Чалавек - гэта пратэст, чалавек - гэта пошук, чалавек - гэта туга.
"Мудры чалавек не жыве дома, ён вандруе, вандроўкі для яго - сапраўдная асалода. Ён нібы цудоўны лебедзь, што пакінуў сваё возера ў пошуках новага прытулку", - вучыць будызм.
А мы не пайшлі ў Тыбэт. А мы заселі ў сваім возеры, што сталася балотам. Мы паслухаліся здаровага глузду, мы схавалі глыбей тугу і заляпілі ёй рот, каб не верашчала.
Так робяць многія.
Ва ўтульнасьць чалавечай зграі, у цеплыню чужога смуроду мы кінулі долу свой Тыбэт, мы кінулі ім пад ногі свой шлях. І шляхі тых многіх (бо кожны некалі меў свой адмысловы), і нашы таксама, раскрыжавалі зямлю пад нагамі. І на тым вытаптаным месцы стварылі горад.
Мы не пайшлі ў Тыбэт. Мы аддалі яго тым, хто ўмее з Тыбэту рабіць ёмкія канапы, смачныя вячэры, прыгожыя апранахі і яшчэ шмат якіх карысных рэчаў. Мы аддалі свой Тыбэт у рукі прафэсіяналаў. Яны майстры сваёй справы. Ім давяраюць людзі... свой Тыбэт.
Тут усё пераблытана. Ніхто ўжо ня знойдзе ўласнай дарогі, бо і шукаць ня будзе, бо зусім забыўся, што яна некалі была. І каб нейкі бедачына, якому яшчэ часам сьвярбяць ногі няспраўджанымі шляхамі, ня ўцёк, яны, і мы, ўчапіліся адзін у аднаго сяброўскімі абдымкамі, суседзкімі позіркамі, шлюбнымі пацалункамі. І пільна сочым адзін за адным і самі за сабой, каб ня зьбеглі.
Але ёсьць у мяне адна радасьць. Я не аддала усё, я прыхавала некалькі каменьчыкаў для сябе. І ведаеце што? Камяні растуць. І, можа быць, калі-небудзь стануцца тым Тыбэтам, зь якога зроблены кампутар, на якім я ўсё гэта пішу.
***
У 2001 годзе студэнты нашага аддзялення выдалі першы нумар філасофска-літаратурнага часопіса "Паміж". Я быў неверагодна шчаслівы. Яшчэ год пяць-шэсць таму мы шалелі ад узрушэння, калі пры тыднёвіку "Культура" пачалі раз на месяц выходзіць восем палос літаратурна-філасофскага сшытка "ЗНО". А тут купка студэнтаў аднаго аддзялення невялікай інстытуцыі выдрукоўвае ўжо ўласны філасофскі часопіс!
Цікаўнасць СМІ да новага выдання была нечакана актыўнай. Але не толькі таму, што яно было філасофскім... А найперш таму, што часопіс стварылі адныя дзяўчаты. (Сярод дзевяці адказных і безадказных рэдактараў пазначаны толькі адзін іншаполавец - Андрэй Казакевіч.)
Але, як гэта звычайна бывае з новым выданнем, у яго стваральнікаў ніяк не атрымлівалася дамовіцца наконт назвы новага часопіса. Тэлефануюць, што ім трэба са мной параіцца.
Я тады працаваў у склепе турысцкага рыштунку кашталянам (як назваў маю "каморніцкую" пасаду Алесь Разанаў).
Канец траўня, спякота на вуліцы, а ў мяне прахалода. Без спеху цырую чарговы намёт. З вясёлым смехам пад скляпенні спускаецца ладная гурма дзяўчат. З усіх тых кароценькіх спаднічак і сукенак, што на іх апранутыя, у 17 ст. якой-небудзь фрэйлен матэрыі не хапіла б нават на сподняе.
- Паміж, - кажуць.
Я сарамліва апускаю вочы долу і вінавата пытаюся:
- А вы падумалі, што хлопцы будуць казаць?
Яны рагочуць:
- Дык гэта ж цудоўна! Выдатная рэклама.
Зрэшты, эратычны падтэкст хоць і быў заўважаны, аднак не займеў асаблівай пагалоскі. Тым болей, што неўзабаве задажджыла. А філасофскі кантэкст у назвы быў багаты. Пра што і казалася ў рэдактарскай прадмове: "...тое, чаго мы прагнем, немагчыма знайсці па-за межамі сябе. Але каб убачыць гэта, трэба заняць мейсца на мяжы Паміж дабром і ліхам, сном і чуйнаваньнем, Паміж учора і заўтра, чорным і белым, каб расчыніць дзьверы ўнутр сябе, каб злучыць усе супрацьлегласьці адно ў той кропцы, якая мае бясконцую колькасць назваў, аднолькава не дасканалых. Што мы і робім".
Гартаю нумар, перачытваю тэксты. Апаноўвае захапленне, яшчэ мацнейшае, чым тады, у 2001 годзе. Скуль гэты фейерверк нечаканых думак, параўнанняў, вобразаў у яшчэ недыпламаваных дзяўчатак? І якая інтэлектуальная мужнасць, рашучасць, апантанасць! Адчуваю, што гатовы перадрукаваць у свае хронікі амаль увесь нумар, бо даўно не чытаў нічога лепшага...
Пазней і спакваля інтэлектуальныя тэксты хораша навучыліся пісаць многія, але пакуль вучыліся пісаць суладна новым канонам, пагублялі адвагу і жарсць.
І мяне, як і ў выпадку з маніфестамі бумбамлітаўцаў, ахоплівае глыбокі сум. Няўжо, думаю, усё самае адважнае і эўрыстычнае ствараецца ў эпохі тэктанічных ператрусаў, а як зямля пад нагамі перастае хадзіць хадуном, дык і пішуць роўненька, і мысляць, запыняючыся перад кожным светлафорам.
Натуральна, я не магу перадрукоўваць усю тую асалоду ад першага нумара. Але і запыніцца толькі на пафаснай рыторыцы мне не даспадобы. Таму пераніцую сюды колькі фрагментаў з вялікай гаворкі, якую мы зладзілі для таго першага "Паміж" у тым жа склепе з Таццянай Слінкай, Таццянай Чыжовай і Ліляй Ільюшынай.