Выбрать главу

Хіба ж не меў Логвінаў рацыю, пахваліўшы назвы маіх кніг?

Добра натрудзіўшы глузды, абраў, не без сумневаў, наступную: "Мы сустрэліся на будоўлі Вавілонскай вежы". Падтэкст палягаў на маёй шчырай веры, што не так важны твой уласны наробак, колькі тая справа, да якой ён прыдаецца. Інакш кажучы, ужо сам той факт, што ты працаваў на будоўлі вежы, скіраванай у нябёсы, робіць сэнсоўным тваё жыццё, нават калі штодзённыя бруд і пот на тое не паказваюць.

Не менш важным тут быў і складнік "Мы сустрэліся...", бо я хацеў ахапіць успамінамі ўсіх, хто ўкладаўся ў стварэнне новага дыскурсу (зразумела, у сілу сваіх магчымасцяў).

Між іншым, народ Вавілона таксама цікавілі не толькі нябёсы. Яны прагнулі праз гэтую вялікую справу здабыць сабе імя (так кажа паданне). Ну рыхтык беларусы 90-х.

Дык куды падзелася Вавілонская вежа?

Як усё вялікае, яна асыпалася ў Нішто, але пакінула па сабе адзін з самых прыгожых міфаў пра чалавека, які прагне вышыні ды годнасці.

Не чуў, каб нехта з сяброў і хаўруснікаў таксама думаў пра нашае рушэнне ў падобных высокіх катэгорыях. Аднак мы сустрэліся не дзе яшчэ, а менавіта на будоўлі Вавілонскай вежы. І гэта было цудам.

(Натуральна, пад метафарай "Вавілонская вежа" я маю на ўвазе не толькі "ЗНО". Крый Божа. Гэта дзясяткі розных выданняў, праектаў, кніг і проста безліч штодзённых справаў. Каб усё гэта перафарматаваць у цэглу, якую мы з кожным днём падымалі вышэй і вышэй, то нашыя далоні было б не адрозніць ад Сізіфавых.)

P.S. Не ўпэўнены, што меў рацыю, аднак потым я абраў іншы варыянт назвы, якая адсылала ўжо не да міфа пра Вавілонскую вежу, а да міфа пра Сізіфа ў інтэрпрэтацыі Альбера Камю: "Трэба ўяўляць Сізіфа шчаслівым!’.

Наўрад ці ёсць сэнс цяпер тлумачыць, чаму я так зрабіў. Бо паперадзе яшчэ вельмі шмат працы і хто яго ведае, што мне пазней ўзбрыдзе ў галаву. Да прыкладу, некалі "Дзеяслоў" зрабіў мне ласку і надрукаваў важкую нізку эсэ пад назвай "Вялікая здрада". А потым кніжка з пераважна тымі эсэ ўжо называлася "Код адсутнасці".

Хіба адно заўважу, што гэтыя міфы, нягледзячы на вонкавую розналежнасць, ёсць дзвюма скранямі адной базавай праблемы чалавечага існавання, а менавіта Працы, сакральная сутнасць якой неспазнаная і па сёння.

***

Завершыўшы гэты адцінак і паклаўшы ўжо галаву на падушку, нечакана згадаў: гэта ж Вавілонскую вежу намаляваў мастак Марэк Станілевіч на вокладцы маёй кнігі "Дыялогі з Богам", перакладзенай на польскую мову Галінай і Янам Максімюкамі. (Каштоўнасць гэтай працы надаваў і той факт, што Ян Максімюк раней пераклаў "Уліса" Джойса. О, як мы ганарыліся тады, што маем "Уліса" па-беларуску!)

Што праўда, ніякага пафасу на вокладцы і блізка не было. Уздоўж усяго серпанціна "брэйгелеўскай" вежы паволі падымаліся "брэйгелеўскія" чалавечкі і большыя за іх слімакі. (Зразумела, тут мова пра Пітэра Брэйгеля Старэйшага).

Не бачу патрэбы ва ўласнай інтэрпрэтацыі гэтага вясёлага і скептычнага малюнка. Я згадаў яго адно таму, што і сам маю намер за межамі пафасу распавесці, чаму нашай "Вавілонскай вежы" таксама было наканавана знікнуць, лічы, дазвання. І на гэты раз ужо не Бог будзе таму прычынай, а, хутчэй, ягоная адсутнасць.

Кінуўшыся на злом галавы злучаць беларускае мысленне з вялікай метафізічнай цывілізацыяй, створанай у папярэдніх тысячагоддзях еўрапейскім геніем, мы не хацелі зважаць на той ужо амаль відавочны факт, што яе час на зыходзе. На змену метафізічнай цывілізацыі прыходзіла цывілізацыя тэхналагічная. Зрэшты, маруднае слова "прыходзіла" тут зусім не пасуе. Тэхналагічная цывілізацыя абрынулася на нас, як тысяча лавін адразу. Яна сталася нашай татальнасцю. Лічы, умомант, прынамсі паводле гістарычнай меры.

І мы разгубіліся - і згубіліся адзін для аднаго. Пагубляліся...

Але пра ўсё гэта вялікая гаворка будзе потым. Далёка потым. А пакуль у нас наперадзе гады і гады радаснага натхнення...

***

"ЗНО" праіснуе амаль чатыры гады. Я маю ўсе 44 выпускі і калі б пачаў іх удумліва гартаць, то захлынуўся б менавіта гэтым мінулым без астачы. Таму, каб пазбегнуць такой спакусы, адразу пачну з хаўтураў па "ЗНО", якія мы наладзілі ў лютым ужо 1997 г. Тады я папрасіў аўтараў сшытка адгукнуцца на гэтую падзею і недзе за два тыдні сабраў і падрыхтаваў для друку сорак тэкстаў (на жаль, 44 не атрымалася). Вось толькі два з іх:

Алесь Разанаў

44 свечкі

На развітальным свяце "ЗНО" запальваюцца 44 свечкі.

Трохі розных, трохі падобных.

Пакуль іх не было, мы нечага не бачылі і не разумелі, але яны з’явіліся - і мы пачалі бачыць і разумець (=бачыць вачамі розуму). Ну, не так далёка, не так глыбока, не так высока і не так відушча, як хацелася б, але ўсё-такі...