Выбрать главу

Нідзе болей і нікому інтэлектуал сёння не патрэбны і задарма. Таму дыскурс палітыкі, як глухая беларуская багна, ужо амаль праглынуў шэраг найбольш адметных беларускіх інтэлектуалаў. Да прыкладу, пералічу хоць колькі прозвішчаў, згаданых похапкам: Алесь Анціпенка, Уладзімір Абушэнка, Лявон Баршчэўскі, Валерка Булгакаў, Аляксандр Грыцанаў, Сяргей Дубавец, Юрый Дракахруст, Андрэй Дынько, Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Фядута...

Мой уласны выпадак не шмат розніцца ад іншых. Усёй сваёй сутвай я заангажаваны ў тое, што прыблізна можна пазначыць як метафізіка адсутнасці. Аднак вось ужо колькі год не магу ўцячы ў тую адсутнасць, бо нікому, акрамя мяне самога, метафізіка сёння не патрэбная. А вось калі згаджаюся казаць пра сацыяльна-палітычнае, дык цягнуць ва ўсе бакі: і ў часопіс, і ў газету, і на радыіё... Ды часам яшчэ і капейчыну заплоцяць за "крытыку сацыяльнага і палітыічнага". А з трансцэндэнтнага не памятаю, каб хоць адзін нішчымны грошык калі вываліўся.

В.Ш.: І як на ўсе сучасныя праблемы можам рэагаваць мы, інтэлектуалы?

В.А.: Тут займеннік «мы» наўрад ці будзе дарэчы, бо працоўнае месца інтэлектуала знаходзіцца ў адзіноце. І таму калі і ёсць у інтэлектуалаў нейкая агульная задача - дык гэта пашыраць і вялічыць дыскурс інтэлектуалізму...

Аднак жа ўсё існуе, каб быць прыдатным дзеля нечага, - заўважыце Вы. Ну так. Толькі каб не было інтэлектуальнага дыскурсу, дык ці адбыліся б мы з вамі як інтэлектуалы, а значыць ці адбыліся б і ўвогуле? Можа, інтэлектуалізм паўстаў і сфармаваўся як дыскурс зусім не дзеля «нечага», а толькі для «некага». Можа, ён і існуе адно дзеля таго, каб было куды прыйсці і было дзе застацца тым, каму кон уплёў у зялёнае вецце жыцця папяровую стужку інтэлектуалізму?

Зрэшты, а чым яшчэ ёсць і само жыццё, як не ўсяго толькі месцам, куды можна прыйсці і дзе можна застацца на нейкі час?

P.S. Радыкальна насуперак маёй пазіцыі феномен інтэлектуала тлумачыў Уладзімір Мацкевіч.

"Часам ІНТЭЛЕКТУАЛЫ нешта ствараюць. Але гэта не ёсць сутнасцю іхняга існавання. Сутнасць інтэлектуалаў акурат у спажыванні. Яны не творцы, а спажыўцы. У тым ліку і інтэлектуальных прадуктаў. ІНТЭЛЕКТУАЛЫ роўна настолькі ІНТЭЛЕКТУАЛЫ, наколькі яны спажываюць інтэлектуальную прадукцыю. Яны чытаюць філосафаў і мысляроў мінулага. Чытаюць для таго, каб выносіць меркаванні ў сучаснасці" ("Самавызначэнне беларускага інтэлектуала").

***

Гэтай дыскусіі ўжо шмат год. Што і казаць, за прамінулую пару рамантызму ўва мне значна паменела. І каштоўнасць інтэлектуалізму як такога ўжо не бачыцца настолькі бясспрэчнай, як раней. Разам з тым наша інтэлектуальная рэвалюцыя па-ранейшаму ўяуляецца мне феерычнай падзеяй. І сама па сабе, і як магчымасць нарэшце спатоліць прагу мыслення, ад якога мы былі адлучаныя невядома колькі часу. Але найбольш актуальным у ёй было тое, што без крытычнай рэфлексіі і самарэфлексіі мы заставаліся неспазнанымі дзеля саміх сябе і з гэтага як бы недапраяўленымі для астатняга свету. Між іншым, з гэтай сітуацыі непрааналізаванасці і неадрэфлексаванасці Беларусі ў пачатковыя гады незалежнасці атрымалі шэраг вельмі сур’ёзных сацыяльна-палітычных праблемаў ды канфліктаў...

Якраз пра ўблытанасць інтэлектуалаў у каламуць рэальнасці я і хацеў бы распавесці далей.

Святлана Алексіевіч у адным з сваіх інтэрв’ю сказала прыкладна наступнае: "На барыкадах немагчыма разгадаць загадку жыцця. Барыкада - гэта не месца для мастака". Неўзабаве на Радыё "Свабода" Юры Дракахруст запытаўся: ці згодны я з такім меркаваннем?

- Часткова спадарыня Святлана мае рацыю, - пагадзіўся я, - барыкада не месца для мастака. Але мастак - гэта не нейкі штучны голем, а чалавек у рэальным жыцці. І ў гэтага чалавека ёсць свая грамадзянская пазіцыя, калі яна, зразумела, ў яго ёсць, нейкія ідэалы і каштоўнасці, якія ён гатовы аберагаць, а часам нават і бараніць на барыкадах. Інакш кажучы, на барыкады ідзе не мастак, а грамадзянін.

Пачынаючы ад знакамітых "Дзядоў" (Маскоўскіх могілак) на шматтысячных шэсцях ды мітынгах можна было сустрэць бальшыню нацыянальнай эліты: літаратары, філосафы, мастакі, музыкі... Каго тут толькі не было! Відаць, яны першыя адчулі ў сабе патрэбу грамадзянскага чыну, дашчэнту вынішчанага ў людзях за семдзесят год панавання камуністычнай ўлады.