- Чалавек - гэта еўрапейскі міф пра чалавека, які складваўся цягам тысячагоддзяў. Вельмі значную ролю ў міфалагізацыі чалавека, як самадастатковага суб’екта, адыграла юда-хрысціянства, дагматызаваўшы персанальную лучнасць асобы з яе трансцэндэнтным суверэнам. А вось для ментальнасці Усходу чалавек зусім не з’яўляецца такой значнай цацай (там чалавек - толькі адзін з сюжэтаў кармічнай трансфармацыі). Магчыма, якраз дзякуючы гэтаму ментальнаму досведу Усходу, я без лішняга драматызму стаўлюся да сытуацыі, калі людзі будуць, а чалавека ня будзе.
Хаця нам і цяжка ўявіць свет без чалавека, сябе без чалавека, бо мы вырасьлі ў цывілізацыі, дзе галоўнай каштоўнасцю лічыўся чалавек і ўсе ісціны, ідэалы і сэнсы трымаліся на міфе пра чалавека. Ды што паробіш, цывілізацыя чалавека скончылася. Адной з прычынаў таму - выбух камунікацыяў, які зніштожыў прастору. А без прасторы, нацыянальнай у тым ліку, чалавек немагчымы, бо ён нішто іншае, як сума статычна зафіксаваных знакаў, атрыбутаў, падзеяў...
З гэтага мой адказ на Вашае пытанне, Ліля, мусіць быць адмоўным. Але не ўсё так проста. Я вось цяпер падумаў, што можа мая заангажаванасць Няма якраз і абумоўленая ўтапічнай марай "знайсці чалавека". Раней я яго шукаў у Ёсць, але там знайшоў толькі ягоную адсутнасць. Атрымліваецца, што адзінае месца, дзе чалавек можа быць, калі яго няма ў Ёсць, гэта - Няма. Можа я прамінуў адно палову шляху, які пралягаў праз Ёсць, а калі здолею прайсці і другую, дык там, за брамаю ў Няма, і знайду тое, што шукаю?
Т.Ч.: Сітуацыя спрыяе наступнаму пытанню: што Вы возьмеце з сабою, калі пойдзеце туды? Ці наадварот, каб прарвацца ў Няма, трэба скінуць з сябе апошняе?
- Калі б я быў нудыстам, дык пайшоў бы галяком. Але паколькі я выхаваны ў цнатлівых традыцыях заходнебеларускага мястэчка, дык мне давядзецца ісьці туды апранутым. За гэтым жартаўлівым адказам утоеная надзвычай сур’ёзная праблема. Бо сапраўды, перш чым рушыць у той бок, трэба паскідаць з сябе апранахі сімулякраў, што чалавецтва напрацоўвала тысячагодзьдзямі.
Т.С.: Магчыма, нігілізм - не проста адмаўленьне, магчыма, гэта і ёсць спроба ўсё з сябе скінуць?
- Аднак не проста скінуць, а скінуць, каб лягчэй было рушыць далей. Рэч у тым, што нігілізм традыцыйна разглядаўся ў ракурсе мэты (ці сам - як мэта, ці - з якой мэтай). У той час, як нігілізм - гэта сродак (спосаб, магчымасць), якім мы карыстаемся, каб расчысціць праходы праз завалы сімулякраў. Але зразумеўшы нігілізм толькі як эфектную прыладу ў справе карчавання пабітых шашалем часу ўнівэрсалісцкіх сімулякраў, мы нічога не зразумеем у нігілізме, як у адчайным памкненні волі да мыслення перасягнуць мяжу сваіх магчымасцяў. Паўсюднае панаванне ў ХХ стагоддзі нігілізму - гэта пакуль яшчэ нікім не ўсвядомленае вялікае рушэнне мэтафізічнага мыслення ў апошнім спадзеве прарваць аблогу Ёсць, каб паспрабаваць нарэшце наўпрост судакрануцца з вусцішу Няма.
(Гаворка моцна скарочаная.)
Хаця сёння падумалася: з чаго гэта тады я наперад быў пэўны, што нас там чакае менавіта вусціш, а не штосьці зусім іншае?
***
Цяпер, калі натую гэтыя хронікі, падрыхтаваны 11 нумар "Паміж".
У лепшыя часы кожны курс на заканчэнне выдрукоўваў свой нумар. Нефармальна ён лічыўся як бы калектыўным курсавым дыпломам. Натуральна, усе нумары былі абсалютна рознымі. Толькі тут я не маю магчымасці аналізаваць іх ды ацэньваць, бо галоўнае, што яны былі. І рабіліся амаль без майго ўдзелу (так я прыдумаў), акрамя кансультатыўнага і трэцейскага. Што праўда, некалькі разоў перакладаў тэксты з рускай мовы на родную. Прыкладам, невялікую постмадэрновую аповесць Андрэя Адамовіча.
Але вернемся да таго фенаменальнага курса, які і вымудрыў гэтую справу з часопісам. Звычайна я не схільны вылучаць нейкі адзін набор студэнтаў перад другімі, аднак гэта ўсё такі быў асобны выпадак. Бо дзяўчаты (Т. Слінка, Т. Чыжова, А. Сідаровіч, Г. Пазюк, Т. Вабішэвіч, Л. Ільюшына, Э. Кулеш) акрамя часопіса запачаткавалі і разгарнулі яшчэ адзін канцэптуальны праект, які шмат год упрыгожваў гісторыю калегіюма, перадусім - нашага аддзялення...
Зрэдзьчас з нейкай выпадковай нагоды я мімаходзь згадваў на занятках свае вандроўкі: не толькі ў гарах, але і па Беларусі. І аднойчы адна з дзяўчат спахапілася: маўляў, давайце мы з вамі таксама зладзім вандроўку. Хаця б на ўікэнд. Шмат хто ўмомант падтрымаў запыт, аднак я не адразу пагадзіўся. Пакуль не прыдумаў, чым нашыя вандроўкі будуць адрознівацца ад звычайных моладзевых выцечак на прыроду з намётамі.