Як у ваду глядзеў - не атрымалася. А дзеля чаго згадаў пра гэта, дык і не ведаю.
***
Сваю кнігу "Дыялогі з Богам" я падпісаў: "Уладзіміру Някляеву, якога аднолькава моцна любяць Бог, Д’ябал і аўтар гэтай кніжыцы".
Някляева ў Някляеве так шмат, што яму ніколі не хапала аднаго вымеру - двух таксама не хапала. І адной ролі (маскі) тым болей было замала. Між іншым, Паэт у ім не абавязкова быў наперадзе ўсяго. Леанід Дранько-Майсюк неяк вельмі трапна заўважыў: найперш Някляеў акцёр, і таму ён не можа без сцэны.
У нейкім годзе напярэдадні Калядаў мы бадзяліся з Някляевым па зіхоткіх вулках начнога Уроцлава. Потым ён сказаў:
- Гэта вам даволі сабрацца ў тры-пяць чалавек і чытаць адзін аднаму свае тэксты. А мне патрэбныя зала, стадыён, плошча.
Авантурна заўважу: цалкам верагодна, і ў палітыку Някляеў уплішчыўся перадусім таму, што імкнуўся "з усім народам гутарку весці". Тым болей, што літаратура ўжо на вачах губляла сваю ўніверсалісцкую функцыю быць свецкім Саборам для ўсяго соцыуму.
Алесь Разанаў - нешта зусім іншае. Мне з ім так утульна, як з Някляевым ніколі не было, - ці толькі зрэдчас ды акрайчыкам. Ды і не магло быць. Здаецца, ён увогуле ад усіх чалавекаў быў як бы адслонены небам. Мяно "Небажыхар" яму пасавала абсалютна. (Праўда, прамаўлялі яго па рознаму: хто з экстазам, а хто здзекліва.)
Не, Разанаў не патрабаваў да сябе адмысловага піетэту - гэты піетэт сядзеў ува мне самім, як цвік.
Звыкла кажучы, на ўсё жыццё запомніўся адзін момант. Яшчэ толькі пачаўшы працаваць у "Культуры", я надрукаваў пра ягоныя "Вершаказы" артыкульчык (хутчэй, невялікае эсэ). Потым ён завітаў у рэдакцыю, і мы ўпершыню пабачыліся, а калі я правёў яго на вуліцу і запаліў цыгарэту, то ўбачыў, што метраў праз сто Разанаў азірнуўся і нейкі час углядаўся ў мой бок.
Разанаў на мяне азірнуўся! Ад шчасця ледзьве не прысеў. А як ачомаўся, дык чамусьці сам сабой згадаўся радок з Фолкнера: Няшчасная тая жанчына, на якую ніводны мужчына не азірнуўся двойчы.
Таму не было нічога дзіўнага, што як мы згуртаваліся ў "Крыніцы", дык загалоўнай творчай фігурай тут мне бачыўся не галоўны рэдактар Някляеў, а Разанаў. Якім жа было маё здзіўленне, калі неўзабаве высветлілася, што суладна са мной мяркуе не шмат хто. Ды, відаць, і сам Разанаў не быў пэўны ў сваім вяршынстве. Я так падумаў, калі аднойчы ў адзіноце ён з захапленнем прачытаў мне на памяць верш Някляева. (На жаль, цяпер у мяне таго верша няма пад рукой.)
А значна пазней нечакана ўзважылася: "Цалкам верагодна, што Разанаў і Някляеў аднолькава таленавітыя. Проста ў іх розныя мэтавыя аўдыторыі. Разанаў - паэт для багоў, Някляеў - дзеля жывых людзей".
Можа яно і насамрэч так, толькі чаму аднойчы ранкам падумалася ні з чаго: прачнуцца праз тысячу год і пачытаць Разанава...
***
Лепей з бруднага хлява колькі дзён выносіць гной, чым пісаць, як мы ўсе разам перасварыліся. Ды так брутальна, што і згадваць прыкра (а месцамі нават агідна). Я б з палёгкай прамінуў гэты сюжэт (колькі ўсяго благога застаецца ў патаемным!), ды нешта ўва мне самім моцна пярэчыць: хоць контурам, але мус...
Грошай не было, Някляева не было, а спякота была. Пякельная. Нехта напісаў у адпаведныя органы ананімку (данос) на Някляева. Па сёння, здаецца, невядома, хто гэта быў і што там было напісана. Пачаліся розныя праверкі. Нас выклікалі на "размову", прасілі пісаць тлумачэнні з той ці іншай нагоды (я таксама пісаў). У рэзюмэ заўважылі нястачу зношаных дывановых дарожак, чайнага сервізу і нечага трохі больш істотнага ў фінансавай дакументацыі... Агулам казалі ці не пра дзве тысячы долараў страты, хаця гэта былі толькі чуткі.
Само паводле сябе ўсё гэта не выглядала такой ужо вялікай драмай, аднак яно нешта зрушыла ў нас саміх. Мы раз’юшыліся і пачалі сварыцца міжсобку. Нехта запрапанаваў прасіць у міністэрства змены галоўнага рэдактара. Кандыдатурай быў прапанаваны Алесь Разанаў.
Рэдакцыйная каманда расклалася на дзве групы. Разанава моцна падтрымлівалі Леанід Галубовіч і Анатоль Сідарэвіч. Някляева - Леанід Дранько-Майсюк (апантана). Я спрабаваў трымацца сярэдзіны. Вінаваціў і адных, і другіх, пры гэтым у пэўныя моманты спрабаваў іх абараняць. Блізкім да трацейства быў і Уладзімір Арлоў. Прынамсі, так выглядала.
Нават не разумею, як у мяне атрымалася не згубіць любоў да ўсіх нас разам (улучна з Някляевым і Разанавым) пасля ўсяго таго, што за тыя дні я наслухаўся, набачыўся і сам нагаварыў.
Бог не такі шчодры, каб аднаму чалавеку даваць і талент творцы, і талент чалавека. Так не аднойчы думалася мне ў тыя некалькі пякельных тыдняў...