Выбрать главу

Мала з кім так хораша было ехаць цягніком у замежжа, як з Лявонам. Трохі падвесяліўшы сябе, мы распачыналі дзіўную гульню. Я называў еўрапейскую краіну, а ён спяваў на яе мове песню. І колькі б тых краінаў я не згадваў, аўтэнтычных песняў у Лявона заўсёды хапала - з каптуром...

***

Як кажуць, хоць забі - не памятаю, з чаго і калі непасрэдна распачаўся вышэйпамянёны цуд. Натуральна, Вольга Іпатава і яе намесніца Людміла Крушынская ведалі, што мы з Бабковым ды Разанавым прыдумляем філасофскі часопіс. Рыхтуючы "Эліту" і "Суплёт ідэй", я не толькі распавядаў ім пра нашыя справы, але і наперад дзячыў за тое, што мне культураўскі досвед моцна спатрэбіцца ўжо ў непасрэднай працы з часопісам.

Але пакуль справа з нашым праектам марудзілася і марудзілася, неяк паклікалі мяне мае начальніцы ды літаральна агаломшылі прапановай: маўляў, а чаму б, Валянцін, не стварыць нам "Філасофскі часопіс", як дадатак да штотыднёвіка "Культура"?!

Прапанова была неверагодная, тым болей, што ўсе нашыя ўласныя ідэі па-ранейшаму выглядалі досыць сумніўна.

- Фантастыка, - усклікнуў я. - Толькі што хлопцы скажуць?

А што хлопцы маглі сказаць, яны не горш за мяне разумелі: гэта пакуль адзіны рэальны варыянт.

- Дык з чаго пачынаць? - запытаўся я на наступны дзень у рэдакцыі.

- Сядайце за стол, - сказалі шаноўныя кіраўніцы, - і пішыце ліст старшыні Савета Міністраў Кебічу.

Ну ні фіга сабе! Дзе я, а дзе той Кебіч?! І што з маім досведам вартаўніцкіх катухоў ды турысцкіх сутарэнняў можна напісаць такому важнаму чалавеку?

- Напішыце, - сказала Вольга Міхайлаўна, - што незалежная Беларусь без філасофіі...

Тут яна на нейкую хвіліну задумалася, а з мяне што тое чарцяня з табакеркі выскачыла:

- Як шлюбная ноч без нявесты...

Вольга Міхайлаўна зірнула такімі вачыма, што ў мяне мову заняло. (Хаця маладзейшая Людміла Аляксееўна неўпрыкмет пасміхнулася.)

Карацей, пасля грунтоўнага інструктажу мне сказалі:

- А ўвогуле, Валянцін, за што змагаецеся ў сваіх артыкулах ды эсэ, тое і напішыце, толькі каб не зашмат.

Я пісаў ліст Кебічу два дні, потым яго рэдагавалі Іпатава з Крушынскай, потым чыталі стыль-рэдактар і карэктары, потым павезлі міністру культуры, потым прывезлі назад.

- Ужо будзем адсылаць Кебічу? - я ўсцешыўся.

- Навошта адсылаць? - здзівілася Вольга Міхайлаўна. - Надрукуем у газеце. Толькі спачатку вам трэба будзе сабраць пад гэтым лістом колькі дзясяткаў подпісаў, бо гэта ж не мы будзем прасіць Вячаслава Францавіча, а ўвесь гонар нацыі будзе прасіць за філасофскі часопіс.

- Дык як тут мне ўправіцца? Я ж толькі са склепа вылез і нікога з гонару нацыі асабіста не ведаю. Адно, хіба, Разанава.

- Талакой дапаможам, - запэўніла Вольга Міхайлаўна.

- На раз управімся, - падбадзёрыла Людміла Аляксееўна.

І ўправіліся. Ужо недзе праз дзён дзесяць (22 лютага 1993 г.) зварот быў надрукаваны ў газеце.

АДКРЫТЫ ЛІСТ

ДА СТАРШЫНІ САВЕТА МІНІСТРАЎ

РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

КЕБІЧА ВЯЧАСЛАВА ФРАНЦАВІЧА

Шаноўны Вячаслаў Францавіч!

Філасофія, культуралогія, эстэтыка - неад’емныя складнікі кожнай нацыянальнай культуры. Да таго ж яны - яе вышэйшыя праявы і адначасна формы наступнага развою. Таму мы звяртаемся да Вас з гэтым лістом у надзеі, што справа фармавання нацыянальнай філасофіі, якая стаіць перад нашай маладой дзяржавай, атрымае разумение і падтрымку.

Апошнія 70 год, нягледзячы на наяўнасць шматлікіх газет, часопісаў, выдавецтваў, акадэмічных установаў, філасофія, культуралогія, эстэтыка па сутнасці былі пазбаўленыя магчымасці прысутнічаць у нацыянальнай культуры. Перыядычныя выданні амаль не друкавалі сучасных культуролагаў і эстэтыкаў, выдавецтвы абміналі ўвагай класіку сусветнай і еўрапейскай філасофіі, а ў акадэмічных установах навучалі дыялектычнаму матэрыялізму ў звязку з марксізмам-ленінізмам і гэткім навучаннем вытручвалі апошнія парасткі нацыянальнага досведу і нязмушанага мыслення.

Так не павінна быць, і так далей, спадзяемся, не будзе. У шэрагу розных праяў відавочна акрэсліваецца тэндэнцыя да заглыбленага пранікнення ў сутнасць рэчаў і з’яў, усё часцей сустракаюцца прыклады, якія сведчаць аб памкненні творчага духу нацыі да паўнавартаснага ўсведамлення сябе ў Сусвеце і Сусвету ў сабе. Але каб гэты працэс набыў незваротны рух, каб метафізічная творчасць трывала ўвайшла ў сферу нашай духоўнай дзейнасці, неабходна падтрымаць яе на шляхах станаўлення. І найперш неабходна стварыць адпаведны кантэкст для тых літаратурных і культурасофскіх тэкстаў, што пакуль вымушаныя шукаць выпадковага прытулку ў традыцыйных выданнях ці ўвогуле не могуць знайсці свайго друкара. У практычным плане гэта азначае, што трэба распачаць літаратурна-філасофскі часопіс, на падставе якога можна было б актуалізаваць нацыянальны досвед сэнсатворнай духоўнай дзейнасці і гэтым спрыяць вылучынню з універсальнага зместу нацыянальнай філасофіі і культуралогіі.