведамляць пры тым, што, па сутнасці, гэта таксама не істотна, як і будаваць на стагоддзі, - вось цяжкая мудрасць, якую ўхваляе абсурдная думка".
Філасофія абсурда - гэта філасофія вяршыні, дзе ўжо нічога болей няма, акрамя таго, што ўжо ёсць.
Я нарадзіўся і асталеў на вяршыні ў паўзе страты ўсіх сэнсаў. Аднойчы ў сне я бачыў, як Сізіф падымаецца па схіле гары. Я ведаў, што неўзабаве ён будзе вяртацца, і, калеючы ад нерухомасці на могільніку сэнсаў, зайздросціў: Сізіф шчаслівы!
Пракляцце таго, хто абраны вяршыняй, - яму няма куды рухацца далей.
***
Немагчыма нічога стварыць, каб стварыць назаўжды. Здаецца, упершыню гэтая наіўная максіма самахоць склалася ў мяне яшчэ ў маладыя гады падчас чытання Эклезіяста.
Потым я мноства разоў сустракаўся з нечым падобным у розных кнігах ды кантэкстах і таму неўпрыкмет прызвычаіўся жыць з гэтай развагай як з метафізікай штодзённасці. Аднак неаднойчы панылая вярэда спахоплівалася, і я зноў пакутліва разважаў, чаму гэта чалавек, які нараджаецца, жыве і памірае, зусім не думае, як некалі памрэ (абнуліцца) і ўвесь гэты свет, дзе ён нарадзіўся, жыў і памёр.
Сёння я ўжо ведаю, што раней адказу на гэтае запытанне не было паводле азначэння. І таму пакрысе чалавек увогуле перастаў сабе тлуміць галаву на гэты конт.
Трэба было дачакацца нашай эпохі, каб зноў прачнулася тая адвечная вярэда, аднак з вынікам ужо ў адвартнай рэтраспектыве. А менавіта: Свет нікуды не падзенецца, але застанецца без чалавека...
Больш за тое, будучыня ўжо сёння перастала належыць чалавеку. Яе наступную кампазіцыю цяпер стварае Нешта іншае, і пакуль не зусім зразумела, дзеля каго і чаго. Можа, і ні для каго, і не для чаго. А проста так - дзеля механічнага варушэння тэхнічных каструктаў у блізкіх і далёкіх сузор’ях.
Карацей, у будучым чалавеку наўрад ці знойдзецца месца ў ролі чалавека.
***
Усе папярэднія цывілізацыі былі ўшчыльную звязаныя са словам і з усіх бакоў атуленыя словам. Усё зробленае і ўбачанае чалавекам перакладалася ім на словы і вытлумачалася словамі.
Біблейнай мовай кажучы, "...Слова было Бог". (Геніяльна дакладная максіма!)
І раптам здарылася нешта неверагоднае. Як Піліп з канапель наперад Слова выскачыла Лічба ды запанавала, што тая саранча, якая на нашых вачах нішчыць усё зяленіва жыцця.
Цяпер менавіта Лічба становіцца абсалютнай дамінацыяй ужо іншай, і не зусім чалавечай, цывілізацыі. Але ж гэта яшчэ толькі пачатак пачаткаў. Ну хто раней мог падумаць, што некалі бацькі нават блізу не змогуць уявіць, у якім свеце будуць жыць іхнія дзеці, а тым болей унукі?!
Карацей, мы з вамі прысутнічаем пры фармаванні цалкам Новай эры, радыкальна адрознай ад усяго таго, што было вядома раней. І галоўнае ў гэтай навіне тое, што ранейшы чалавек цяпер выглядае не надта патрэбным наскрозь аблічбаванаму свету. (Калі толькі не становіцца прыдаткам Лічбы, як раб станавіўся прыдаткам свайго гаспадара.) І гэта ўсяго пачатак. Але з яго ўжо вынікае, што чалавек незаўважна апынаецца спінай да будучыні. Назаўжды.
- Як так?
- Рэч у тым, што гэта ж ужо будзе не наша, не чалавечая будучыня.
- Дык які сэнс існавання ў бясконцай таўталогіі мінулага, стоячы спінай да будучыні?
- Мінулае чалавека не толькі магічна прыўкраснае, яно большае за хоць якую вечнасць. Мы залішне спяшаліся, прамінаючы яго ў пагоні за будучым. Цяпер, апынуўшыся без апошняга, можна без спеху і дасхочу наглядзецца на тое, што мы не паспелі ўбачыць і прадумаць раней.