Зрэшты, праблемы філасофскага тэксту ні для беларускай, ні для якой іншай еўрапейскай культуры не існуе. Усе мы думаем па-грэцку. Традыцыя еўрапейскага мыслення складаецца з каласальнай колькасці тэкстаў. Што толькі не прадумвалася цягам гэтай традыцыі, на што толькі не звяртала сваю ўвагу мысленне! Якіх кшталтаў і стыляў, якіх формаў і дыскурсаў яно не прымала. Як Пратэй, яно пераўтвараецца разам з спакменямі, застаючыся заўсёды ў іхнім цяні. І сёння, здаецца, ніхто не мае ілюзіі, што мысленне, філасофія - гэта сукупнасць усяго гэтага.
Філасофія - гэтка вечная магчымасць, альбо, як пісаў Гайдэгер - "ціхая ўлада магчымасці".
А што можа быць лепшым за магчымасць?
P.S. 21 год таму ў прадмове да гэтай гутаркі з Ігарам я выказаў меркаванне: "Не выключаю, што менавіта ў прозе яму наканавана здзейсніцца па максімуму".
Ці не праўда, як у ваду глядзеў.
***
Мне не было праблемы надрукаваць у тыднёвіку "Культура" матэрыял з нагоды юбілею (50 год) Алеся Разанава, бо пакуль яшчэ сам заставаўся намеснікам галоўнага рэдактара. Ніхто не запярэчыў і супраць дзіўнай, як для юбілею, назвы тэксту: "Біце нашы вітрыны, Паэт". (Школа Бум-Ба-Літа прызвычаіла кіраўніцтва да ўсялякага...)
Вечарам у самым вялікім пакоі рэдакцыі "Крыніцы" быў багата накрыты стол.
Не буду пакуль тлумачыць, навошта, толькі наперад мусова трэба адцеміць некалькі момантаў. Насупраць дзвярэй у пакоі было вялізнае вакно, спінай да якога сядзеў "імяніннік". Я месціўся каля дзвярэй, а побач са мной чорт прынёс і пасадзіў Анатоля Сыса (ужо на падпітку).
І яшчэ. З вандроўкі па гарах Прыпалярнага Урала я быў прыцягнуў калісьці дахаты некалькі важкіх друзаў крышталю (на шляху апынуўся закінуты руднік). Найбольшую з іх (у памер кулака) адабраў у падарунак юбіляру.
Калі наспела мая чарга казаць віншаванне, я разгарнуў яшчэ нікім не чытаную "Культуру" і агучыў мой віншавальны тэкст:
"Неяк жартам падумалася, што Алесь Разанаў ужо не паэт, а нацыянальная каштоўнасць. Я ведаю, сам Алесь Разанаў не спяшаецца станавіцца экспанатам музея сучаснага беларускага мастацтва, ён па-ранейшаму хоча быць паэтам, гэта значыць запатрабаванай падзеяй жывога літаратурнага працэсу. Аднак тут, падобна, нічога не паробіш, паўз уласную волю Алесь Разанаў ужо даўно на вітрыне, пад шклом. Усялякі раз, калі замежным гасцям паказваюць, чаго вартая сучасная беларуская паэзія, іх найперш вядуць да вітрыны з шыльдай «Алесь Разанаў». Тое самае адбываецца, калі беларуская літаратура гасцюе ў блізкім ці далёкім замежжы - вітрыну цягнуць з сабой.
Як мне здаецца, феномен значнасці вершаванняў Алеся Разанава звязаны найперш з тым, што ён выявіў чацвёртае (метафізічнае) вымярэнне да гэтага трохмернай (фальклорна-сацыяльна-псіхалагічнай) беларускай паэзіі.
Гэтае павелічэнне аб’ёму беларускай паэзіі на цэлае вымярэнне і ёсць Алесь Разанаў.
Аднак зважаючы на вершаванне Алеся Разанава як на метафізічнае, трэба ясна ўсведамляць, што ўся ягоная метафізіка скінутая ў анталогію, дакладней - у анталагічнае быццё беларускага слова. Гэта не метафізіка зорнага неба, астральных целаў, трансцэндэнцыі ўвогуле, а метафізіка гліны, каменя, зерня і самога слова.
І яшчэ... На Беларусі заўсёды было багата паэтаў, якія пісалі выдатныя вершы. Але мы маем толькі некалькі выключэнняў, калі паэт ствараў уласную паэтыку. Адно з такіх рэдкіх выключэнняў - Алесь Разанаў...
Разгорнутая гаворка пра паэтыку Алеся Разанава тут будзе і не да часу, і не да месца. Заўважу толькі, што ў яе аснове вельмі жорсткая структура, як у крышталя. Верагодна, якраз з гэтага атрымліваецца, што ўвесьчасна імкнучыся быць надзённай падзеяй літаратурнага жыцця, Алесь Разанаў як бы сам, уласнымі рукамі муміфікуе сябе дзеля вечнасці. Пэўна, апошняе і падсунула мяне да думкі, што ён ужо не паэт, а нацыянальная каштоўнасць, гэта значыць тое, што не падлягае часу.
Я не пэўны, што Алесь Разанаў некалі зможа знішчыць мумію вечнасці ўнутры сябе (сваёй паэтыкі), але вось у чым я ўпэўнены, дык гэта ў тым, што ён, пакуль будзе, будзе і будзе біць тыя шыбы вітрынаў вонкі, за якія мы засоўваем яго, каб мець для сябе каштоўны экспанат.
Біце нашы вітрыны, Паэт! Я гатовы падносіць Вам камяні".
Сказаўшы апошнія словы, працягнуў праз доўгі стол Алесю Разанаву тую друзу. І ў той жа момант падхапіўся Сыс, выкруціў у мяне з рукі крышталь і з крыкам: "Я за цябе разаб’ю, Алесь" - размахнуўся, каб кінуць друзу ў вакно.
Дзякаваць Богу, нехта перахапіў яго руку, друза плюхнула якраз у самы вялікі торт, заляпаўшы кавалкамі смакаты дзяўчат, а Сыса мы натоўпам ледзьве вытаўклі за дзверы рэдакцыі.