Выбрать главу

Мы будзем вітаць паэзію сэнсаў і сэнсатворную паэзію.

Не станем пераконваць чытача, што неўзабаве ўсё пажаданае спраўдзіцца. Лепей нагадаем беларускую прымаўку: рабі што можаш і хай будзе, як будзе".

Мы былі ўзрушаныя. Уся рэдакцыя. І тыя, хто не меў ніякага дачынення да "ЗНО" - не менш за астатніх. Газета ў адначассе вырасла ў два разы - з васьмі да шаснаццаці палос. Аднаго гэтага было дастаткова для салодкага хвалявання (цяпер было што ў руках патрымаць). Толькі галоўная радасць паходзіла з іншага.

Усе разумелі, што ніколі раней нічога такога ў нашай публічнай прасторы не было. Беларускае перыядычнае выданне прэзентавала сябе як філасофскае!

Сентыментальна гартаю той першы выпуск. Распачынаюць яго (пасля маёй прадмовы) "Нататкі з нічыйнай зямлі" Алеся Разанава. Лішне казаць, што яны наскрозь мысліўныя. Наступная паласа за Ігарам Бабковым. Яго канцэптуальны трактат "Беларуская традыцыя: на зломе сэнсаў" будзе мець працяг яшчэ ў двух нумарах. Далей я пераказваю гутарку з нашым славутым перакладчыкам Васілём Сёмухам пра адметнасці перакладу філасофскай літаратуры. У сп. Васіля ўжо была падрыхтаваная да друку кніга Фрыдрыха Ніцшэ "Так казаў Заратустра". Ладную частку з яе мы пазычылі для "ЗНО". Затым экзістэнцыйныя "Версэты" празаіка Уладзіміра Арлова. А паэт Леанід Дранько-Майсюк, наадварот, прапанаваў вялікі ўрывак з ego-essai "Стомленасць Парыжам", якое пазней цалкам надрукуе часопіс "Крыніца". Дарэчы, эсэ будзе мець шалёны поспех. Апошнім у выпуску быў тэкст вельмі таленавітай паэткі (і на той час супрацоўніцы рэдакцыі) Галіны Булыка, якая прааналізавала філасофскую складовую знакамітага навукоўцы і мысляра Іллі Прыгожына. А канцавала сшытак карціна "Віртуальная прастора" Юры Герасіменкі.

Потым Ігар Бабкоў выкладзе гэтую падзею ў наступнай оптыцы:

"Разам з Акудовічам і Разанавым у газеце "Культура" мы ствараем літаратурна-філасофскі сшытак "ЗНО", і праз яго Акудовіч прапускае ўсю постмадэрнісцкую моладзь.

Усё гэта было і мэтанакіравана, бо мы ўсведамлялі, што не можам адбыцца ў тых формах культуры, якія ёсць, але і нешта стыхійнае, бо ніхто не распісваў крокі і нічога не планаваў. Атрымлівалася тое, што атрымлівалася. Напрыклад, афіцыйны філасофскі часопіс не атрымаўся. Мы ўмудрыліся сабраць купу філосафаў. Савет міністраў выдзеліў грошы. Але не пайшло, і цяпер ясна, што гэта было бы акадэмічнае абы-што. Не дамовіліся, і ў якасці кампрамісу аддалі Акудовічу восем палос газеты "Культура" пад літаратурна-філасофскі сшытак. І гэта апынулася лепш, чым быў бы кампрамісны варыянт з часопісам".

Пасля кароткага, але поўнага радаснай эмоцыі балявання ў рэдакцыі, мы з Ігарам Бабковым рушылі пешкі ў рэстарацыю Дома літаратараў. Падзея была вартая працягу за кілішкам і сярод сцішанага сумоўя сам-насам. Няспешна азіраючы праспект у веснавым падвячорку, я раптам адчуў такую стому, быццам выканаў галоўную справу свайго жыцця.

Хаця насамрэч усё толькі пачыналася...

***

Шкадую, што мала сказаў пра гэта раней. Недзе блізу самага пачатку. Інакш для старонняга чытача застанецца зусім не зразумелым: адкуль столькі эйфарыі праз некалькі дадатковых старонак у культурніцкім тыднёвіку? Хай сабе гэтыя старонкі і пазначаныя сакральным для беларусаў словам "філасофскія".

Паспрабую патлумачыць.

Пафасна кажучы, кожны, хто тады прыходзіў да Беларусі, мала чым розніўся ад ранніх хрысціянаў у пару канаючай Рымскай імперыі. Ён паводле азначэння адчуваў сябе місіянерам новай веры. І чаго б тады ні рабіў, яго наробак быў не роўны сам сабе, а шматкроць павялічваўся тым, што мацаваў новую веру. І тут было не істотна, ці купляў ты ў шапіку "Нашу Ніву", ці чапляў на грудзі бел-чырвона-белую значку, ці хадзіў на шэсці БНФ, ці сам ствараў незалежныя газеты, беларускія суполкі або нацыянальную філасофію. Карацей, самым істотным ва ўсіх праявах нашай жыццядзейнасці тады быў місіянерскі чын. Нават калі для саміх носьбітаў гэтага паклікання ён і не вытыркаўся.

Толькі пра гэта лёгка казаць, але як пераканаць недаверка, што так яно адбывалася насамрэч. Бо хоць хто можа запытацца: калі так яно было, дык куды потым падзелася?

І сапраўды, куды ўсё тое падзелася?

Выдавец Ігар Логвінаў, калі даведаўся, што я маю намер пісаць успаміны, сказаў: "Назва "Хронікі беларускага інтэлектуала", можа, і неблагая. Хаця лепей было б апусціць яе ў падзагаловак, а пра ўласна назву яшчэ падумаць. У Вас жа з гэтым добра атрымліваецца..."

Тут я не пярэчыў: "Мяне няма. Роздум на руінах чалавека", "Разбурыць Парыж", "Дыялогі з Богам", "Код адсутнасці", "Архіпелаг Беларусь", "Кніга пра Нішто", "Прачнуцца ранкам у сваёй краіне"...