***
Потым у нейкі час мы на гады згубіліся адзін для аднаго. А як Слава перабраўся жыць у Маскву і ўладкаваўся там настала, то сам знайшоў мяне.
І пачалося ліхаманкавае ліставанне. Нам заўсёды было пра што гаварыць і гаварыць не абы пра што. Але перадусім ён шкадаваў з таго, што ў сваю пару я не застаўся ў Маскве, хаця і меў дзіўную магчымасць. Маўляў, цяпер, як і тады, былі б побач.
Патлумачу o co chodzi... Пасля літаратурнай практыкі ў часопісе "Знамя" мне прапанавалі там працу да заканчэння інстытута. А як наспеў час развітвацца, дык пачалі ўпрошваць, каб я застаўся настала рэдактарам у аддзеле прозы. Нават запэўнілі, што дапамогуць з прапіскай у Маскве.
Я шчыра падзякаваў, толькі адмовіўся, хаця ў Мінску нічога мяне не чакала: ні праца, ні кватэра, ні хоць якая перспектыва. Натуральна, на мяне зноў сталі глядзець як на вар’ята. Кінуць адзін з самых прэстыжных літаратурных часопісаў імперыі з неблагім заробкам - і дзеля чаго?!
А каб я ведаў дзеля чаго. Тады ж яшчэ і знаку не было сапраўднай Беларусі.
Дарэчы, можа яшчэ і таму адмовіўся, што гэты горад, пакінуты сябрамі, мне быў зусім без патрэбы. Урэшце рэшт, для мяне ўся мая Масква, лічы, без астачы была запакаваная ў дом Герцена на Цвярскім бульвары ды ў інтэрнат на вуліцы Дабралюбава. І роля апошняга, бадай, была больш значнай дзеля мацавання маёй духовай эманацыі, чым кафедральны досвед уласна інстытута. Колькасць таленавітых хлопцаў і дзяўчат на квадратны метр у інтэрнаце была проста вар’яцкай (ва ўсіх сэнсах). І ўсё гэта таленавітае без спыну прамаўляла, спрачалася, палемізавала.
А яшчэ тут можна было чытаць, чытаць і чытаць - што паводле праграмы, а што ў дадатак ці ўвогуле паўз яе. І за гэта яшчэ атрымліваць стыпендыю. Неверагодна. Зрэшты, уся літаратурная вучоба паводле сваёй сутвы і ёсць ні чым іншым, як чытаннем...
Карацей, я вярнуўся ў Мінск праз нейкае няўцямнае мне самому парыванне і толькі праз гады зразумеў, чаму сюды вярнуўся. З гэтай відушчы некалі напісалася наступнае:
"Я меў ужо амаль сорак гадоў, калі здарылася Беларусь. І толькі пасля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага па сутнасці жыў у нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто. Праўда, апошняе зусім не азначае, што я жыў ніяк. Паводле мовы тагачасных ідэолагаў, у мяне было "шчаслівае дзяцінства" ў ціхамірным мястэчку Свіслач. А маладосць апынулася яшчэ больш багатай на радасць, бо я атрымаў напоўніцу ўсяго, чаго прагне чалавек у хлапечыя гады - сяброў, кахання, вандровак, ведаў. За тую пару я абножыў, лічы, усе горы "адной шостай часткі зямной сушы" (метанімічны троп Савецкага Саюза), скончыў ці не самы прэстыжны інстытут камуністычнай імперыі (літаратурны ў Маскве) і зразумеў сябе як "трансцэндэнтнага суб’екта" (Кант), гэта значыць, пачуў магутны покліч метафізічнай вусцішы і прыняў яе выклік.
Карацей кажучы, за пару маладосці я займеў сабе ў падставы даволі ўсяго, каб паўнавартасна пражыць астатняе жыццё. І, пэўна, пражыў бы яго не горш за іншых, а пасля сыйшоў бы з дымам у нябёсы праз комін маскоўскага крэматорыя ...
Цяпер, калі я мяркую, што так яно і насамрэч магло збыцца, мне ўмомант робіцца млосна. Як лёгка чалавеку размінуцца з уласным лёсам! І як мала ад самога чалавека залежыць, каб гэтак не сталася. Варта было затрымацца незалежнасці Беларусі, і я ніколі нават не даведаўся б, што насамрэч пражыў сваё жыццё як чужое.
Магчыма, тут шмат хто запярэчыць, маўляў, як бы жыццё ні склалася - яно толькі тваё і з гэтага не можа быць табе чужым. Выглядае слушна, але скуль тады ўсеахопная млосць, калі я падумаю пра сябе без Беларусі?!."
***
Гады ў рады мне ў розных месцах сустракаліся аднакурснікі, пазасталыя ў Маскве, і чамусьці амаль усе яны клікалі вярнуцца. Найбольш кідка (і нечакана) сфармуляваў сэнс майго вяртання Сяргей Іонін, блізкі да нашага курсавога хаўрусу. Ён кудысьці ехаў праз Мінск і завітаў да мяне ў вартаўніцкую каморку. Цягнік быў яшчэ не хутка, таму мы без спеху выпілі "Агдаму" і дасхочу нагаварыліся. На развітанне Сяргей сумна агледзеў маю канцэптуальна завэзганую каморку і сказаў: «Возвращайся, Вал! Москва большая, а умных людей мало». (Забыўся сказаць, што ў літаратурным інстытуце мяне інакш, як «Вал», ніколі не называлі.)
Думаю, не памылюся, калі заўважу, што акрамя сяброўскіх сантыментаў Слава таксама хацеў пакарыстацца маёй схільнасцю да крытычных рэфлексій. І не толькі ў літаратурным, але і ў метафізічным дыскурсе. У Расіі метафізіка, акрамя рэдкіх выключэнняў, заўсёды апыналася за плотам. З гэтага Славе не было асабліва з кім зазіраць у сутарэнні нябёсаў. А тут якраз выбухнулі ў яго касмаганічныя паэмы, замешаныя на метафізіцы з містыкай ды ідэалогіяй рускага паганства адначасна. Усё гэта мы і пачалі абмяркоўваць праз ліставанне.