Выбрать главу

Зразумела, неяк людства прыстасуецца і да новых, скрозь тэхналагічных, абставінаў, толькі ўжо ніхто пра яго не скажа: "Чалавек - гэта гучыць годна". Таму далей чалавеку нічога не застанецца, акрамя таго, што ён стварыў і назапасіў раней - ва ўсе свае гераічныя эпохі.

Зрэшты, хай тады кожны вырашае сам, як яму быць? Я вось ужо цяпер на палімпсэсце пракаветнага лёсу беларусаў пераказаў інтэлектуальную гісторыю нашай сучаснасці. Таму разварот і працяг думання ў бок мінуўшчыны мяне задаволіць цалкам, каб не шкадаваць пра страту варожай усяму жывому будучыні.

***

Між іншым, праца над кнігай доўжылася больш як два гады, і з яе я набраўся радасці на ўвесь свой астатні век. Бо кожны дзень і кожную бяссонную ноч жыў у абдымках з неверагодна таленавітымі людзьмі.

Не жыццё, а нейкія райскія «кущи».

Разам з тым, якраз з гэткай радасці канчаткова сфармавалася маё разумение таго ўсеабдымнага драматызму, у які на нашых вачах сплывае чалавецтва.

Але з гэтага разумения я не маю і малейшай хэнці, каб завершыць сваю працу глабальным песімізмам. Бо нават калі аднойчы чалавечы Свет і сапраўды ляснецца даастачы, то гэта зусім не падстава румзаць сёння.

Таму мяне цешыць, што засталося колькі нявыказаных словаў пра той час, калі яшчэ былі жывымі ўсе героі маёй будучай кнігі, аб якой я калісьці раней і думаць не думаў.

Зразумела, усе яны былі таленавітымі, хаця як асобы моцна рознымі. Раней я пісаў ужо, што Бог не такі шчодры, каб аднаму чалавеку даваць і шмат творчага таленту, і таленту чалавека. Якраз з браку апошняга часам здараліся розныя прыкрасці, і гэта мяне моцна засмучала. Але ў глабальным кантэксце тых справаў, што мы разам тады спраўджвалі, гэтыя прыкрасці выглядалі драбязой.

Здаралася, у вольную хвіліну я з інфернальнай трывогай думаў, што ўсіх гэтых любых мне чалавекаў у мяне магло і не быць (з самых розных падставаў, ад глабальных да персанальных).

- Дык былі б іншыя, можа яшчэ і лепшыя і больш таленавітыя, - заўважыць мне хоць хто.

- Не хачу! - замахаю рукамі істэрычна.

Не хачу!

***

Гэтая кніга шмат пра што, але найперш яна пра стваральнікаў. Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які аднойчы паэт назваў мая краіна. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень зноў скоціцца долу. А значыць, трэба вяртацца да пачатку.

І мы вяртаемся.

Пакуль я працаваў над кнігай, мне некалькі разоў сніўся Сізіф. Пра адзін сон, метафізічны, я ўжо мімаходзь згадваў. А цяпер пра рэалістычны...

Стомленыя пад’ёмам на вяршыню, мы спыніліся адпачыць наўзбоч ледзь заўважнай сцяжыны. Неўзабаве, не вітаючыся, нас прамінуў Сізіф. Ён быў рыхтык я - з барадой і лысінай, - толькі без акуляраў. І яшчэ ў яго замест спартовага заплечніка быў адмысловы камень, які надзіва зручна прылягаў да спіны.

Калі я прачнуўся, то падумаў, што сам бываў трохі Сізіфам амаль чвэрць стагоддзя. Ну, не штодня бываў, але кожны год выпраўляўся ў горы, каб падымацца на перавалы ды вяршыні, а потым пераможна вяртацца ва ўлонне Бацькаўшчыны. (Болей за тое, раз-пораз здаралася, што на год па два-тры разы выпраўляўся туды, дзе пасуцца аблокі.)

Няма чаго тут прыхарошваць: упадабляцца Сізіфу - справа не з самых лёгкіх. Асабліва калі на пачатку маршрута заплечнік важыць амаль як невялікі мех бульбы, і цягнуць яго трэба ўгару да змяркання. Потым не тое што ног пад сабой не чуваць, а і самога сябе, паколькі ўсё, што цяпер у тваім швэдры і нагавіцах, не належыць табе, а толькі стоме.

Хаця не стану і лішне жаліцца, быццам кожны божы дзень вочы на лобе ад знямогі. Горы - яны розныя. А і самыя стромкія не ўсюды тырчком да неба стаяць. Заўсёды знойдзецца месца, дзе можна адхэкацца і спатоліць свой упарты дух нябеснай прыгажосцю, прыгажэй за якую нідзе і ніколі не бывае.

Толькі і заставацца на вяршыні надоўга мне ніколі не хацелася...

Чуеш, камень надзеі скаціўся долу. Трэба вяртацца.

"Дзеяслоў", №№ 95-97, 2018 г., №№ 98, 99, 101-103, 2019 г., №№ 104-109, 2020 г.