Выбрать главу

або Я хачу ў Бум-Бам-Літ

Ніколі не хацеў быць сябрам (членам) Саюза пісьменнікаў, "Тутэйшых", ПЭН-цэнтра, ТВЛ. Не, калі быць зусім дакладным, то адзін раз хацеў, бо пачаў моцна кашляць і з гэтага думаць пра смерць. І не так мяне тая смерць палохала, як вечная нястача грошай. Дзе ж гэта мая жонка, - думаў, - якой да палучкі грошай ніколі не хапае, набярэцца іх, каб прыдбаць труну, замовіць аўтобус ды справіць хоць якія хаўтуры. Дарэчы, з хаўтурамі найгорай, бо чым-чым, а сябрамі і прыяцелямі лёс мяне ніколі не крыўдзіў. Як уявіў сабе, колькі іх адусюль панацягнецца і кожнаму трэба паводле праваслаўнай завядзёнкі тры чаркі наліць (але гэта можа вашым сябрам было б даволі тры чаркі, а маім, ды яшчэ з такой нагоды - смеху вартыя тыя тры чаркі)...

Карацей, як уявіў сабе ўсё гэта, то зразумеў, што пасля хаўтураў маім сямейнікам таксама жыцця не будзе. І вось тады я згадаў, што сяброў (членаў) Саюза пісьменнікаў за дзяржаўны кошт хаваюць і моцна пашкадаваў, што я не сябар (член) гэтага "саюза". Трэба, - пачаў ліхаманкава прыкідваць варыянты, - хуценька сфастрыгаваць якую-кольвек кніжыцу і прасіцца ў "саюз". Тым болей, ў мяне там шмат знаёмцаў, можа паспрыяюць, каб прынялі і за дзяржаўны кошт пахавалі.

Магчыма, я і здзейсніў бы сваю задуму, але раптам кашляць перастаў...

Усё гэта я распавёў дзеля таго, каб шчыра засведчыць, што не хачу ні ў які літарацкі хаўрус. А вось у Бум-Бам-Літ хачу. Бо ў бумбалітаўцаў ёсць Тазік (ні ў кога болей Тазіка няма), і кожны, хто бумбамлітавец, мае ганаровае права грукаць у яго алюмініевае дно.

Мне моцна карціць грукнуць у Тазік, толькі ў бумбамлітаўцы мяне не возьмуць, бо бумбалітаўцам нельга стаць, як сябрам Саюза пісьменнікаў, бумбамлітаўцам трэба нарадзіцца. Тут я маю на ўвазе не столькі біялагічны факт народзін, хаця гэта, як вы разумееце, таксама істотна, колькі экзістэнцыйны.

Няма ніякіх шанцаў зрабіцца бумбамлітаўцам таму, хто сфармаваўся як літаратар у эпоху сацрэалізму. Але не нашмат болей шанцаў і ў таго, хто сфармаваўся як літаратар, змагаючыся з сацрэалізмам вонкі і ў самім сабе.

Для бумбалітаўца сацрэалізм і не ўтульнае жытло, і не страхалюдная вязніца, а ўсяго адзін з эстэтычных дыскурсаў адкрытай ва ўсе бакі постмадэрнай прасторы.

Бумбалітавец - ад прыроды натуральны постмадэрніст. Ён не выбірае постмадэрн з таго, што той яму падабаецца. Бумабалітавец проста не можа не быць постмадэрністам, як негр не можа не быць неграм.

(...)

Дарэчы, ці чулі вы, што бумбалітаўцы збіраюцца ў Афрыку. Насамрэч збіраюцца. (Між іншым, заўважце, у Афрыку, а не па месцах баявой славы гетмана Астрожскага і не па месцах працоўнай славы будаўнікоў Мірскага замка, як гэта зазвычай рабілі і па сёння робяць літаратурныя папярэднікі бумбамлітаўцаў.)

Я не пытаўся ў слупоў Бум-Бам-Літа чаму ў Афрыку, а не, скажам, у Антарктыду? І не буду пытацца, бо не перакананы, што яны самі гэта ведаць. А я вось ведаю. Пацягнула бумбамлітаўцаў менавіта ў Афрыку таму, што Афрыка - радзіма тазікаў. І хаця тамтэйшыя тазікі называюцца тамтамамі, этымалагічная пераемнасць відавочная. Як відавочная пераемнасць функцыянальная, эстэтычная і сакральная.

Але Афрыка не толькі радзіма тазікаў, яна - прарадзіма Бум-Бам-Літа. Гэтую выснову я раблю вось з чаго. Культуралагічную прастору Бум-Бам-Літа арганізуе бумбамістае рэха ад грукання ў дно Тазіка. Аднак і культуралагічная прастора Афрыкі была арганізаваная рытмагукамі тамтамаў, якія адвеку нагадвалі кракадзілам, джунглям і акіянам, што акрамя іх у сусвеце ёсць яшчэ нехта. А чалавеку (гэта значыць негру, прапродку бумбамлітаўца) гэтыя гукі ў непралазных джунглях былі тым самым, што перагук званоў хрысціянскаму адлюдніку ў Налібоцкай пушчы.

Таму на заканчэнне сваіх разваг хачу звярнуцца да беларускіх спонсараў. Дапамажыце, чым атрымаецца, каб бумбамлітаўцы змаглі наведаць сваю (і Тазіка) гістарычную прарадзіму. Самі разумееце, як сэрца па радзімай старонцы баліць.

P.S. ...Між іншым, трохі пазней на нейкім літаратурным фестывалі Уладзімір Арлоў са сцэны сказаў, што ахвяруе ў фонд афрыканскага падарожжа Бум-Бам-Літа свой сціплы ўнёсак і паклаў у тазік адзін амерыканскі даляр.

Бумбалітаўцы тады моцна ўзганарыліся, бо такім спосабам знакаміты пісьменнік як бы ўхваліў іхні чын. Што на пачатку рушэння было надзвычай істотна.

***

Яны і потым заставаліся неабыякавымі да таго, як успрымалі іх жывыя класікі. Пры кожнай магчымасці Зміцер Вішнёў пытаўся, што тыя (Быкаў, Барадулін, Бураўкін, Некляеў...) думаюць пра Бум-Бам-Літ? Досыць парадаксальная сітуацыя. Гэта, лічы, тое самае, калі б кат на эшафоце чакаў ад сваёй ахвяры камплімента. Бо не толькі сваімі маніфестамі, але ўсім корпусам тэкстаў бумбалітаўцы адмаўлялі традыцыйным пісьменнікам у праве на актуальнае месца ў літаратуры. Аднак я не стаў бы параўноўваць бумбалітаўцаў, скажам, з рускімі футурыстамі. У эпоху постмадэрна нешта падобнае выглядала б глупотай. Паколькі актуальнасць зусім не вяршынства, а ўсяго толькі актуальнасць тут і цяпер.