Выбрать главу

А як паводле гамбургскага рахунку, дык уся беларуская філасофія ХХ стагоддзя пачалася і скончыла неверагодным эсэ Ігната Абдзіраловіча (Ігната Канчэўскага) "Адвечным шляхам" (1921 г.).

Што праўда, калісьці раней пасля "Адвечнага шляху" я заўсёды згадваў эсэ "Гэтак пераможаш!.." Уладзіміра Самойлы (1924 г.) На жаль, з цягам часу на яго пачалі забывацца - і я ў тым ліку. Можа, і дарэмна.

***

Аднойчы дзеля забавы прыдумалася містычная філасафемка пра Кон. Цалкам вераемна, што гэтая прыдумка здарылася недзе пасля года працы ў "Культуры", калі ўжо надрукаваў тут ладнае бярэмя тэкстаў вялікіх філосафаў і колькі сваіх эсэ. Тады, на першым юбілейным застоллі Вольга Іпатава, адзначаючы поспехі калектыву, сярод іншага сказала: "Глядзіце, Валянцін прыйшоў да нас інструктарам па турызме, а цяпер ён ужо вядомы беларускі культуролаг".

Я паступаў вучыцца ў самыя розныя інстытуцыі 11 разоў. Першым быў Серпухаўскі тэхнікум электрасувязі, куды падлеткам паехаў з дзядзькам аж пад Маскву пасля восьмага класа. Потым чатыры разы паступаў у мінскі Політэхнічны інстытут (на дзённае і завочнае аддзяленні). Затым два разы ў Тэхналагічны інстытут. Яшчэ два разы ў БДУ (між іншым, на "філасофію" таксама). Перадапошні раз, відаць, можна было б абмінуць увагай, бо ў інстытут Сельскай механізацыі (ці як ён там называўся?) я падаў дакументы адно таму, што без якога падману мяне тым разам з працы не адпускалі ў горы. Карацей, куды б 10 разоў ні прасіўся вучыцца, мяне ўсюды не пускалі.

А між тым з пары падлеткавай свядомасці я ўжо марыў адно пра Літаратурны інстытут у Маскве. Не, няпраўда, нават марыць пра такое падлетку з заходне-беларускага мястэчка было немагчыма. Я толькі захоплена думаў: скуль паходзяць такія неверагодныя хлопцы і дзяўчаты, што іх прымаюць у інстытут, дзе вучаць на пісьменнікаў? А ў дваццаць пяць год праз нейкі вясёлы адчай (нікуды не ўзялі, а ў літінстытут - смеху варта) даслаў на конкурс невялікую аповесць. Калі праз нейкі час атрымаў запрашэнне на іспыты - трохі абамлеў. Нават не хацеў ехаць, так баяўся, ды ўсё ж такі выправіўся... І адразу ўзялі.

Тут ужо можна было б пераказаць тую філасафемку, аднак лепей яшчэ трошкі патрывайце.

Я ўжо пісаў, што доўгі час пасля Масквы шукаў адно вартаўніцкія каморкі, а як закарцела літаратурнай працы, дык паўтарылася тое, што было з інстытутамі: у Скарынаўскі цэнтр не ўзялі, у "Нёман" не ўзялі, у "ЛіМ" не ўзялі. Ды што тут шмат пералічваць - усюды "не ўзялі", пакуль не з’явілася "Культура".

Вось пасля гэтай вызначальнай падзеі і прыдумалася (весела), што ў кожнага чалавека акрамя ўніверсальнага Лёсу ёсць яшчэ персанальны Кон. Гэта ён аберагае цябе ад самага горшага. Калі табе, скажам, на рэйках трамвай адрэзаў адну нагу, дык моцна не скавычы, а будзь яшчэ ўдзячны свайму Кону, бо без яго дапамогі ты застаўся б зусім без ног, а можа нават і без галавы.

Пасля таго, як я ўсё гэта прыдумаў, дык зразумеў, што нішто іншае, а менавіта Кон бярог мяне ад усіх інстытутаў ды ўніверсітэтаў імперыі, пакуль не наспеў мой час ехаць у Маскву. Бо каб я паступіў вучыцца куды-небудзь раней, прыкладам, у Політэхнічны, то з маёй фенаменальнай нікчэмнасцю, што да матэматыкі і падобных дысцыплінаў, я б пяць год слязьмі ўмываўся штодня, але атрымаў бы непатрэбны мне дыплом інжынера, каб мае неадукаваныя бацькі (лепшыя ў свеце бацькі!) светла заплакалі ад радасці і цяпер ужо напэўна далі веры, што не дарэмна пражылі жыццё.

Тое ж і з літаратурнай працай. Няўжо вы думаеце, што слынны Міхась Стральцоў, а тым болей народны пісьменнік Янка Брыль насамрэч не маглі ўладкаваць хлопца з маскоўскай адукацыяй у той жа "Нёман" ці ў "ЛіМ"? Недарэчна нават спрачацца. Відавочна, гэта мой Кон неўпрыкмет касаваў усе іх высілкі, бо наперад ведаў, што ўжо рыхтуецца выданне з філасофскім кантэнтам, дзе я змагу рэалізаваць усё тое метафізічнае натхненне, што назапашвалася ўва мне дзясяткі год.

Напэўна, гэта ўжо было б занадта, каб я выказаў меркаванне, што Кон паспрыяў і таму, каб мяне ўвосень 1992 г. адпусцілі з газеты ў Полацак на канферэнцыю Полацкай езуіцкай акадэміі. Яно як быццам сапраўды занадта, толькі хто яго ведае, калі зірнуць уздоўж перспектывы далёка наперад. Бо менавіта там мы перастрэліся з Ігарам Бабковым - здаецца, на ўсё жыццё.

Вось што ён сам напісаў пра тую падзею:

"Мне дакладна не патрэбны вучні, я не настаўнік у класічным сэнсе. Мне патрэбныя тыя, хто ідзе поруч. Сувандроўнікі. Каб не адчуваць сябе самотным у краявідзе.

У гэтым сэнсе мне пашэнціла. Ужо больш за дваццаць год у мяне ёсць ідэальны суразмоўца і сувандроўнік - Акудовіч. У нас вельмі розныя тэмпераменты і розныя жанры. Ён скончыў літінстытут і ішоў ад літаратуры ў мысленне, у філасофію. А я наадварот, ад філасофіі ў літаратуру. І мы сустрэліся на паўдарозе. Да таго ж амаль сінхронна вярнуліся ў беларускую культуру, адкрылі яе для сябе.