Выбрать главу

Тут, і толькі тут, сфармавалася новая беларуская літаратура, і сутнасна, і якасна рашуча адрозная ад той, што была раней. Адным з магчыма і нечаканых вынікаў гэтага пераруху стаўся выбух (без перабольшвання) перакладніцкай літаратуры.

Асобна трэба сказаць пра рок-музыку, якая ў дзевяностыя гады для абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў магла б адыграць не меншую ролю, чым у сваю пару оперы Вагнера для нацыянальнай свядомасці немцаў. Магла б, каб гэтага не спалохалася ўлада.

Перад тым, як на пэўны час развітацца з Сяргеем Дубаўцом і ягоным праектам, я мушу - менавіта так, - звярнуць увагу яшчэ на адзін тэкст з першага нумара, які ў перспектыве майго ўласнага кону апынуўся падставовым. А менавіта, на эсэ Ігара Бабкова "Сон, які сніўся нікому". Калі я яго прачытаў, то канчаткова запэўніўся ў сваёй веры, што высокая (метафізічная) філасофія беларускай мовай магчымая, і магчымая як беларуская філасофія. 3 узгляду на значнасць гэтай падзеі для мяне асабіста, хацеў бы прылучыць сюды фрагмент таго тэксту.

"Залатыя часы паганскае, народнае культуры - ХІХ стагодзьдзе.

Гэта часы, калі душа народа нібы прарастае ў "высокую" культуру, нараджае такія зьявы, як Міцкевіч, Чачот, Баршчэўскі... Каб зразумець, што такое паганская культура, варта ўявіць сабе ўвесь комплекс беларускага фальклору, прасьпяванага адначасова, як магутная касьмічная сімфонія, як гімн мікра й макракосмасу. Уявім сабе ўсе казкі, расказаныя ўсімі бабулямі праз усе часы, усе паданьні і легенды, усе рытуалы й галашэнні... Калі ўявіш сабе ўсю веліч гэтае сымфоніі, беларуская гісторыя бачыцца як сон, што сьніўся нікому.

Зрэшты, ён сапраўды сьніўся нікому.

Мусім прызнаць, што беларусы захаваліся як нацыя менавіта таму, што ва ўсе часы польска-расейскага гістарычнага беспрасьвецьця жылі не ў гісторыі - у Космасе.

Сёньня мы знаходзім сябе ў індустрыяльнай цывілізацыі, у сэкулярызаваным, суб’ектывісцка-касмапалітычным асяродзьдзі сучаснага горада. Мы ня верым у вонкавасьць, але ж і ўнутры сябе не пачуваемся гаспадарамі. Недзе за даляглядам - Бог, ці то "памёр", ці то "на рамоньце". Перад вачыма - культура. І адзінае, што мы можам сказаць сабе ў суцяшэньне:

ЯНЫ СЬПЯВАЛІ - МЫ СЛУХАЕМ".

/p>

Я не ведаў, хто такі Ігар Бабкоў, і тым болей не мог ведаць, што неўзабаве пазнаёміўшыся, мы адразу вырашым: далей нам ніяк нельга без уласнай філасофіі. Ну ніяк...

***

Ды што там сваёй, у нас ніякай філасофіі не было. Таму эсэ пра Сёрэна Кіркегара для тыднёвіка "Культура" я заманіфеставаў наступным пасажам:

"Леў Шастоў пачынае сваю кнігу пра Кіркегара ("Киркегард") наступнымі словамі: "Кіркегард прайшоў паўз Расію".

Прачытаў і з болем, які межаваў з адчаем, падумаў: "Паўз Беларусь прайшлі ўсе, пачынаючы ад Парменіда і канцуючы Дэлёзам (ці хто каму тут больш даспадобы...) Усе, колькі іх было філосафаў ад веку ішлі, ідуць, і, здаецца, будуць ісці паўз, паўз, паўз... Трохі суцяшае хіба тое, што калі меркаваць паводле досведу Кіркегара, дык у справе асэнсавання існага страх і адчай могуць стацца нават больш прыдатнымі за інфантыльны аптымізм і прагматычную разважлівасць...".

Тут трэба ўдакладніць: калі я прамовіў "ад веку", дык у гэтым кантэксце меў на ўвазе кароткі век ужо нацыянальна асэнсаванай Беларусі. Бо ў даўнія стагоддзі мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь, разгортвалася адпаведна агульнаеўрапейскіх тэндэнцый. Але метадалагічна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залічваць да ўласна беларускага: ці то з прычыны іншамоўнасці, ці то з прычыны адслоненасці ад Беларусі як яшчэ не выяўленага суб’екта еўрапейскай гісторыі...

Разам з тым, фармуючы гісторыю беларускага мыслення, мы, безумоўна, не пакінем тыя ранейшыя здабыткі па-за нашай увагай, паколькі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, гэтаксама як і ў тадышняй Цэнтральнай Еўропе, філасофія дамінавала не толькі ў сістэме адукацыі, але арганізоўвала і рэгламентавала ўсю мыследзейнасць грамадства. Таму зусім натуральна, што ў рэканструкцыі гісторыі філасофіі мы не прамінем увагай спадчыну Сымона Буднага, Францішка Скарыны, Васіля Цяпінскага, Саламона Рысінскага, Андрэя Волана, Казіміра Лышчынскага, наробак Віленскай філасофскай школы і Полацкай езуіцкай Акадэміі. Хаця рэальна пачаткі ўжо апрычона беларускага мыслення нам даводзіцца звязваць з Францішкам Багушэвічам, з "нашаніўскім" перыядам беларускай гісторыі, з тагачаснай літаратурай, публіцыстыкай, светапогляднымі рэфлексіямі.