Выбрать главу

У ідэале празаік мусімець грубую, як у насарога, скуру. Каб не тое што скразнякі, а нават і віхуры знадворку не збівалі з роўнага дыхання, якім трымаецца дыскурс яго ўласнага свету. Марсэль Пруст такой скуры не меў, таму наглуха атынкаваў сцены працоўнага кабінета коркавым дрэвам, каб нішто не замінала ўслухоўвацца ў самога сябе. Алесь Асташонак нічога падобнага не зрабіў (хаця было, што імкнуўся), і з гэтага ягоныя лёгкія былі бітма набітыя смуродам эпохі. І адно калі задуха трохі адпускала, ён пачынаў ліхаманкава збіраць у словы сваю пашкуматаную і ўскрай разбэрсаную моўчу. Гэта значыць, адчайна кідаўся да пісаніны, хрыплай, з надрывам і стогнам (што праўда, у самыя светлыя дні не пазбаўленай адметнага гумару) і не адыходзіў ад пісьмовага стала да наступнага прыступу задухі, ад якой спрабаваў вызваліцца алкаголем. Бывала, што і дапамагала, аднак не надоўга...

P.S. Сам не бачыў, другія пераказвалі, што ў Алеся быў сшытак, куды ён выцінаў і наклейваў не толькі ўсе артыкулы, а нават і самыя кароткія згадкі пра сябе ў прэсе. Мы часам пасміхаліся з гэткай яго гіпертрафаванай прагі славалюбства. А вось цяпер, успомніўшы Алеся, падумалася, што ў нейкай з сваіх сутнасцяў успаміны заўсёды ёсць тым самым Алесевым сшыткам. Безумоўна, і мае таксама...

***

Пасля ўцёкаў Алеся Асташонка ў Кіеў ягонае месца ў нашым кабінеце і штатную адзінку ў бухгалтарскіх каштарысах заняў Леанід Галубовіч. Ён стаў знакамітым адразу пасля першай паэтычнай кнігі "Таемнасць агню" (у прыклад адзін з лепшых вершаў адтуль):

Прычакаўшы глыбокага снегу,

Аб’язджаюць каня мужыкі:

Маладому, шалёнаму бегу

Дзве аглоблі сцінаюць бакі.

Ні на міг не правісне ляйчына.

Не папусціць свабоды рука,

І - туды, дзе глыбее лагчына,

Да апошняга правіць рыўка.

Вось ён - потны, загнаны, знямоглы -

Ад тугі і адчаю захроп...

Заўтра стане пакорна ў аглоблі

І без пугі не пойдзе ў галоп.

У адрозненне ад свайго папярэдніка, Леанід любіў аўтараў не менш за мяне. Таленавітага мог запрасіць у госці ці паехаць да яго на вёску. А вось замежную літаратуру і філасофію не надта каб любіў. Хаця гэта як быццам і не мела асаблівага значэння, бо Леанід ўзначаліў аддзел паэзіі, але...

Рэч у тым, што да мяне ў рэдакцыйны пакой раз-пораз завітвалі філосафы, культуролагі, інтэлектуалы розных кшталтаў з бясконцымі размовамі. А Леанід, нягледзячы на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, заставаўся чалавекам вясковай культуры (пра што сам пісаў не аднойчы) і адэптам тады яшчэ татальна вясковай беларускай літаратуры. Не складана здагадацца, што ў сітуацыі нашых мудрагелістых сумоўяў ён пачуваўся не надта ўтульна. І, бывала, помсціў нам у сваіх з’едлівых зацемках. Хаця, як чалавек шчыры і самакрытычны, пісаў і такое:

"Мяняю стары перакідны каляндар 1996-га году на новы. Натрапляю на такія запісы. "Трэба хоць што-небудзь прачытаць з Гегеля! Сорамна перад В.А." "Усё-ткі - прачытаць Гегеля!" "Неабходна прачытаць Гегеля".

Усё гэта на працягу тыдня...

Прачытаў Гегеля. "Навуку лёгікі". Не зразумеў..." (Тут і далей цытаты з кнігі "Зацемкі з левай кішэні").

Леанід не ведаў, што Гегель зусім не мой філосаф, але весяліць тут іншае. Ён думаў, што варта змусіць сябе адкрыць філасофскую кнігу, і ты адразу зможаш яе чытаць, як кнігу прозы ці паэзіі.

Між тым, Леанід быў сапраўдным філосафам, як яго (і мой) любімы Васіль Розанаў, прынамсі ў "Апалых лісцях". Вярэдлівы одум над сэнсам быцця і чалавека ў быцці ніколі яго не пакідаў ні ў вершах, ні ў паэтычна-філасофскіх зацемках. Прыкладам хай будзе хаця б вось гэтая, не аднойчы рознымі аўтарамі цытаваная, карацелька:

"...адно з двух: альбо ў нас ёсьць філязофія, альбо ў нас няма Акудовіча..."

***

Вясковец, электрык, у маладосці настолькі захапіўся алкагольнай вабай, што, як і Міхась Стральцоў, патрапіў у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый). Пакуль сядзеў (працаваў) ля Копыля пад аховай назіральнікаў, мінскае выдавецтва "Мастацкая літаратура" выдала яго кнігу "Таемнасць агню", якая адразу сталася літаратурнай падзеяй. З радаснай нагоды Леанід раздабыў "фугас" (вялікую бутэльку) з як бы вермутам і пачаў чытаць вершы пацыентам, медсёстрам і нават самому "доктару". Зразумела, яго чакала б не абы-якое пакаранне, каб назаўтра брат не прывёз запрашэнне ў Маскву на нараду маладых пісьменнікаў...