На плошчы Перамогі я апошні раз зірнуў на бел-чырвона-белыя сцягі (можа, дзеля асалоды, якую адчуваю заўсёды, калі бачу іх лунанне, я яшчэ і хаджу на мітынгі ды шэсці) і развітаўся з хлопцамі, каб праз хвілінаў дваццаць быць ужо на публічнай лекцыі пра сучаснае мастацтва, якую чытаў Міхал Баразна.
Я не аматар публічнага інтэлектуалізму, мне куды больш утульна з кнігай, чым з лектарам. Але Беларускі калегіум толькі распачынае сваю дзейнасць, і трэба было падтрымаць гэты распачын хаця б сваёй прысутнасцю (зноў трэба: на мітынг трэба, на лекцыю трэба). Гэта па-першае. А па-другое - хацелася азнаёміцца, дзе і як усё гата адбываецца, бо праз пару тыдняў самому давядзецца тут выступаць.
Зрэшты, час не быў патрачаны марна, бо хаця я трохі і "адукаваны" ў праблемах сучаснага мастацтва (як-ніяк сем гадоў працаваў у газеце "Культура"), але некалькі момантаў з прамовы Міхала зацікавілі. Праўда, мне падалося, што калі Міхал дзеліць усё мастацтва на таталітарнае і, так бы мовіць, дэмакратычнае, дык ён а ргіогі адмаўляе таталітарнаму мастацтву і ў эстэтычнай каштоўнасці. А між іншым мастацтва папярэдніх тысячагоддзяў было пераважна таталітарным. Дарэчы, калі казаць пра ўласна хрысціянскае мастацтва (абразы і да т.п.), дык тут мера таталітарызму была і застаецца абсалютнай, бо дагмат (асабліва яго "праваслаўная версія") вызначае наперад нават колеры, якія мусяць выкарыстоўвацца пры маляванні твару, апраткі, фону і ўсяго астатняга. Што ніяк не замінае нам высока ацэньваць эстэтычную каштоўнасць многіх твораў дагматычных мастацтваў.
Алесь Анціпенка ў сваім каментары да лекцыі назваў Мінск другаснай сталіцай Расійскай імперыі з адпаведнай архітэктурай. На гэта культуролаг Юрась Барысевіч заўважыў, што ў такім разе Мінску не хапае маўзалея. Публіка пачала з імпэтам абмяркоўваць: каго туды можна было б пакласці?
Дарэчы, публікі было не вельмі шмат, але, у адрозненне ад шэсця, тут гэты факт не засмучаў.
Разыходзіліся хто куды. Мы з Юрасём Барысевічам і Міхасём Баярыным вырашылі пасмакаваць кавы. Пакуль абмяркоўвалі, куды скіравацца, на вочы патрапіла кавярня з назвай "Воля". Натуральна, такую кавярню мы не маглі прамінуць і спусціліся ў скляпенне. Месцы там былі, аднак каву гатавалі толькі распушчальную (як зазвычай, там, дзе ёсць воля, - там нічога вартага болей няма). Мы з Міхасём ужо былі памкнуліся шукаць іншы прытулак, толькі Юрась, пагартаўшы меню, запрапанаваў замовіць па чарцы гарэлкі.
Прапанова была неблагая, аднак мы з Міхасём не змаглі на яе пагадзіцца, бо не мелі грошай. Толькі тут высветлілася, што Юрась у сваёй прапанове і не разлічваў на нашыя грошы, паколькі атрымаў сёння ў газеце "Навіны" (былая "Свабода") ганарар. Зразумела, мы засталіся ў (на) "Волі". Селі за чорны столік у чорныя крэслы. Попельніца, дарэчы, таксама была чорная (падумалася, што "воля", пэўна, сапраўды чорнага колеру, невыпадкова ж гэта любімы колер анархістаў).
Вярнуўшыся дахаты, ужо ў ложку ўспомніў, што як заўтра з’явіцца хэнць, дык трэба будзе перапісаць чарнавік гэтага дня на белы аркуш паперы. Пачаў вылузваць з кантэксту, што можна будзе занатаваць, хаця, яшчэ не паспеўшы перасунуцца з ранку ў дзень, заснуў...
Спаць я люблю. Спаць я люблю больш, чым жыць. Можа таму, што ў сне я ёсць, як няма, і наадварот, мяне ў сне няма, як ёсць?..
Толькі што мяне будзіць ранкам прачынацца?
***
Па сутнасці, часопіс - гэта ягоныя аўтары. Вось чаму ў рэдакцыі няма больш важнай справы, як згуртаваць вакол выдання самых лепшых з тых, што ёсць у наяўным дыскурсе. А паколькі абсалютная бальшыня аўтараў ранейшай "Крыніцы" нам не пасавала, то пачынаць трэба было, лічы, ад пачатку. І першы, інавацыйны, крок у гэтым накірунку быў прапанаваны мной (от жа і люблю хваліцца).
Відаць, тут патрэбная невялічкая прэамбула, якая б патлумачыла, што за савецкім часам было "не прынята" друкавацца ў тых часопісах, у якіх ты працуеш. Так бы мовіць, паводле азначэння. Таму калі мы ў чарговы раз абмяркоўвалі, дзе нам шукаць самых-самых, я нечакана для ўсіх сказаў:
- Пад лаўкай.
Іншымі словамі, ладная частка найбольш адметных тагачасных аўтараў працавала цяпер у нашай рэдакцыі. Таму мая прапанова была наступнай. Забыцца на савецкую этыку і ўсім друкавацца ў "Крыніцы".
- І толькі ў "Крыніцы", - удакладніў сувора, што той Саванарола. - А калі хто здрадзіць, то спаганяць з яго які-кольвечы штраф.