Паколькі на той час мы ўжо добра прысябраваліся, то я ведаў, як рыхтуецца гэтая не абы якая падзея. Але і думаць не думаў, каб неяк да яе прылучыцца - хіба адно вартаўніком? І ўжо ні ў якім разе не выкладчыкам.
Рэч у тым, што я панічна баяўся катэдры, бо трохі працаваў выкладчыкам у Беларускім інстытуце турызму і больш не хацеў нічога такога. Ноч перад кожнай лекцыяй амаль не спаў, паколькі хваляваўся неверагодна. І на халеру мне зноў гэткае шчасце?
Трохі супакоіўшыся, патлумачыў свой рогат.
Ігар выслухаў і, з паразуменнем паставіўшыся да маіх фобіяў, сказаў:
- Мы з Анціпенкам ужо вырашылі. Вы будзеце выкладаць на маім аддзяленні філасофія/літаратура. І вам не абавязкова будзе чытаць лекцыі. Прыдумаем нейкую іншую форму.
Апошняе мяне трохі супакоіла, і мы пачалі абмяркоўваць, у якім фармаце я мог бы прыдацца агульнай справе. Нейкі час нічога вартага не прыдумлялася, пакуль я не прыгадаў творчы семінар літаратурнага інстытута.
3 гэтага ўсё і пачалося...
Як на сёння, дык з той вандроўкі прамінуў 21 год. Ужо некалькі гадоў няма ў Беларускім калегіюме Алеся Анціпенкі. Значна раней пакінуў нас Ігар Бабкоў. А я, патрапіўшы сюды з прымусу гэтых хлопцаў, цягну сваю ношку па сёння, як быццам так яно і мусіла быць. А, можа, яно і сапраўды так мусіла быць?
А далей, у жанры транзіталогіі, слова Ірыне Дубянецкай:
"У 2013 годзе філосаф Алесь Анціпенка прапанаваў мне ўзначаліць створаны ў 1997 годзе Беларускі калегіюм, якім ён ад тога часу кіраваў. Я мудра падзяліла дырэктарства на дваіх: узяла на сябе функцыю акадэмічнага дырэктара, а ролю адміністрацыйнага дырэктара пагадзіўся выконваць колішні выпускнік калегіюма Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», ініцыятар і арганізатар ужо славутага ковенскага міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які штогод збірае да шасці соцень беларусазнаўцаў з усяго свету і на якім я збіраю сваіх перакладчыкаў Бібліі - таксама з усяго свету. I мне вельмі падабаецца, што адбываецца ў сучасным беларускім інтэлектуальным жыцці, дзе ўжо колькі гадоў актыўна фарміруецца незалежная супольнасць мысляроў, свядома паяднаных глыбіннымі сувязямі з мінулым і скіраваных на стварэнне новых інтэлектуальных сусветаў, кіраваных вольным мысленнем».
Са свайго боку я хацеў бы пашырыць аповед пра Андрэя Казакевіча. Ён насамрэч вучыўся ў калегіюме (аддзяленне філасофіі і літаратуры). Мне і па сёння памятаецца, як мы з ім у маім склепе працавалі над яго першымі рукапісамі. Ужо тады моцны мысліўны апарат хлопца быў відавочны, як відавочнай была і нязграбнасць літаратурнага пісьма. Гэты недахоп яшчэ доўга будзе заўважны ў яго друкаваных тэкстах, якія мяне заўсёды ўражвалі глыбінёй і адметнасцю мыслення ды інтэлектуальнай эўрыстыкай.
Хаця, на жаль, пісаў ён не шмат. Можа і таму, што мацней за думку і слова яго вярэдзіў уласны талент дойліда - талент стваральніка разгорнутых дыскурсаў?
Яшчэ маладым чалавекам Андрэй пачаў выдаваць па сутнасці першы ў краіне прафесійны палітычны часопіс "Палітычная сфера", які праіснаваў шмат гадоў. Наколькі магу меркаваць, менавіта часопіс падштурнуў Андрэя да стварэння Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера". Умоўны лад тут не выпадковы, бо недзе ў гэтыя гады нашыя шляхі разышліся - у розныя сферы творчай дзейнасці. Таму адно здалёк мог цешыцца, што Андрэй абараніў за мяжой званне доктара паліталогіі. Дарэчы, я ўпэўнены, што гэты чын яму быў патрэбны не дзеля славалюбства, а каб мець больш трывалы грунт пад нагамі, бо ён рушыў да свайго пакуль самага грандыёзнага праекта. А менавіта, Андрэй Казакевіч стаў арганізацыйным старшынёй Міжнароднага камітэта даследчыкаў Беларусі.
Кожнага, хто ў першы раз трапляў у Коўна (Літва) на чарговы з’езд даследчыкаў, ахоплівала дзіўнае, не параўнальнае ні з чым пачуццё: божачкі, як шмат у Беларусі разумнікаў! І ўсе размаўляюць па-беларуску. Ад гэтага было неверагодна радасна.
Я не ведаю, як складзецца лёс Андрэя Казакевіча далей, але ўжо зробленае ім дазваляе мне без хоць якога сумневу залічваць яго ў шэраг найбольш слынных дойлідаў нашай бурапеннай эпохі.
***
Пасля некалькіх гадоў улады Лукашэнкі кожнаму стала зразумелым, што нашыя спадзевы на нацыянальную Беларусь і еўрапейскі шлях апынуліся пад канкрэтнай пагрозай. Досыць хутка ідэя вяртання Беларусі ў Савецкі Саюз была элімінаваная на ўсе сферы жыцця і, што тады дзівіла наймацней, асноўная маса насельніцтва падтрымала гэтую ідэю.