Выбрать главу

А пасьля Ільля Сін памёр.

Зміцер Вішнёў

Клёкатамус

За мутным шклом у пакоі А з раслін В асыпаліся рознакаляровыя лісці і краскі. Там сядзела чорная кошка з вачыма, падобнымі да пробак ад "Пшанічнай". Там вісеў малюнак 5х5 (з выявай дурня, які п’е кісель). Там стаяла эбанітавая тумба з гадзіннікам (у выглядзе голага ідыёта), які цікаў у зваротным напрамку. Там ляжалі кнігі (99) з назвай "Казкі ад дзядзькі афрыканца". Там ляжаў паласаты пехцяр з дзіркамі, падобнымі да гайкавёртаў. I вось сярод гэтай пышнаты, нібы струк чырвонага перцу, чалавек па імені - Я.

Я (дакладней ён) сядзеў у адных абрыкосавых плаўках на бегемотазэдліку. Сядзеў Я і размахваў рукой з алоўкам. Сядзеў Я і лаяўся.

Раптам - званок. Прыйшоў чалавек - Ён. Увесь у жоўтых гумовых латках. I сказаў Ён адно слова:

- Клёкатамус.

Раптам - званок.

Прыйшоў чалавек - Той. У трусах, баталах, пальчатках, цыліндры і акулярах. I сказаў Той два словы:

- Клёкат Тамус.

Пазней прыляцелі плоскія зялёныя птушкі. Яны тры разы пракрычалі:

- Клёк Катам Мус! Клёк Катам Мус! Клёк Катам Мус!

Паказалі барвовыя язычкі. Паплявалі на крылцы. Паскакалі. I паляцелі.

Альгерд Бахарэвіч

Паўночная Асетыя

А пятай ільдзіне, калі мае свойскія жывёлы вярнуліся да хаты, я заўважыў на іхніх лапах Паўночную Асетыю. Паўночная Асетыя спаўзла з лапаў на ліноліюм і насьцярожана прынюхалася. Потым яна зьнікла, але ненадоўга. Я абіраю бульбу - яна танчыць на кончыку нажа. Я палю цыгарэту - яна хаваецца ў дыме.

Паўночная Асетыя - надта зменлівая дама, і калі ты захочаш яе ўявіць, уяві імгненне, якое захутала ногі ў пухнатую коўдру і п’е гарбату.

Зьмяркалася. Мае свойскія жывёлы павячэралі й леглі спаць. Заснулі яны хутка - катаньне на лыжах па марозе спрыяе здароваму сну. Толькі вось іх сакавітыя адрыжкі перашкаджалі спаць мне. Я ляжаў з заплюшчанымі вачыма й думаў: пра што - няважна. Раптам дзьверы зарыпелі, і ў спачывальню зазірнула Паўночная Асетыя. Яна падумала, што я сплю, ціхутка прычыніла дзьверы і прайшла ў залю.

Спачывальня была сумесная з заляй. Іх адзьдзяляла тонкая сценка, а ў сценцы была шчыліна, праз якую ўсю залю цудоўна відно. Я ўладкаваўся ля шчыліны, імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў, каб не пабудзіць сваіх свойскіх жывёлаў. У залі граў духавы аркестр. Пад ягоныя ўсхліпы віхурылася - ад тэлевізара да канапы - некалькі джэльтменаў і лэдзі. Паўночная Асетыя стаяла ля шафы з нейкім чуваком у смокінгу. Чувак быў п’яны й шаптаў Паўночнай Асетыі на вуха: "Я ня буду пісаць пра жаночыя вусны, ня буду... Xай Міхасевіч піша! Я бы мог напісаць, што яны падобныя на дзьве гары ў промнях світальнага сонца, што гэтыя горы адбіваюцца ў возеры з чыстай крынічнай вадой, але не буду!" Гарачы подых казытаў Паўночнай Асетыі вуха і яна сьмяялася, сьмяялася, сьмяялася...

Тое, што я ўбачыў, мяне асабліва не здзівіла: у маёй залі штовечар адбываюцца ўсялякія штукі. Здаецца, нічога цікавага: дзеці з пажарным кранам - маці, што пахне прасам - стыне пірог ружовы - горача ў роднай хаце. Але цяпер было нешта ня тое. Ня тое... ня тое... Духавы аркест граў усё гучней, і раптам я зразумеў.

- Кантрабас фальшывіць! - закрычаў я, але мяне ніхто не пачуў.

- Кантрабас фальшывіць!!! - крыкнуў я яшчэ раз, але свет не зрушыўся.

Тады я ўскочыў на ногі і пабег у залю, бразнуўшы дзьвярыма так, што мае свойскія жывёлы папрачыналіся й зараўлі, хто як умеў. А я. Я спыніўся на парозе, бо ў залі нікога не было - толькі жоўтая скамянелая стома.

Як доўга я не ездзіў па марозе зь ледзяных узгоркаў, калі соплі ў носе і вецер у твар, і з-пад лыжаў церушыцца Паўночная Асетыя. Можа б тады я спаў здаровым сном. Як свойская жывёла.

Услухайцеся: Паўночная Асетыя. Паўночная Асетыя для тых, хто ЧАКАЕ. Паўночная Асетыя. Ты і я.

Бадай, найбольш выразным прыкладам плённай агрэсіі постмадэрна ў шырокія колы грамадства сталася газета "Навінкі". Постмадэрная паводле азначэння гэтая масавая газета была афіцыйна зарэгістраваная ў 1999 годзе і прадавалася ў дзяржаўных кіёсках. (Яе стварылі Лёлік Ушкін і Паўлюк Кавальчук.)

У адрозненне ад інтэлектуальных падзеяў, якія не губляюць сваёй вартасці, калі застаюцца ва ўжытку хаця б нейкага абмежаванага кола, вартасць эстэтычнай з’явы спраўджваецца адно тады, калі яна, хай сабе і ў адаптаваным выглядзе, заваблівае шараговага спажыўца. У гэтым сэнсе досыць папулярная газета "Навінкі" фактам свайго з’яўлення засведчыла, што постмадэрн на Беларусі ўжо адбыўся як эстэтычная і, больш за тое, светаглядная падзея.