Выбрать главу

"Ужо месяц ляжыць перада мной на стале "Тазік беларускі" - альманах творчай суполкі "Бум-Бам-Літ"... Я чытаў яго спачатку і з канца, з сярэдзіны і па дыяганалі, зверху ўніз і наадварот - усяк не сумна, па-рознаму цікава... І чытаць, і сузіраць. (...)

Акінуў памяццю нашу літаратуру, што ўзгадаецца, як папярэдняе " бум-бам-літу " ?

"Узвышша", "Маладняк", "Тутэйшыя", "тэвээлаўцы".

"Тутэйшыя" блізкія па амбіцыях, накірунках, талентах і асобах - да "Узвышша", "Бум-Бам-Літ" - хай не крыўдуюць не тыя і не гэтая - да "Маладняка"... Я хачу сказаць, што ў пераважнай большасці сваёй яны такія ж хаатычныя і шукаюць сабе пэўнай заангажаванасці. Іншая справа - калі, дзе і кім... (...)

Тэксты спадара Барысевіча я чытаў з такім нязмушаным эстэтычным задавальненнем і разумовым асляпленнем, што нават яшчэ разгарнуў вокладку кніжкі, каб упэўніцца: што гэта - "Тазік беларускі" ці саліднае культуралагічнае выданне кшталту "Фрагментаў"?

Пра Валянціна Васільевіча Акудовіча я ўжо казаў больш чым трэба - ён і так вялікі галавой, а ў цёмных акулярах і пры барадзе - рыхтык наш літаратурны "Чэ Гевара". (...)

Асобна я выдзеліў бы Віктара Жыбуля. У зборніку выдрукавана яго паліндромная паэма "Рогі гор". Класная рэч, я вам скажу! Ну, калі ўжо скупы на пахвалу Алесь Разанаў, пачытаўшы, паказаў вялікі палец!.."

Ад сябе замест кропкі ў гэтым аповедзе пра "Тазік беларускі" адзін з вершаў Усевалада Гарачкі.

Не хадзі на завод.

Там рагоча

Страшэнны рабочы.

Не хадзі на завод.

А калі дабравата сцямнее -

Чырванее,

Ён бы поўня тады чырванее.

Не хадзі на завод.

Не хадзі на завод.

Кожнай ноччу

Рагоча рабочы.

Не хадзі на завод.

Але толькі ледзь-ледзь развіднее -

Ён чарнее.

Нібы дзірка рабочы чарнее.

Не хадзі на завод!

***

Мне істотна сказаць яшчэ вось што. Многія літаратары з іншых, ад бум-бамлітаўскага, асяродкаў лічылі, што я быў стваральнікам Бум-Бам-Літа (і нядобра касавурыліся ў мой бок). Але калі б гэта было насамрэч так і мая роля тут аказалася вызначальнай, дык я б ад пыхі ўжо даўно пэнкнуў, як перадзьмуты балончык. Бо гэта ж вам не жарты, быць завадатарам такой гурмы талентаў, да таго ж паяднаных рэвалюцыйнай эстэтычнай задачай.

Насамрэч у падобных меркаваннях усё аблуда. Версія аб маёй загалоўнай ролі ў паўставанні Бум-Бам-Літу з’явілася амаль адразу пасля таго, як у "ЗНО" да маніфестаў слупоў гэтага руху была прыціснутая гуллівая абвестка пра "вечнага хроснага бацьку" Бум-Бам-Літа. Спачатку я пярэчыў супраць прыдумкі наконт сапраўднага стваральніка, а потым скарыўся, бо ніхто не зважаў на мае пратэсты. З цягам часу я, здаецца, трохі зразумеў, чаму так сталася. Гэтай версіяй нядобразычліўцы (а іх у Бум-Бам-Літа было як у нікога яшчэ) падмацоўвалі творчую нягегласць (з іх гледзішча) бумбамлітаўцаў фактам іх эўрыстычнай несамастойнасці. Маўляў, Бум-Бам-Літ нават аб’явіцца сам сабою не мог, дык пра што тут увогуле казаць...

Што праўда, Серж Мінскевіч ў сваёй кнізе згадвае: "У 1994 г., на папярэдняй канферэнцыі, якую ладзіла ТВЛ, Валянцін Акудовіч у акулярах у кулуарах сказаў: "У культурным беларускім дыскурсе павінна нешта адбыцца, штосьці выбухнуць, штосьці постмадэрнае... Ніхто тады не звярнуў увагу на гэтыя словы, але цяпер зразумела, што ён напрарочыў утварэнне Бум-Бам-Літа".

Толькі напрарочыць і ўтварыць - гэта, як той казаў, дзве канцэптуальныя розніцы.

У каторы раз заакцэнтую, калі я і меў нейкае дачыненне да паўставання Бум-Бам-Літу, дык досыць ускоснае. Болей за тое, па вялікім рахунку Бум-Бам-Літ і не бумбамлітаўцы стварылі. Я ўжо недзе пісаў, што на тую пару беларуская літаратура да апошняга скраю набрыняла чаканнем сябе новай, іншай, постмадэрнай. Карацей кажучы, яна сама была цяжарнай Бум-Бам-Літам. І калі нехта ўсё яшчэ ўпарта не хоча разумець, што Бум-Бам-Літ - гэта жыванароджаны феномен, што гэта сама беларуская літаратура яго спарадзіла, а не нейкая індывідуальная сваволя, дык дазвольце выказаць скепсіс адносна аналітычных здольнасцяў такога недаверка.

Разам з тым, я ніякім чынам не хацеў бы зменшыць і ролю саміх "слупоў" Бум-Бам-Літа ў той падзеі, якую яны ўвідавочнілі сваім феерычным з’яўленнем у тадышнім шэра-панылым дыскурсе беларускага пісьменства. Дзеля вырашэння ўласных канцэптуальных задач літаратура абы каго не абірае.