Выбрать главу

Да месца будзе заўважыць, што гэтае сумоўе адбывалася праз нейкі год пасля таго, як пабачыла свет мая кніжка "Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека". Таму яна міжволі і паклалася ў под гаворкі.

***

Таццяна Слінка: У філасофскай супольнасці, ды і не толькі там, Вы вядомыя як той, каго няма. Аднак падаецца, што Ваша дэкларацыя ўласнай адсутнасці была ўспрынятая ўсяго як эпатажнасць і выклік, але абсалютова не асэнсаваная як філасофская тэза. Можа, паспрабуйце ўдакладніць, што Вы мелі наўвеце пад гэтым "мяне няма".

- Наўрад ці хто, акрамя вернікаў, спадзяецца, што я-чалавеку можна падшукаць анталагічнае алібі, але мала хто ставіў пад сумнеў наяўнасць экзыстэнцыйнага алібі ў я-чалавека. Тым болей падобны сумнеў немагчымы быў для класічнага экзістэнцыялізму, які абсалютызаваў "Я" і цалкам трымаўся гэтай абсалютызацыі. У маім выпадку ўсё выглядае радыкальна інакш. Я схільны лічыць, што "Я" - гэта толькі граматычная катэгорыя, якую мяне вымушае ўжываць мова (прыкладам таму і дадзены сказ); "Я" патрэбнае не мне, а мове, бо мова ўсёй сваёю структурай угрунтаваная ў гэтае катэгарыяльнае "Я".

Дый наогул, калі класічны экзістэнцыялізм лічыў, што чалавек напампаваны экзістэнцыяй, як футбольны мячык паветрам, дык я мяркую, што ўнутры чалавека - "экзыстэнцыйны вакуум" (формула Вітара Франкла дзеля апісання стану зьняволеных у канцлагеры).

Я - гэта толькі пэўнае месца, на прасторы якога атабарваюцца і гуртуюцца самыя розныя феномены бытнага і быцця: фізічныя, біялагічныя, сацыяльныя, рэлігійныя, нацыянальныя і г.д. Я - гэта адно тое, што ёсць мною, а насамрэч - мяне, як "Я", няма.

Дарэчы, я ўвогуле зачараваны феноменам Няма, прынамсі ён мяне хвалюе і трывожыць у значна большай меры, чым феномен Ёсць.

Таццяна Чыжова: А вам не падаецца, што вось гэтае ваша памкненне да Нішто, да Няма - гэта ўсяго толькі жаданне вярнуцца і замкнуць кола? Інакш кажучы, вярнуцца туды, дзе нас раней не было і дзе потым зноў не будзе?

- Цікава!.. Не, я зусім не спяшаюся вяртацца туды, дзе мяне не было і дзе мяне зноў не будзе (дарэчы, гэта, бадай, і не адно тое самае месца, а два карды-нальна розных). Але бясспрэчна, што і мая зачараванасць Вялікім Няма, і маё разумение самога сябе як "персанальнага няма" абумоўленыя сітуацыяй адсутнасці (і папярэдняй, і той, што яшчэ чакае наперадзе) як мяне самога, гэтак і ўсяго, што з’яўляецца быць.

Т.С.: Неяк на прэзэнтацыі кнігі Алеся Разанава Вы сказалі, што трэба ісьці далей за немагчымае...

- Гэта скажонае цытаваньне Ангелюса Сілезіюса: "Ідзі туды, куды не можаш"... Дык вось, калі ставіць сабе за мэту прарыў татальнай аблогі Ёсьць, каб тым самым на ўскрайку відалі "пабачыць" хай сабе нават не самое Няма, а, верагодна, усяго толькі ягоны цень, безумоўна, трэба спрабаваць ісьці далей не толькі за магчымае, але і за немагчымае. Ісці без спадзеву на хоць які вынік, ісці, перакрочваючы праклён Парменіда, які ў свой час безапеляцыйна сцвердзіў, што ёсьць толькі ёсць, а ніякага няма - няма, і ніколі ніхто словам ня зможа давесці, што няма - ёсць.

Т.С.: Большасць з нас, апынуўшыся на руінах, пачала адчайна хапацца за тое, што засталося: адныя ўзяліся распрацоўваць праекты рэстаўрацыі руінаў, другія схаваліся ад руінаў у свет зданяў... І таму позіркі тых, хто яшчэ/ужо наважваецца ўсьведамляць сябе на папялішчы сэнсаў, непазбежна скіроўваюцца да постаці сп. Валянціна, які ня толькі не адмаўляе таго, што нічога няма, але і сцвярджае: "Так, мы жывем на руінах, аднак гэта - добра". Сп. Акудовіч, а ці ёсьць у нас хаця б руіны?

- На жаль, яшчэ засталіся не толькі руіны, але і безліч самых розных хімерычных збудаванняў. Таму бурыць нам і бурыць, калі мы хочам убачыць на яснае вока і саміх сябе, і той рэальны свет, у якім адбываем сваю калейку бытнага. А што да "няма", якое многіх палохае, дык тут я дазволю сабе самацытату: "Можа, самім лёсам нам наканавана адбыцца празь "няма", якое мы выношваем усярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагодзьдзе? Колькі за гэты час вусцішнае "нішто" праглынула імпэрыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося. А мы, зьбіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасьцю, перакрочваем у трэцяе тысячагодзьдзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб нашае Вялікае Няма як самы надзейны шлях праз час і быцьцё".

Ліля Ільюшына: Давайце вернемся на пачатак гаворкі: чалавека няма, яго дагэтуль не стварылі. Дык ці магчыма наогул стварэнне чалавека, ці можа філасофія альбо нешта яшчэ стварыць чалавека?