Выбрать главу

Як толькі яны ўвайшлі ды павіталіся, адразу і здарыўся анекдот. Яшчэ не зачыніўшы за сабой дзверы, Пётр Кэньпінскі выгукнуў:

- О, Бум-Бам-Літ - гэта клас! (Ці нешта падобнае да таго.)

- Якія файныя хлопцы (ці нешта падобнае да таго), - пацвердзіў Кшыштаф Чыжэўскі.

Я выхаваны чалавек, і таму нейкі час не глядзеў у бок Ігара Бабкова. Канешне, у яго меліся моцныя аргументы супраць бумбамлітаўцаў, але чаго яны былі вартыя цяпер, калі першае, што ён пачуў у Македоніі ад толькі што сустрэтых польскіх калег - гэтае захапленне Бум-Бам-Літам.

Значна пазней, ужо ў Мінску, я даведаўся, што Пётр Кэнпіньскі надрукаваў у сваім часопісе "Час культуры" артыкул пра Бум-Бам-Літ. Калі часопіс патрапіў мне ў рукі, то высветлілася, што там не толькі пра "маіх" хлопцаў.

Пётр Кэнпіньскі паспрабаваў даць агульны абрыс культурнай сітуацыі сучаснай Беларусі, але, безумоўна, галоўным яго героем выступаў Бум-Бам-Літ. Больш за тое, лагатыпам "Бум-Бам-Літ" аўтар увогуле пазначаў усё тое новае, нестандартнае, рэвалюцыйнае, што з’явілася апошнім часам у нашай літаратуры...

Дарэчы, я адразу пераклаў ладную частку таго артыкула з польскай мовы і надрукаваў у "Культуры".

***

У тыя гады журналісты ды літаратурныя крытыкі часта дзівіліся з мяне: чаму гэта сталы мужык (даўно барадаты) хаўрусуецца з яшчэ ні разу не голенымі падшыванцамі? Кожны раз я адказваў па-рознаму, але найбольш у смак казалася наступнае: мне больш цікава быць з тым, хто яшчэ нічога не напісаў, чым з тымі, хто ўжо напісаў усё.

І гэта была праўда, хаця галоўную праўду я зразумеў адно цяпер, калі пачаў фастрыгаваць хронікі і напісаў: "...пасля эсэ «Эгаізм», надрукаванага ў «ЛіМе» вясной 1992 г., усё маё былое крэмзанне паперы як карова языком злізала. Знікла дазвання. Гэта значыць, што насамрэч толькі ў 42 гады я надрукаваў свой першы тэкст".

Гэтая нечаканая эўрыстыка шмат што патлумачыла мне самому ў маіх персанальных стасунках з літаратамі і філосафамі ранейшых пакаленняў, калі я тым ці іншым чынам пачаў да іх далучацца. Часам амаль роўны з імі гадамі, я заўсёды пачуваўся сярод іх пачаткоўцам. Да месца згадалася, як ужо ў часопісе "Крыніца" Някляеў з Разанавым зачынілі мяне ў адным з пакояў рэдакцыі з пагрозай: калі не стану звяртацца да іх на "ты", то яны не адчыняць мне дзверы да бліжэйшага Апакаліпсісу. Толькі нічога ў іх не атрымалася...

А вось з бумбамлітаўцамі я быў літаратурным раўналеткам. Мы з імі, лічы, у адначассе пачалі пісаць сваю літаратуру. Хіба з той розніцай, што для мяне гэта ўжо была другая спроба, а яны спрабавалі яшчэ з "чыстага ліста".

Была ў гэтых хлопцаў яшчэ адна рэдкая ваба, якую мала хто мог разгледзець за творча выпендрожнымі і пабытова скандальнымі біяграфіямі. Так, яны не аднойчы патраплялі ў міліцэйскія пастарункі, так, пасля лішняй чаркі маглі да крыві пабіцца міжсобку, так, у гуллівым настроі без перабору чапляліся да дзяўчат, так.

Але пры гэтым яны нават ведаць не ведалі, як можна здраджваць, хлусіць, ліслівіць перад кімсьці, абгаварыць канкурэнтаў па літаратурным цэху, тым болей шкодзіць ім.

Я б нават сказаў, што этычная цнота, якая атуляла іх духовыя эманацыі, была аж залішне шчыльнай. Таму, нягледзячы на шырокую вядомасць, яны лічы ўсе гады заставаліся без замежных грантаў. Ды і ўвогуле, калі нейкая дапамога звонку і здаралася, дык хіба гады ў рады. Бо самыя чыстыя дармовыя грошы, відаць, заўсёды патрабуюць, каб рукі былі не зусім чыстыя. А ў іх яны былі менавіта чыстымі.

Ну і апошняе ў гэтым пафасным пераліку. Сумоўнічаць гадзінамі за куфлем піва (ці чаркай чаго там яшчэ) з Юрасём Барысевічам, Іллём Сінам, Альгердам Бахарэвічам і шмат з кім яшчэ - было сапраўднай інтэлектуальнай асалодай. Бум-Бам-Літ быў першым інтэлектуальным хаўрусам беларускіх літаратараў. І хаця там хапала самага рознага люду, але рэй вялі менавіта інтэлектуалы.

***

У 1998 годзе бумбамлітаўцы выдалі зборнік тэкстаў, які назвалі "Тазік беларускі". Мне назва спадабалася. Постмадэрная гульня з класічнай "Дудкай беларускай" Францішка Багушэвіча ідэальна пасавала канцэпту Бум-Бам-Літа.

Зборнік прэзентавалі восем слупоў і хросны бацька. Кожны з аўтараў да сваіх тэкстаў мусіў дадаць уласны малюнак. Я спрабаваў адпрасіцца, бо ну зусім не ўмею маляваць. Толькі мне не саступілі. Нічога лепшага не прыдумаўшы, шчыльна запоўніў аркуш паперы адным і тым жа сваім аўтографам. Між іншым, атрымалася, здаецца, неблага.

Усе хлопцы былі моцна таленавітыя, таму зборнік атрымаўся вартым увагі. І яна была, хаця, магчыма, слупы чакалі большага розгаласу.

У гэтым розгаласе бадай самым грунтоўным і ёмістым артыкулам вызначыўся паэт і літаратурны крытык Леанід Галубовіч. Таму трохі працытую з ягоных рэфлексій, надрукаваных у "ЛіМе".