Выбрать главу

Я падумаю:

Лес!

сон

Уладзіміру АРЛОВУ

Па белым ходніку

басанож,

у зялёных кашулях

і з ветрам пад пахамі

мы аднекуль ідзём

ці кудысьці вяртаемся...

Цёпла нагам

і плячу ўтульна,

толькі нейкая млосць на сэрцы,

і я азіраюся -

за намі шурпаты асфальт.

- Глядзі, - кажу я, -

там нельга хадзіць басанож...

- Але можна пісаць белай крэйдай

«Жыве Беларусь», - кажаш ты.

І мы рушым далей

па белым ходніку,

у зялёных кашулях

і з ветрам пад пахамі.

Алесю АСТАШОНКУ

Саступі ў цішыню,

асланіся

на парэнчу прочырку,

вочы затулі павекамі,

стаіся,

каб нават юрлівы хлопчык,

што шукае сябе ў забавах

дзіцячага веку,

не прачуў шолах моўчы

скрозь шапаценне

лісця.

Цішыня

соладка пахне

верасам і канюшынай,

палеглых атаваю...

Брукам на Менск

нячутна грукочуць машыны,

млява пчолы збіраюць

слодыч спякотнага дня.

Хлопчык у цень твой,

быццам у засень шалашыны,

схаваўся ад полымя

пякучага

авадня.

Там і прыснуў,

у абдымках эрасу -

вуснамі варушыць

суніцы хлопчык...

А над канюшынай і верасам

ужо вырасла

чорная хмара моўчы.

Што паробіш,

трэба хлопца будзіць

(яму жыць і расці), -

хай бяжыць да шашы

ад залевы...

Пачакай тут адзін

(і збялелы),

дотык моўкнасці.

Ігару БАБКОВУ

Мы падаем з нябёсаў

лёгка

і, далікатныя,

як дзьмухаўцы,

снім у чаканні,

пакуль нас дагоніць

наша падзенне,

цяжар якога

перайначыць

сон

у камяні.

Леаніду ГАЛУБОВІЧУ

Ля вакна, як і ты,

да відна...

Хіба ноччу паэты

начуюць?

Жонка спіць,

богі рыфмаў не чуюць...

Холадна!

Колькі змроку -

як кінуць вокам

(за тры дні на кані

не аб’едзеш)...

Сонца будзе адно

па абедзе,

ды і то

недзе збоку...

Ля вакна

хоць акраец відна,

мабыць, сёння ўжо

не счакаю

і засну,

не пабачыўшы краю,

дзе наўсцяж чалавеку

холадна.

Леаніду ДРАНЬКО-МАЙСЮКУ

Ты суцяшаеш аблокі,

я рамантую тралейбусы,

але, здараецца,

на беразе Свіслачы,

ля альтанкі для скразнякоў,

мы п’ем з табой піва,

лушчым салёную рыбу

і няўважліва сочым,

як верхаводкі

скачуць па небе,

упоперак якога плывуць

(на правым баку)

тралейбусы і аблокі.

Уладзіміру НЯКЛЯЕВУ

Верас цвіце,

чарот люляе Цнянка...

Пусты, як рыба

па нерасце,

гляджу ў пустую

шклянку.

Там кропля,

чмялю на пахмелку,

яшчэ засталася,

але

чалавек - не пчала,

чалавеку

і мора

ўсяго па калена.

3 берага ў рэчку

пайду,

на дно ля карча

прылягу,

хоць не аматар

піць я ваду,

бо вада не патоліць

смагу.

Буду ляжаць,

што той

цэп,

якім сто гадоў малацілі.

Ад стомы найлепей

хавацца ў рацэ,

ад бруду - найлепей

у ціне...

Выйду на бераг -

верас цвіце,

чмель балюе ў шклянцы...

Запалю

і з цыгарэтай

у дрогкай руцэ

пайду на цягнік

да бліжэйшай

станцыі.

Алесю РАЗАНАВУ

Я бачыў высокага чалавека,

ён нічым не адрозніваўся ад іншых,

адно першым з’явіўся на даляглядзе

і потым,

калі ўсе астатнія прамінулі ды зніклі,

яго яшчэ доўга было відаць.

урэшту

Колькі там часу

міне...

І неяк без мору

ды гільяціны

аднойчы

не стане Уладзі,

трох Алесяў,

двух Леанідаў,

Ігара з Валодзем

і мяне -

Валянціна.

БЕЛАРУСКІ КАЛЕГІЮМ

Было лета 1997 года. Канец ліпеня. Мы з Ігарам Бабковым плылі па зарослай рачулцы. Наперадзе сярод густых чаратоў згубіліся яшчэ дзве байдаркі. Цішыня і трохі млява. Раптам Ігар ачнуўся.

- Валянцін, вы будзеце выкладаць у Беларускім калегіюме!

Я спачатку нічога не зразумеў, а потым, блазнавата рагатнуў. Устаноўчы сход Калегіюма адбыўся яшчэ вясной. Там і было вырашана, што заняткі пачнуцца ў кастрычніку. Кіраўніком быў прызначаны Алесь Анціпенка, а Ігар ачоліў адно з аддзяленняў.