Выбрать главу

Ніяк не выпадае абмінуць і персанальную ініцыятыву Юры Гарбінскага. У яго атрымалася праз Польскую Акадэмію навук выдаць унікальную анталогію: "Беларуская думка ХХ стагоддзя" (Варшава, 1998 г.), дзе сабраныя найбольш адметныя беларускія тэксты гэтага перыяду з абсягаў філасофіі, рэлігіі ды культуры. У пэўным сэнсе працягам праекта Юры Карпінскага можна лічыць капітальную "Анталогію сучаснага беларускага мыслення", падрыхтаваную да друку з ініцыятывы Беларускага Калегіюма і выдадзеную ў 2003 годзе. Персанальна над ёй працавалі Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, а фінансава гэты праект падтрымаў Васіль Лявонаў. У ёй былі сабраныя лепшыя філасофскія і культура-лагічныя тэксты першага перыяду фармавання сучаснага беларускага мыслення.

Адной з найбольш адметных падзеяў у гэтым залішне сціплым пераліку слушна будзе назваць першы ў Беларусі філасофскі часопіс "Фрагменты" (галоўны рэдактар Ігар Бабкоў).

А далей яшчэ колькі словаў пра ініцыятывы трохі пазнейшага часу, дзе значную ролю адыгрывала ўжо наступная генерацыя беларускіх інтэлектуалаў, якая, у пэўным сэнсе, сама з сябе дэманструе плён стваральнай працы сваіх папярэднікаў. Найперш тут згадваюцца часопісы "Калосьсе", "nihil", "Архэ", "Дзеяслоў", "Скарына", "Партызан", "Зямля Н", "Паміж", "Палітычная сфера"... І хаця ніводзін з іх не з’яўляўся ўласна філасофскім, але кожны ў асобных тэкстах дэманстраваў памкненне да інтэлектуальнай рэфлексіі і тых ці іншых фрагментаў філасофскай веды.

З усяго папярэдняга відавочніцца, што сучаснае беларускае мысленне паўставала і разгортвалася пераважна на старонках розных літаратурна-мастацкіх альбо культурніцкіх выданняў, у прасторы супольных хаўрусаў ці прыватных ініцыятываў - дзе заўгодна, але толькі не на тэрыторыі легітымна вызначаных дзеля гэткага роду дзейнасці прафесійных інстытуцыяў (пад апошнімі разумеюцца Інстытут філасофіі Акадэміі навук, філасофскі факультэт БДУ, кафедры і аддзяленні культуралогіі і гуманістыкі шматлікіх беларускіх ВНУ).

Што і казаць, сітуацыя цалкам ненатуральная. Таму напрыканцы гэтага допісу я і хацеў бы звярнуць увагу на падзею фармальна не самую адметную, але якая, хацелася б верыць, засведчыла пра магчымасць пералому гэтай цалкам ненатуральнай сітуацыі. А менавіта пра семінар Уладзіміра Абушэнкі ды Ігара Бабкова ("Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва"), які некалькі год запар ладзіўся ў Інстытуце сацыялогіі Акадэміі навук з удзелам прафесійных філосафаў з дзяржаўных інстытуцыяў...

Натуральна, на гэтым інтэлектуальнае жыццё не спынілася, але пра тое га-ворка яшчэ наперадзе.

ІНТЭЛЕКТУАЛЫ І ПЛОШЧА

Інтэлектуалы таксама людзі, і нішто чалавечае іх не абмінае. У завею яны настаўляюць каўнер, у спякоту хаваюць нос пад брылём, зімой чакаюць Калядаў, а ўвесну - калі жанчыны распрануцца. Хаця, адрозна ад іншых, інтэлектуалы пры гэтым яшчэ думаюць "трохі пра вечнае" (Янка Брыль). Ну, не абавязкова пра ўласна вечнае, аднак прынамсі пра тое, што не ўбачыіш вокам. Што можна спазнаць адно нястомным думаннем.

А менавіта: як чарапахі трымаюць зямлю, куды хаваецца на ноч сонца, чаму яблык падае на дзірван, а гравітацыя працінае ўсё што ёсць і, магчыма, нават тое, чаго няма. Калі па-добраму, дык яшчэ на самым пачатку сваіх крамзалёў мне трэба было дэканструяваць панятак "інтэлектуал", каб кожнаму было бачна, што я разумею пад гэтым лацінізмам. Толькі неяк не склалася раней. Таму паспрабую зараз...

Адкрываючы сайт Belintellektuals.com, арганізатары прапанавалі мне дыскусію на тэму: "Чым ёсць інтэлектуал?"

Фрагментамі з яе я і распачну раздзел, прысвечаны загалоўным героям нашага часу.

Аляксандр Адамянц: Слова "інтэлектуал" адсылае нас да еўрапейскага культурнага кантэксту... З гэтага і пытанне: ці ёсць падставы казаць пра "беларускіх інтэлектуалаў"? Ці не з’яўляецца выкарыстанне гэтага тэрміну штучным, механічным пераносам заходніх рэалій на беларускую глебу? Магчыма, для нашага беларуска-расейскага культурнага арэала больш арганічным выступав слова "інтэлігенцыя"?

Валянцін Акудовіч: У мяне алергія на даведкавую літаратуру. Таму я ніколі не даведаюся, як прэзентуюць дэфініцыі "інтэлектуал" і "інтэлігент" тлумачальныя слоўнікі. Сам я іх розніцу вызнаю гранічна проста. Інтэлектуал - гэта эўрыстычная катэгорыя, а інтэлігент - этычная. Класічны расейскі інтэлігент у сваёй масе быў не вельмі адукаваным чалавекам і гэтую сваю хібу кампенсаваў этычным імператывам. Але паколькі этычнае як цэлае ўжо даўно аказалася наўсцяж інтэграваным у тэхналагічныя практыкі сучаснай цывілізацыі, дык інтэлігент застаўся без канстытуючай яго функцыі.