Выбрать главу

Спад цікаўнасці да інтэлектуальнай літаратуры, які мы назіраем сёння, не забівае яе (па-ранейшаму пішуцца неблагія вершы, апавяданні і п’есы, выдаюцца ўсе старыя і некалькі новых часопісаў), але, парадаксальным чынам, робіць яе яшчэ больш элітарнай, вучыць нас пісаць ужо не для ўсіх, а толькі для нямногіх. Літаратар сёння свабодны, як ніколі раней, бо ведае, што за напісанае не атрымае ні ордэна, ні кватэры, ні турэмнага тэрміну ці якога яшчэ прыстойнага ганарару. І гэта дае падставы, напрыклад, лідэру ТВЛ Алесю Аркушу заклікаць да ператварэння прыгожага пісьменства ў свайго кшталту балет літараў і сімфанічную музыку гукаў, да канчатковага вызвалення яго ад ленінскага прынцыпу "народнасці" - ідэалагічнай машыны вытварэння "народных пісьменнікаў" (гл. "Ксеракс беларускі" №3).

Чым менш абывацеляў удзельнічае ў літаратурным працэсе (у якасці тых, хто піша або чытае) - тым менш "здаровага сэнсу" пранікае ў напісанае. Літаратура сёння, не зважаючы на пэўную настальгію па вялікім чытачы, цешыцца сваёй свабодай ад яго, расцякаецца морам дзівосных эксперыментаў і галюцыянацыяў. Напэўна, не дарма Юрась Пацюпа ў тым жа нумары "Ксераксу" атаясамляе сучасную літаратуру з таямнічай глюкаўкай: "Глюкаўка - прадукт працы, які не мае кошту пры каласальных затратах індывідуальнай працы. Яна - ідэальны шэдэўр, калі мастацкая творчасць - гэта вытворчасць жыццёва непатрэбных рэчаў".

У гэтым тэзісе мы знаходзім тлумачэнне адрознасці кансерватыўнага рэалізму ад рэвалюцыйнага шызапісьма: рукой вольнага літаратара водзіць не пачуццё грамадзянскага абавязку і не разлік на годную аплату сваёй працы, а сіла бессвядомага, абыякавага да ўсялякіх разлікаў і абавязкаў Жадання, пра якое Ж. Дэлёз і Ф. Гватары кажуць так: "Жаданне ігнаруе абмен, яно ведае толькі дарунак і крадзёж... Шызафрэнік перайшоў мяжу, за якую рэпрэсіўнае грамадства выдаляе вытворчасць жадання. Ён свабодны, безадказны, адзінокі і вясёлы Заратустра. Ён проста перастаў баяцца з’ехаць з глузду" ("Капіталізм і шызафрэнія"). (...)

У адрозненне ад постмадэрнізму шызарэалізм не адварочваецца ад рэчаіснасці, ад пякучых душу сацыяльных і метафізічных праблем, адмаўляецца ад уцёкаў у выдуманы (вытрызнены) свет: дзівосаў хапае і побач з намі. У адрознасць жа ад рэалізму яму замала аднаго, хай сабе і добра абгрунтаванага, гледзішча: адбыўшыся шэзафрэнік - нешта большае, чым адзін чалавек, нават народ, спрасаваны ў адно той ці іншай ідэалогіяй. Шызарэалізм не мае трывалага, саматоеснага гледзі-шча на аніводную рэч, думку або істоту: усялякі пункт погляду ён ператварае ў лінію, плоскасць і нават раскрытую на ўсе бакі, на 360 тысяч градусаў прастору сузірання (прыгадаем зборнік "Шлях-360" Алеся Разанава). (...)

Увогуле, у адрознасць ад постмадэрністаў я лічу магчымым развіццё абсурду, захлынуўшага свет, да атрымання новых або вяртання страчаных сэнсаў. Мэтай шызафрэнічнага падарожжа з’яўляецца пункт гледжання, дзе ўжо відаць зіхценне новых сэнсаў на даляглядзе яшчэ абсурднага тэксту, жывапіснага ці харэаграфічнага твора. Новыя сэнсы павінны не прамаўляцца, а толькі прадчувацца, як ранішняе сонца за халодным ускрайкам зямлі".

***

Нехта любіць кіслае, нехта салодкае, а я люблю таленавітае. Таму для мяне абсалютна неістотныя эстэтычныя схільнасці ды прыхільнасці аўтара. Класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн, постмадэрн. Гэта ўсё адно - калі таленавітае. Вось чаму ў сшытку суседзілі як класічныя тыпы пісьма, так і ўльтрасучасныя. Хаця нейкі час выглядала, што рэй вядуць постмадэрністы. Але гэтаму, пэўна, хутчэй спрыяў эфект іх радыкальнай навізны, якая, натуральна, найперш кідаецца ў вочы.

Я вылучыў некалькі аўтараў з невялічкімі тэксцікамі, каб хаця б мімаходзь праілюстраваць той тып пісьма, з якім нашыя хлопцы спрабавалі разбурыць маналіт таталітарнай літаратуры. Гэтак з аднаго боку. А з другога - пашукаць сябе там, дзе раней беларусы нікога і нічога не шукалі.

Ільля Сін

Ілля Сін памёр

белая ломкая газэтная папера са сьвежым пахам паліграфскай фарбы прыемна храбусьцела на зубах, паступова заглытваючыся ва ўнутр. Там былі зграмоджаныя недабітыя шклянкі, тара з-пад ацэтона, цёплая коўдра, шыбеніца для слізьмакоў, некалькі ветракоў і нават адзін здохлы папугай у кутку. Ягоная тужлівая песня поўнілася сапраўднай шчырай любоўю да Айчыны. На сцяне вісеў невялічкі адбой-ны малаток, а пад ім валяліся кавалкі карціны "Узыход сонца над цемрай". На іх спачываў С, а П разлёгся ў адным з шуфлікаў тумбачкі. Раз-пораз прачынаючыся, сябры працягвалі сваю доўгую гутарку адносна вартасьцяў у мастацтве, коштаў на камбікорм і г.д. На стале стаяла зьмерзлая і зьледзянелая гарбата. Аднекуль згары падалі белыя пушынкі, больш падобныя на прысак.