Выбрать главу

***

Калі быў у добрым гуморы, дык на тых жа сумоўях казаў, што Беларускі калегіюм перадусім эгаістычны праект. Проста нам моцна закарцела, каб нас сталася болей, як мага болей. Таму асноўная задача прафесуры - гэта інтэнсіўнае перастварэнне студэнтаў у нашых калегаў, каб супольна пашыраць і вялічыць інтэлектуальна-эстэтычны дыскурс Беларусі.

Разам з тым, усе мае гуллівыя азначэнні зусім не адмаўлялі і навучанне ў традыцыйным сэнсе. У нас заўсёды былі унікальныя выкладчыкі з бліскучымі акадэмічнымі курсамі. (У прыклад згадаю хаця б Ірыну Дубянецкую, доктара філасофіі і доктара сакральных навук.)

Але я тут трохі болей запынюся на тым, чаго не было нідзе, акрамя як у нас. А менавіта на спецкурсе "Чытанне/пісанне тэксту". Гэта былі калектыўныя рэфлексіі паводле тэкстаў, якія прэзентавалі вялікія філасофскія ды мастацкія стылі апошніх эпох. І не столькі каб пазнаёміцца з імі, колькі каб праз іх аналітыку самім вучыцца мысліць і ствараць. Груба кажучы, Ніцшэ, Разанаў ці Фуко былі для нас нечым накшталт трэнажораў, на якіх мы трэніравалі цягліцы ўласнага мыслення.

Першыя словы, якімі я распачынаў нашыя калектыўныя забавы, былі такімі:

- Калі вы пагаджаецеся з тым, што я кажу, то вы не мысліце. Сваёй згодай вы адно мацуеце маю думку. Мне гэта прыемна, толькі мне гэта не патрэбна. Я ўвесь час буду чакаць вашай нязгоды. І з аўтарам тэкста, які мы расчытваем, і з маімі інтэрпрэтацыямі ды рэфлексіямі з той жа ці якой іншай нагоды. Зразумела, - казаў я далей, - сама з сябе нязгода яшчэ не ёсць мысленнем. Зусім яшчэ не ёсць ім. Аднак, пачаўшы рух у накірунку адмаўлення, магчыма, аднойчы вы ад радасці спалохана прамовіце: "Эўрыка!" Прасцей кажучы, каб зрабіць крок наперад, трэба адштурхнуць ад сябе зямлю. Тое ж і ў мысленні. І ніяк інакш...

Другая заўсёдная максіма гучала так:

- Мысленне - гэта перадусім інтэлектуальная мужнасць. Менавіта мужнасць, а не энцыклапедычная веда, дасканалая метадалагічная падрыхтоўка, абазнанасць у тэме і да т. п. Усяго гэтага можа быць даволі, каб стаць кандыдатам ці доктарам філасофскіх навук. Толькі не філосафам. Рэч у тым, што раз-пораз мысліць бывае страшна. Вельмі страшна. І каб не спалохацца ўласнага страху, не ўхіліцца ад яго патрэбная не абы якая інтэлектуальная мужнасць. А без яе ўсё астатняе марна.

Трэцяя максіма ўжо і не зусім максіма, а хутчэй параграф з інтэлектуальных паводзінаў:

- Са сваімі багамі (Богам) у аўдыторыю не заходзіць. Пакідайце іх разам з верхняй вопраткай ля дзвярэй аўдыторыі. Інакш можа атрымацца, што падчас якой жарснай інтэлектуальнай палемікі вашага бога тут стануць ганяць, што той футбольны мячык па полі.

А пасля паўзы ўдакладняў:

- Між іншым, гэтаксама будзе слушна, як нашаму студэнту надаюць у каршэнь, калі ён у Саборы замест таго, каб паўтараць словы малітвы, стане гучна цытаваць антыхрыста Ніцшэ. Прамінулі тыя часы, калі Бог усюды і заўсёды быў як Бог. Цяпер нешта такое далёка не ўсюды і не заўсёды. Але ў фундаментальных месцах Яго сакралізацыі, відаць, будзе разумна паводзіць сябе так, быццам нічога не змянілася. Хаця б дзеля ўдзячнасці Яму за тое, што Ён тысячагоддзямі трымаў у цэласнасці ўвесь наш сусвет, пакуль не выгадаваўся ўжо зусім іншы чалавек, які цяпер можа абыходзіцца і без Ягонай падтрымкі.

***

Пэўна ж, самай адметнай падзеяй для кожнага студэнта аддзялення было публічнае абмеркаванне адмыслова напісаных дзеля гэтага эсэ. Я прыдумаў табліцу ацэнак (паводле пяцібальнай сістэмы), і пасля прачытання эсэ кожны з слухачоў павінен быў агучыць свае адзнакі асобна за мову, стыль, кампазіцыю, мысленне ды эсэістычнасць.

Вясёлая была забава і карысная, асабліва для тых, хто насамрэч марыў ствараць тэксты, якія потым звярнуць на яго ўвагу ўсёй чытацкай грамады.

Толькі далей не зусім пра гэта...

Поркаючыся ў абы як скіданых архівах, зусім выпадкова сустрэў запіс пра адзін з такіх заняткаў, пазначаны 2006 годам. І закарцела пералюстраваць яго сюды...

"Сёння на семінары мы аналізуем эсэ Марыны Дварэцкай і Вольгі Шашок. Марына абрала сабе тэмай Мінск ды напісала пра свой мегаполіс весела і здзекліва. Але за іроніяй няцяжка расчытаць тугу па ідэальным горадзе, які можна было б шчыра любіць і якім можна было б не тоячыся ганарыцца.

Эсэ Вольгі - прастора напятай самоты. Усё яно - сцішаны адчай нацыянальна абранага чалавека, які балюча і трывожна адчувае сваю вылучанасць з чужароднай бальшыні. Дзяўчына ўжо наперад прадбачыць увесь цяжар беларускага шляху і як бы рыхтуе сябе да гераічнай самоты, якая будзе доўжыцца праз усё жыццё.