Я слухаю развагі маладых людзей, а сам думаю трохі пра іншае. У свой час мне заманіла скласці кнігу з аповедаў тых, хто свядома прыйшоў у беларушчыну і застаўся тут назаўжды. Але гэтыя расповеды мусілі кранаць толькі адзін момант. А менавіта, як чалавек стаў на беларускі шлях, што яго сюды падштурхнула ці паклікала? 3 таго, што я ведаў, у кожным выпадку гэта была зусім іншая гісторыя, не падобная на іншыя.
Сабраныя ў мноства, - думалася мне, - яны, магчыма, маглі б распавесці нешта істотнае і пра нас саміх, і пра нашу краіну.
Тую даўнюю хэнць я і дагэтуль не спраўдзіў. Аднак кожны раз, калі ўглядаюся ў тых, хто паступае вучыцца ў Беларускі калегіюм, здумляюся: чаму яны абралі Беларусь як справу свайго жыцця? Альбо інакш: чаму менавіта іх абрала Беларусь, каб выявіць уласную самасць?
І ніколі не знаходжу на сваё здумленне пэўнага адказу. У пакліканні Беларуссю заўсёды ёсць нешта містычнае".
***
Ніхто не змушаў студэнтаў пісаць эсэ пра "занядбаную бацькаўшчыну". У выбары тэмы ўвогуле ніякага задания не было. Я толькі не стамляўся нагадваць, што ў аснове эсэ мусібыць самая балючая і самая актуальная для іх вярэда. Як выявілася праз іх эсэістыку, тады, у першае дзесяцігоддзе існавання калегіюма, лічы, для ўсіх студэнтаў такой вярэдай і была сама Беларусь з яе трагічным лёсам.
Цікава, што пазней Беларусь як такая ўжо амаль перастане хваляваць моладзь, хаця сітуацыя ў краіне асабліва не зменіцца. Нешта зменіцца ў саміх маладых людзях. Цяпер іх захапілі розныя лакальныя праблематыкі ці ўласныя экзістэнцыйныя мітрэнгі.
3 той пазнейшай пары ніяк не забывалася эсэ Юлі Цімафеевай "Як я не пайшла ў Тыбэт". Дакладней, не столькі само эсэ, колькі рэакцыя аўтаркі на свой тэкст. Адчытаўшы, Юля разрыдалася. Гучна, з адчаем, напоўніцу.
Нешта з гэтай дзяўчыны мусіць атрымацца, - падумалася тады.
Прамінулі гады, і насамрэч атрымалася. У значнай меры з яе ініцыятывы будзе створаны электронны часопіс перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет", які па добраму здзівіць многіх. Гэта было высокапрафесійнае перакладніцкае выданне, якога Беларусь яшчэ не мела. А праз колькі год Юля моцна ўразіла мяне яшчэ раз. Яна пачала друкаваць вершы. Моцныя, глыбокія, калі заўгодна, анталагічныя. Да таго ж прафесійна засвоіла фотамастацтва.
Я запытаўся ў Юлі, ці не засталося ў яе тое даўняе эсэ? Засталося...
Як я не пайшла ў Тыбэт
Аднойчы я не пайшла ў Тыбэт. Пайсьці туды мы вырашылі разам з мужам перад самым вясельлем. У тую сьветлую марозную сакавіцкую раніцу, калі ён прыехаў, каб днём пабрацца шлюбам. Гэта нам бачылася выйсьцем з той побытавай шэрасьці, якая чакала наперадзе, калі кожны дзень будзе падобны адзін да аднаго: праца, вячэра, тэлевізар, ложак. І каб пазьбегнуць гэтай аднастайнасьці, што пануе ў жыцьцях большасьці людзей, мы вырашылі выправіцца ў "краіну Усходу". Тыбэт для нас, як і для многіх эўрапейцаў, бачыўся той краінай сьвятасьці, якую не засьмеціў навукова-тэхнічны прагрэс і глябалізацыя. Прынамсі, калі туды і валілі статкі неўтаймаваных турыстаў, то выспы некранутай мудрасьці і спакою яшчэ засталіся. У гэтым мы былі ўпэўненыя.
Дабірацца да Тыбэту мы вырашылі на "перакладных" і пешшу. На тыя грошы, якія нам мусілі падараваць на вясельле, мы зьбіраліся купляць правіянт, цёплую вопратку ды квіткі на цягнікі. Калі грошы скончацца, трэба было б ісьці пехатой і шукаць працу ў нешматлікіх паселішчах на нашым шляху. А калі прыйдзем у Тыбэт, пагадзіліся расстацца. Мой муж пайшоў бы ў мужчынскі манастыр, а я да аднаго ўяўнага барадатага незнаёмца, што чакаў мяне.
Але мы ня зьбеглі, ня скралі грошы, ня трэсьліся ў грузавых цягніках, не абмарожвалі твары, не паміралі ад цынгі і не ўставалі раніцай пад гукі манастырскага звона.
Мы прачнуліся мужам і жонкай і нікуды не пайшлі. Ланцугі працы-вячэры-ложку (тэлевізара ўдалося пазьбегнуць) сталі абкручвацца вакол шыі і ўсё больш прызямляць, усё ўладней дыктаваць свае заўжды слушныя народна-мудрыя парады. Інстынкт самазахаваньня перамог! Ура! Мы схілілі галовы, божыя авечкі.
Але ж сам чалавек, чалавек як Чалавек - гэта не пакорлівасьць і не паслухмянасьць. Чалавек ад самага пачатку - гэта бунт. Успомніце Адама і Еву. Што было б зь імі, гэтымі жывёлінамі, калі б яны не аслухаліся, калі б яны хадзілі па тым нудным Эдэме, глядзелі на сьвет сваімі каровінымі вачыма і ўсьміхаліся самазадаволена?!