Выбрать главу

Зважаючы на тое, што газета "Культура" - адзінае на Беларусі выданне, якое з першага свайго нумара паслядоўна і мэтанакіравана працуе ў гэтым накірунку (штотыднёвыя філасофскія старонкі "Эліта" і "Суплёт ідэй"), падаецца мэтазгодным менавіта пры ёй стварыць літаратурна-філасофскі дадатак у форме часопіса. І хаця адзін часопіс, натуральна, не вырашыць усёй праблемы фармавання нацыянальнай філасофіі, гэты першы крок пажадана зрабіць не марудзячы, бо ўмовы для яго выспелі і патрэба ў ім відавочная.

А пад лістом былі подпісы двух народных паэтаў Беларусі (Гілевіча і Барадуліна), трох народных мастакоў Беларусі (Шаранговіча, Кашкурэвіча, Шчамялёва), адной народнай артысткі Беларусі (Стэфаніі Станюты), аднаго народнага артыста СССР (Мікалая Яроменкі), двух членаў-карэспандэнтаў (Падлужнага і Бандарчыка), чатырох дактароў філасофскіх і філалагічных навук (Конана, Крукоўскага, Булыкі, Фядосіка), двух намеснікаў старшыняў камісій Вярхоўнага Савета (Вярцінскага і Трусава), аднаго галоўнага рэдактара часопіса (Някляева), аднаго паэта (Разанава), аднаго перакладчыка (Сёмухі), аднаго мастацтвазнаўцы (Крэпака)...

Каманда рэдакцыі так захапілася паляваннем за подпісамі, што мы падрыхтавалі яшчэ дзясятак падпісантаў, толькі галоўны рэдактар спыніў рэдакцыйны шал:

- Хопіць яму (меўся на ўвазе Кебіч) і гэтага, - рашуча сказала яна.

Сапраўды, мела рацыю.

***

Дзіўныя былі часы, неверагодныя. Цяжка нават даць веры, што мы так хутка забыліся на тое тэктанічнае ўзрушэнне, якое цягам амаль дзесяцігоддзя (ад сярэдзіны васьмідзясятых да сярэдзіны дзевяностых) трымала дзень пры дні ў напятым стане сотні мільёнаў людзей еўразійскага кантынента (а ягонае рэха ўвесь гэты час хадуном хадзіла па ўсёй зямной кулі).

Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб уласным сэрцам пражыць тую эпоху "буры і націску", калі пад напорам новай веды і новай волі да ўлады бурыліся дзяржаўныя муры і межы, іначыліся ды паўставалі не існуючыя раней краіны і ў кожнай асобна ўзятай галаве буяла свая рэвалюцыя...

Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб перажыць тую вялікую Эмоцыю, пасля якой ты аднойчы прачнуўся ў тым самым сваім жыцці, але ўжо зусім іншым чалавекам і ў цалкам іншым свеце...

У тыя гады мне самахоць не аднойчы згадваліся радкі любімага паэта маладосці (Цютчава):

Блажен, кто посетил сей мир

В его минуты роковые!

Его призвали всеблагие

Как собеседника на пир.

Гэта было і пра мяне таксама.

Беларусь прагалосіла незалежнасць 25 жніўня 1991 года, але што рабіць з гэтай незалежнасцю, беларусы не ўяўлялі ці ўяўлялі хутчэй рамантычна, а не палітычна. Прыкладам таму БНФ - самая моцная і дзейная на той момант палітычная сіла, якая прапаноўвала будаваць нацыянальную (хутчэй нацыяналістычную) дзяржаву. Нейкі час гэтая ідэя мела досыць шырокую падтрымку, прынамсі сярод найбольш актыўнай часткі грамадства. Разам з тым, ніякай пэўнасці пакуль не было ні сярод бальшыні насельніцтва, ні сярод бальшыні чынавенства. Апошнім было найгорай, бо ім трэба было штодня прымаць канкрэтныя рашэнні, а як тут здагадаешся: на чыю карысць прымаць?

Можа, Расія з камуністамі вернецца, можа, нацыяналісты захопяць уладу, можа, яшчэ якая халера здарыцца? Таму дзе атрымлівалася, дык на ўсялякі выпадак дагаджалі ўсім. Відаць, не без гэтага Савет міністраў нязвыкла хутка адгукнуўся на арганізаваны намі зварот.

А можа, і дарэмна так нядобра думаць пра чыноўнікаў агулам. Філасофія тады яшчэ была ў вялікай пашане ва ўсіх адукаваных людзей. А ва ўрадзе, напэўна, ужо было даволі функцыянераў, якія адказна клапаціліся пра лёс маладой дзяржавы і яе ўласнай культуры.

***

Трохі пра рэдактарскую працу і свой першы тэкст...

Неяк я доўга завіхаўся ля ганарлівага аўтара, каб выцыганіць патрэбны матэрыял. Калі той сышоў з рэдакцыі, Людміла Крушынская з’едліва заўважыла:

- Вы б перад ім яшчэ подбегам дзверы расчынілі.

- Што там дзверы? Я мог бы пабегчы да яго і вымыць падлогу ў кватэры, каб толькі ён гэты тэкст нам адшкадаваў.