Выбрать главу

Што да постфактумных сябрынаў пасля шэсцяў - дык гэта, як кажуць, асобная гісторыя. Там столькі здаралася розных цікавостак! На гэты момант паперадзе ўсіх астатніх чамусьці згадалася адна вялікая піўніца ў Траецкім прадмесці.

Не ў першы раз шэсце канцавалася мітынгам на сходах Опернага тэатра. Толькі мы ўжо даўно не слухалі палымяныя выступы палітыкаў (а што там было слухаць?), і таму як толькі адтапталі само шэсце, дык адразу пачалі маракаваць, у якой з піўніцаў даць адпачынак стомленым нагам. А як вызначыліся ды завіталі, то я меў неверагодна пазітыўнае ўражанне. Піўніца была бітма набітая аднымі маніфестантамі, якія таксама да часу збеглі ад мітынговай нуды. І з гэтага, як вадаспад, без спыну шумела мова, фееверкам раз-пораз выбухала "Жыве Беларусь!" і суладна воклічам грукалі куфлі, расплюхваючы па драўляных стольніцах белую пену.

Тады падумалася, чаму б на прышлы Дзень Волі заклікаць народ не на ўжо абрыдлыя шэсце ды мітынг, а адразу ў піўніцы? І мне ўявілася як а чацвёртай гадзіне 25 сакавіка наступнага года гэтыя тысячы і тысячы маніфестантаў запалоняць у цэнтры Мінска (і не толькі ў цэнтры) усе піўніцы, кавярні ды рэстарацыі і ўсюды вадаспадам будзе шумець мова, расквечаная воклічамі "Жыве Беларусь".

Натуральна, нічога з гэтай маё мары не атрымалася...

***

Жартуючы, часам казаў: за гады і гады мітынгаў, шэсцяў і да таго падобных акцыяў я, напэўна, стаптаў не адну пару чаравікаў, і калі б нашыя хай сабе на некалькі дзён атрымалі ўладу, дык спехам запатрабаваў бы хоць якой кампенсацыі: скажам, пару новых чаравікаў. Толькі яны і дзіркі ад абаранка не атрымаюць, не тое што ўладу.

І зразумеў я гэта даўно, вельмі даўно (ды шмат разоў пра тое пісаў). Дык дзеля чаго тады хадзіў на Плошчу, і нават цяпер, здараецца, абуваю тыя стаптаныя чаравікі?

Ноччу самае прыгожае - зорнае неба над галавой і святло ў акенцы тваёй хаты пасля доўгай дарогі. Днём - зграбны конь на квяцістым поплаве і бел-чырвона-белыя сцягі над плошчай. А яшчэ людзі пад гэтымі сцягамі.

Да таго ж мне моцна падабаецца дыхаць халодным ветрам свабоды. Гэта зусім іншае, чым пачувацца вольным за пісьмовым сталом у абкураным катуху. Тут толькі інтэлектуальная мужнасць, а на плошчы жывая эмоцыя, ускрыленая ўласнай адвагай.

Толькі калі я кажу пра "адвагу", то маю на ўвазе адвагу "выйсці на Плошчу" (Галіч), а не ўпартае стаянне супраць ашалелых ад нянавісці амапапаўцаў, каб скрываўленым іх дубінкамі зваліцца пад шчыты, а потым быць закінутым, як труп, у закратаваную машыну.

Выступаючы на прэзентацыі "Слоўніка Свабоды" (2002 г.) перад шматлікімі ўдзельнікамі змагарнага супраціву я сказаў страшэнна крамольную рэч (асабліва як на той, яшчэ не пераможаны, час). А менавіта:

- Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (згадаем Спартака, Кастуся Каліноўскага, Чэ Гевару...), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Францыі ці Расіі...

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду.

Толькі не трэба блытаць чаканне з пасіўным перабываннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы. Чаканне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы са свабодай.

Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсцем свабоды на Беларусь: мацаваць і вялічыць прастору яе чакання. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў заваяванні свабоды, а ў стварэнні сітуацыі яе масавага чакання. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду — яна Беларусь не праміне!

...Цікава, што ледзьве я паспеў скончыць сваю прамову, як з крэсла ўсхапіўся малады мужчына і раззлавана выгукнуў:

- Спадар Акудовіч, як вы можаце такое казаць? Вы ж філосаф!

***

За ўсе тыя гады і гады хаджэнняў у супраціў міліцыянты з амапаўцамі ні разу не скруцілі мне рукі. Ужо пасля ўдзелу ў першыіх шэсцях з "хапуном" яно неяк само сабой зразумелася, што калі ты не маеш намеру з уласнай волі патрапіць за краты, то забудзься на сорам. У тым сэнсе, што як бяда ў злаякаснай форме наблізілася канкрэтна - уцякай. Ну, зусім не абавязкова адразу на злом галавы. Маючы некалькі вольных хвілінаў (у абодвух сэнсах), пачынай хуценька аналізаваць сітуацыю: вылічы, куды лепей адступацца, за які рог павярнуць, у які дворык схавацца. А калі ўжо становіцца ясным, як божы дзень, што ўсё такое ганарлівае не ўратуе, дык тады зусім не саромся - давай драпака на ўсе ногі. Звычайна доўга за табой не бягуць, калі ты паводле прыкметаў не патрапляеш пад тых, каго "ціхарам" наказана схапіць у першую чаргу.