Выбрать главу

Ілля Сін

Маніфест Х

(скарочана)

Х з’яўляецца задзіночаннем людзей, якім надакучыла. Нудота - вось што забівае нас, але адначасова і падштурхоўвае да дзеяння, і мы нешта чынім, пішам творы і ствараем усялякія літаратурныя аб’яднанні ды партыі.

Мэта Х: 1. Уплыў яе сяброў на аб’ектыўнае становішча рэчаў. У гэтым дачыненні Х з’яўляецца арганізацыяй не дэмакратычнай, а хутчэй аўтататалітарнай, бо за мэту прымаецца неабмежаваны ўплыў нейкай абмежаванай колькасці асобаў на шырокія пласты грамадства.

2. Звяржэнне з пастаменту аб’ектыўных ісцінаў і замена іх суб’ектыўнай бязглуздзіцай. Кожны чалавек мае права абсталёўваць свет на свой лад.

3. Здзек са святыняў (маральныя устоі, культура, іерархіі каштоўнасцяў і г.д.). Мы не сцвярджаем, што яны недасканалыя, але ўсё, што створана, мусіць быць дэканструяванае на ўзроўні асобы.

Шляхі дасягнення: эпатаж і буйнамаштабныя правакацыі. Эпатаж - сродак самаабароны Асобы ў грамадстве эпохі постмадэрнізму.

(...)

Х не можа мець пэўнай структуры і не прадугледжвае аніякіх кіраўнічых пасадаў. Індывідуальнасць кожнага з яе сяброў мусіць напоўніцу прымацца ўсімі. З гэтай жа прычыны арганізацыя не можа мець аніякае агульнапрынятае сімволікі і мастацкіх прынцыпаў.

Юрась Барысевіч

Літаратура з першых рук

(фрагмент)

Бум-Бам-Літ - гэта рух за вызваленне літаратуры ад друкарскага станка ды іншых прыладаў індустрыі друкарскага пісьменства, якая ўжо даўно ператварыла паэзію ў нейкую галіну капіталістычнай эканомікі або народнай гаспадаркі сацыялізму. Індустрыялізацыя літаратуры спрычынілася не толькі да апартэіду ўнутры самой мовы (падзелу лексікі на ўнармаваную і вульгарна-жаргонную, друкаваную і моўленую - прычым такі падзел мае месца і ў граматыцы, і ў фанетыцы), але і да класавай сегрэгацыі сярод літаратараў, іхняга падзелу на мэтраў і графаманаў. У эпоху механічнага тыражавання літаратуры значнасць пісьменніка вымяраецца лічбай накладаў ягоных твораў, як жыццёвы поспех бізнесмена - колькасцю нулёў на ягоным банкаўскім рахунку. Калі паэзія сканала - дык, напэўна, таму, што была атручана друкарскімі фарбамі.

Першае, што мы бачым, калі зазіраем у які-кольвек зборнік паэзіі - на белых прасцінах паперы ляжаць чорныя абвугленыя словы. Гэта нават не фатаграфія паэзіі, а толькі яе негатыў, бо пры жыцці гэтыя словы, пакуль з іх не выціснулі душу - дыханне і жывую інтанацыю, былі невымерна святлейшымі за навакольную прастору. У лепшым выпадку, друкаванае слова - гэта стэрылізаваны і абрэзаны па лінейцы цень слова прамоўленага.

Паводле Антанена Арто, у кнігах укрыжоўваецца не толькі паэзія, але і само жыццё, і мы павінны хоць нешта зрабіць, каб вызваліць яго са смяротных абдымкаў паперы.

На сваіх шумлівых імпрэзах бумбамлітаўцы чытаюць уголас зусім незнаёмым, выпадковым слухачам свае невыдадзеныя (а часам - і ненапісаныя) творы. Не проста чытаюць, але і паказваюць, бо многія людзі беларускай мовы не ведаюць, і таму ім цікавей бачыць паэзію, чым яе разумець. Гэта ў літаральным сэнсе жывая літаратура, бо зроблена не з паперы, а з голасу і цела аўтара. Яна дыхае, гаворыць і крычыць, махае рукамі і крыламі.

Паэзія, якая хоча быць сучаснай, павінна не проста прамаўляцца, а пражывацца - г. зн. па магчымасці цалкам супадаць з абрысамі і рухамі цела паэта. Тэкст, які нараджаецца ў вымаўленні і жэстыкуляцыі, нараджаецца "тут-і-цяпер", адначасна з ударамі сэрца, і імкнецца да найбольш чыстага і яснага - цялеснага ўвасаблення. І звяртаецца ён не да розуму аўдыторыі, а да яе ўласнага цела, прымушаючы назіральнікаў не разумець паэзію, а суперажываць яе, хай сабе і на фізіялагічным узроўні, бо толькі ўласныя адчуванні, а не чужыя думкі, здольныя пераадолець чалавечую абыякавасць.

***

Ужо ў наступным нумары "ЗНО", падахвочаны маніфестамі, я адгукнуўся на з’яўленне Бум-Бам-Літа вясёлым тэкстам (скарочаны).

Афрыка - радзіма тазікаў,