Выбрать главу

Зрэштыі, у дэфініцыі "інтэлектуал" цяпер таксама хапае праблемаў з каптуром. Паколькі ў шырокім сэнсе інтэлектуал - гэта той, хто займаецца разумовай (інтэлектуальнай) працай, дык ужо сёння інтэлектуалам можна назваць калі не кожнага, дык кожнага другога. А з улікам таго, што колькасць фізічнай працы, як толькі фізічнай, неўзабаве стане блізу нуля, дык перспектываў у гэтай дэфініцыі таксама не бачна. Але паколькі ў беларусаў яе раней не было, а знайшлася адно кагадзе, дык для сябе я яе абараніў мерай эўрыстыкі, каб як найдалей развесці інтэлектуалаў, якія займаюцца "механічнай" разумовай працай, ад тых, для каго інтэлектуальная дзейнасць ёсць формай эўрыстычнай творчасці.

Вольга Шпарага: У адным з сваіх эсэ вы сцвярджаеце, што той, хто заангажаваны лёсам Беларусі, мусіць перадусім вызначыць праблемай самога сябе, стаць самастойным суб’ектам беларускай прасторы. Інакш кажучы, вызначаць сабе ў задачу не паслугаванне нейкай Ідэі, да прыкладу, нацыянальнай, а крытычнае стаўленне да гэтай Ідэі і да самога сябе як да яе носьбіту (нават калі праз гэта давядзецца адмовіцца ад Ідэі...). Для мяне гэтая ваша тэза і азначае заклік стаць інтэлектуалам. Але, разам з тым, ці не азначае гэта і той факт, што ў Беларусі пакуль няма інтэлектуалаў? І ці лічыце вы сябе інтэлектуалам?

В.А.: Інтэлектуалаў (і ў маім, эўрыстычным разуменні) у нас даволі. Прынамсі, тыя асяродкі, у якіх я пераважна знаходжу сябе, складаюцца менавіта з іх. Магчыма, і залішне самаўпэўнена, але сябе я таксама тарную з інтэлектуаламі. Як жа яшчэ назваць чалавека, які здольны закахацца ў прыгожую думку, як у прыгожую жанчыну? А можа і яшчэ мацней!..

Што праўда, сёння адбываецца татальная мінімізацыя ролі інтэлектуала. Гэтаму свету інтэлектуал як інтэлектуал зрабіўся, лічы, непатрэбным. Яму даволі палітыка, паліттэхнолага і журналіста... Толькі нягледзячы на відавочнасць гэтай тэндэнцыі, мне ўяўляецца надзвыічай істотным, каб у Беларусі выразна акрэсліўся яркі, адметныі і эўрыстычны інтэлектуальны дыскурс. Без яго Беларусь будзе заставацца няпоўнай. Моцна няпоўнай.

В.Ш.: Так сталася, што ў еўрапейскай культуры, прынамсі да эпохі постмадэрну, інтэлектуаламі былі высокаадукаваныя людзі. Аднак інтэлектуаламі іх рабіла не толькі адукацыя, а разуменне неабходнасці свайго актыўнага ўлучэння ў тыя працэсы, што адбываліся ў грамадстве. У гэтым сэнсе, традыцыйным для еўрапейскага інтэлектуала, быў удзел у палітыцы (аб гэтым у прыватнасці нагадвае і М. Фуко). Хаця, недзе з 60-х, сітуацыя на Захадзе мяняецца, і гэта звязана з тым, паводле Фуко, што масам робіцца непатрэбнай кіруючая роля інтэлектуала, паколькі цяпер яны і без падказак пачынаюць разумець, што адбываецца вакол... У звязку з гэтым у мяне будуць наступныя пытанні: ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай; ці абавязкова мусіць інтэлектуал быць гуманітарыем і філосафам; у якіх стасунках, на ваш погляд, сёння знаходзяцца філасофія і палітыка?

В.А.: Тут я хутчэй салідарызуюся з тым Фуко, які фіксуе страту інтэлектуалам сваёй ролі, чым з вамі, Вольга. Насамрэч, у сучаснай рэальнасці інтэлектуал і ягоная праца непатрэбныя ні ўладзе, ні масаваму чалавеку. Хутчэй наадварот - яны ім толькі замінаюць. Калі каму сёння хоць часткова і патрэбны інтэлектуальны плён, дык гэта паліттэхнолагам (яшчэ раз нагадаем паноўную трыяду: палітык, паліттэхнолаг, журналіст), якія зрэдзьчас ім карыстаюцца для сваіх зусім не інтэлектуальных мэтаў. І таму на вашае запытанне: "ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай?" я без сумневу адказваю: толькі там яму і месца. А калі інтэлектуал ідзе ў палітыку, дык ён перастае быць інтэлектуалам. Дакладней, ён сам мусіць выкінуць на сметнік увесь свой інтэлектуалізм, бо яму, як палітыку, гэта будзе адно замінаць. З вядомых мне беларускіх інтэлектуалаў толькі Уладзімір Мацкевіч спрабаваў удзельнічаць у рэальнай палітычнай барацьбе. Хаця я зусім не ўпэўнены, што ягоны інтэлектуалізм яму там дапамагаў.

В.Ш.: І ўсё ж такі, калі інтэлектуал не ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе наўпрост, дык ці трэба яму пазбягаць і крытыкі гэтай барацьбы, дакладней - тых кантэкстаў, у якіх гэтая барацьба адбываецца? Інакш кажучы, ці патрэбна інтэлектуалу крытыкаваць сацыяльнае і палітычнае?

В.А.: Вольга, я бачу, што вам вельмі карціць, каб я сказаў: так, інтэлектуалу неабходна аналізаваць, крытычна асэнсоўваць (а яшчэ лепей - ствараць новую) палітычную рэальнасць. Але ж праблема не стаіць гэткім чынам: трэба ці не трэба? Праблема якраз у тым, што сучаснаму беларускаму інтэлектуалу ад гэтага занятку не выкруціцца - хіба адно збегшы ў вартаўнікі ці вар’яты. Бо калі ён жадае быць публічна запатрабаваным хаця б у пэўныіх колах грамадства і пры гэтым яшчэ зарабляць грошы з свайго інтэлекту, дык яму адно і застаецца займацца альбо аналітычнай журналістыкай (здаецца, атрымаўся аксюмарон), паліттэхналогіяй ці непасрэдна палітыкай (і першае, і другое, і трэцяе, як ужо казалася, кастрыруе ў ім уласна інтэлектуала).