Выбрать главу

Калі правесці агледзіны тэкстаў і падзей на ўсім гістарычным прасцягу, дык можна ўбачыць на тле часу безліч слядоў постмадэрну, але ўсе тыя сляды добра пратаптаныя пазітывісцкім рухам чалавецтва да "светлай будучыні". Гэты рух трымаўся самых розных падставаў: матэрыялізму, ідэалізму, гуманізму, рацыяна-лізму, эвалюцыянізму... Але да самага апошняга часу заўсёды ў цэнтры бытнага было нешта, што аб’яўлялася і прымалася за першую перад другімі ісціну, і гэты своеасаблівы падменнік Абсалюту (логас, Бог, быццё, эвалюцыя, камунізм...) арганізоўваў вакол сябе ўвесь вір жыцця. Без такога ўніверсальнага апірышча людства не ўяўляла свайго існавання. Нават чалавек невымернай інтэлектуальнай адвагі (Ніцшэ, натуральна), заўважыўшы, што "Бог памёр", напалохаўся "чорнай дзіркі" ў сярэдзіне сусвету і заткнуў яе ідэяй "звышчалавека".

Аднак бясконцая ратацыя ідэалагічных парадыгмаў некалі мусіла надакучыць. Іх сутвы і найменні як быццам выдавалі на рознае, але ўсе яны аднолькава не адказвалі на галоўнае пытанне: навошта ўсё і чалавек ва ўсім? І калі раней здава-лася, ну вось, пераменім старую парадыгму на новую і нарэшце атрымаем адказ, дык у другой палове ХХ стагоддзя склалася трывалае разумение, што ад усіх гэтых пераменаў ніякага плёну няма і, пэўна, ужо ніколі не будзе; ды ўвогуле, надалей трэба кінуць гэтую дурную звычку караскацца па вертыкалі ўгару ды наперад, бо не існуе ні верху, ні нізу, ні гісторыі ("Канец гісторыі" Фукуяма), ні часу ("Канец новага часу" Гвардзіні), ні чалавека ("канец чалавека" Фуко). Ёсць адно паверхня, тэкст, архіў, рэшткі слядоў і паводка жыцця, якая ўсё блытае, змешвае, праглынае і ні ў якую пару не супакойваецца, бо няма нідзе тых берагоў, у лажніцу якіх яна калісьці магла б улегчыся...

Постмадэрн - гэта быццё без сэнсу быцця, быццё без якога-колечы фармуючага цэнтр Абсалюту, быццё без сярэдзіны і берагоў, быццё як татальнасць быцця.

***

Потым я даволі шмат і ў розных выданнях буду сваімі тэкстамі нагадваць пра постмадэрн. З гэтага сёй-той нават стане называць мяне бацькам беларускага постмадэрна. Хаця куды часцей пры згадцы майго прозвішча будзе гучаць толькі лаянкавая лексіка. Што і зразумела: постмадэрн і нацыяналізм, які тады панаваў у беларускамоўнай прасторы, - рашуча варожыя з’явы.

У тую пару ў мяне часта пыталіся: як пісаць постмадэрновыя тэксты? Найбольш цікавы выпадак здарыўся не дзе-небудзь, а ў маім працоўным катуху.

Неяк дачка (тады яна вучылася ў 4 класе) падышла да пісьмовага стала і папрасіла:

- Тата, навучы пісаць постмадэрновыя тэксты.

Я трохі разгубіўся. І таму, што ў чатырохкласніцы з’явілася жаданне пісаць постмадэрновыя тэксты, і таму, што я ніколі не думаў, як пішуцца тэксты, постмадэрновыя ці якія заўгодна іншыя. Для мяне як трава расце, так і пішуцца тэксты - ціха, неўпрыкмет, з прычыны саміх сябе.

Каб хоць трохі скаардынаваць свае думкі, пачаў здалёк:

- Ведаеш, Вераніка, перш чым пісаць постмадэрновыя тэксты, трэба навучыцца пісаць звычайныя вершыкі, казкі, апавяданні.

- Ну дык, гэта ж будзе не хутка,- з сумам уздыхнула Вераніка.

Я зразумеў яе сум і вырашыў хоць як патлумачыць розніцу паміж звычайным і постмадэрновым тэкстам.

- Звычайны тэкст, - знайшоўся я, - гэта калі кажуць пра нешта ўсур’ёз, постмадэрновы - калі гэтую сур’ёзнасць перасмейваюць. Постмадэрновы тэкст, нават самы сур’ёзны, гэта бясконцае перадражніванне таго, што ёсць, бо постмадэрніст не верыць, быццам тое, што ёсць, гэта праўда, гэта сапраўды тое, за што яно выдае сябе для чалавека.

Ты, напэўна, яшчэ памятаеш, у "Буквары" быў такі сказ: "Мама мыла раму". Дык вось, каб стварыць постмадэрновы тэкст, ты бярэш гэты сказ і, да прыкладу, пішаш:

Мама любіць

Рамы мыць.

Тата любіць

Шыбы біць.

"Мама мыла раму" - звычайны тэкст, а дражнілка, якую мы толькі што прыдумалі, - постмадэрновы. Xаця гэта, можа, і не лепшы прыклад. Давай пашукаем яшчэ што, больш выразнае. Скажам, ты калісьці вучыла на памяць верш Пімена Панчанкі "Герой".

Злосна сказаў: "Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне".

I лёг на змяіныя скруткі дроту

I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

З гледзішча сацрэалізму - бліскучая страфа (ды і ўвогуле бліскучая). I хаця ва ўсім вершы няма ні каліўца праўды і гэты "герой" цалкам прыдуманы паэтам, але якая рытарычная фігура - цуд! Другая страфа значна слабейшая, затое ў трэцяй зноў усё выдатна... Толькі мы адхіліліся. Значыць так, ты бярэш пачатак трэцяй страфы: