Выбрать главу

Гэтак з аднаго боку, а з другога - вылез з бульбы нацыянальны чалавек, які раней, можа, і не ведаў, што хоча быць не толькі "пашпартным беларусам" (Сяржук Сакалоў-Воюш), а канкрэтным, такім жа канкрэтным, як француз ці швед. І калі над натоўпам залуналі бел-чырвона-белыя сцягі, а з мегафонаў загучала ўпэўненая беларуская мова, ён у момант зразумеў, чаго яму раней не хапала дзеля поўнага шчасця.

Лічы, за дваццаць год вулічнага супраціву спачатку камуністычным ўладам, а затым народнаму дыктатару здарылася столькі драматычных і анекдатычных гісторый, што нават калі б усе беларускія інтэлектуалы салідарна пагадзіліся распавесці іх дзеля шматтомнай эпапеі, дык і тады гэта была б адно нішчымная частка. Таму я нават і думаць не думаю пра нейкую маштабную панараму. Ды і не з маімі здольнасцямі пра нешта такое думаць. Я толькі сыпану на старонкі гэтага друкапісу жменьку-другую персанальных успамінаў ды некалькі калектыўных рэфлексій, бо без апошніх якія гэта мемуары інтэлектуала.

***

Вясёлая гэта - справа змагацца з дыктатурай. Гэта як катацца на чортавым коле, калі баішся вышыні. І страшна да жудасці, і дух пераймае ад захаплення.

Палітычны каляндар вулічнага супраціву шмат год трымаўся на трох кітах: Дзень Волі (25 сакавіка), "Чарнобыльскі шлях" (26 красавіка) і "Дзяды" (пачатак лістапада). Яшчэ заўсёды (прынамсі, раней) было даволі іншых вулічных забурэнняў з самых розных сітуацыйных падзеяў, аднак не стану іх пералічваць, бо спіс непатрэбна задоўжыцца, як да мэтаў майго аповеду.

Ужо за некалькі дзён да чарговага шэсця пачыналася лёгкае хваляванне: якім будзе надвор’е, колькі народу збярэцца, стануць улады разганяць мітынгоўцаў ці гэтым разам абыдзецца? Але найбольш трывожыў "хапун". І калі ён будзе, дык наколькі жорсткім? Тут між іншым згадалася, як аднойчы мы сыходзілі на Плошчу з рэдакцыі часопіса "Крыніца" і дзяўчаты з тэхнічнага аддзела літаральна трымалі нас за рукі, каб не хадзілі, бо сёння дакладна будуць і лупцаваць, і хапаць.

- Вы ж таленавітыя, разумныя і нават мудрыя, - казалі яны, - дык што вам з гэтым натоўпам разам рабіць?!

Тады я з посмехам запытаўся:

- А хіба менш таленавітымі і разумнымі былі Сартр ці Фуко, калі парыжскай вясной 1968 года стаялі на барыкадах?

Назаўтра калега, паплечнік і паэт Леанід Галубовіч сфармулюе ўжо сваю версію адказу на запыт дзяўчат:

"Мітынговасць зацягвае, як алкаголь. Кожны з нас пакутуе за Айчыну ў меру сваёй любові да яе. Іду ў шматтысячнай калоне пад бел-чырвона-белымі сцягамі і, пераадольваючы боль у страўніку, крычу разам з усімі "Жыве Беларусь!", ясна пры тым усведамляючы, што не жывем ні я, ні яна, а - хварэем, што час не лечыць нас, а набліжае агонію.

Але мы ствараем міт, бо ведаем, што толькі ў міце адраджаецца з попелу птушка Фенікс...

Што нам дае гэта, апроч надзеі? Адчуванне ўласнага дачынення да стварэння міту - ілюзіі нашага зямнога існавання.

Таму, трываючы боль у страўніку, я крычу на ўвесь Сусвет: "Жыве Беларусь!" укладаючы ў гэтыя словы адзін-адзіны сэнс: Госпадзе, я - грэшны раб Твой, злітуйся - даруй мне грахі мае." ("Зацемкі з левай кішэні").

Дарэчы, яшчэ адзін наш калега, літаратурны крытык Анатоль Сідарэвіч назаўтра не з’явіўся на працу, бо, схоплены і збіты на горкі яблык амапаўцамі, нэндзіўся за кратамі...

***

Звычайна, прынамсі на пачатку змагарнага чыну, мы збіраліся адмысловым хаўрусам: Алесь Анціпенка, Вячаслаў Ракіцкі, Ігар Бабкоў і я. Сустрэўшыся, адразу дамаўляліся, дзе спаткаемся пасля таго, як амапаўцы з міліцыянтамі разгоняць мітынгоўцаў. Тады мабільнікаў яшчэ не было, а ўцякаў звычайна кожны сам за сябе. (Так мелася болей шанцаў праслізнуць скрозь разрывы ў карных аблогах.) Шчасліва ўправіўшыся з уцёкамі, мы зноў хаўрусаваліся разам, каб адзначыць гэтую падзею. О, якой магутнай радасці была тая эмоцыя пасля перажытых хваляванняў ды страхаў!

Зразумела, калі ўлада не разганяла і не хапала, дык мы ўсё роўна потым рушылі ў нейкі офіс або кавярню, каб завяршыць падзею некалькімі куфлямі піва ці чаркай-другой (трэцяй-чацвёртай) чаго-кольвек мацнейшага. Цягам мірнай маніфестацыі да нас звычайна далучаліся сустрэтыя падчас шэсця сябры ды прыяцелі і часам "на піва" збіралася даволі шмат народу.

Між іншым заўважу, што гэтыя грамадска-палітычныя акцыі давалі эфектыўную магчымасць выпадковых сустрэч з тымі, каго ўжо даўно не бачыў. І такіх выпадковасцяў кожны раз здаралася не адзін дзясятак. Больш за тое, многія і прыходзілі на палітычныя акцыі не столькі каб змагацца за вольную волю, колькі каб паказаць сябе іншым, што яны таксама ў трэндзе. Таму само ў сабе шэсце пераважна адбывалася ў фармаце броўнаўскага руху, бо шмат каму карцела выхваліцца перад найбольшай колькасцю знаёмцаў.