- Гэта будуць "Філасофскія вандроўкі", - сказаў я, калі прыдумаў. - Мы будзем не проста спяваць песні пад гітару і скакаць ля вогнішча. Мы будзем думаць пра вечнае. Пад зоркамі.
Што наконт "зорак" - дык гэта была метафара. Дрэнна выспаныя, мы выпаўзалі з намётаў недзе а дзявятай гадзіне ранку і, толькі пасёрбаўшы кавы, збіраліся з дыванкамі ды спальнікамі ў зручным дзеля дыскусіяў месцы.
Але, расклаўшы свае целы ў купальніках і плаўках на беражку ля вады, мы не адразу падступаліся да справы. Спачатку я агучваў тэму нашага калоквіюма (тады мы гэтым тэрмінам не карысталіся), тлумачыў з чаго яна ўзнікла і прасіў усіх узножыцца, каб разбрысціся паасобку і недзе 20 хвілінаў сам-насам медытаваць над праблемай.
Потым мы збіраліся зноў і не меней як гадзіны тры рэфлексавалі, спрачаліся ды палемізавалі.
Слухаючы самыя розныя выказванні ды развагі, дзе словаў "метафізіка", "трансцэндэнтнае", "універсальнае", "амбівалентанасць", "лакальнае" і да таго падобных было болей, чым простых чалавечых словаў, я аднойчы ўявіў сабе, што нехта мясцовы апынуўся за кустамі і цяпер услухоўваецца...
Што ён думаў сабе, вачыма разглядаючы ўвогуле звычайны для гэтых мясцінаў хаўрус, а вушамі чуючы нешта такое, што не ўпісвалася для яго ў аніякі вербальны канон, акрамя хіба ў канон псіхлякарні...
Між іншым, дзеля першай рэфлексіі я выбраў усім вядомыя словы Канта пра зорнае неба і маральны закон. Нягледзячы на іхнюю замыленасць ад бясконцых згадак, апошняя таямніца гэтых словаў, пэўна, назаўжды застанецца рамантычнай таямніцай...
***
Доўгія зборы ў першую “Філасофскую вандроўку” ледзьве не скончыліся фіяска. У рэшце рэшт змаглі пайсці толькі восем ці дзевяць дзяўчат і ніводнага хлопца.
- Дык што мы будзем рабіць? - запытаўся, не на жарт устурбаваны.
- Нам вас і аднаго хопіць, - развесяліліся.
Акрамя брутальнасці самой сітуацыі (наперадзе барадаты ды лысы Дыянісій, а за ім ладная гурма німфаў), трэба было камусьці ставіць намёты, цягаць і сячы для вогнішча дровы, ды і ўвогуле ці мала дзеля чаго ў вандроўцы могуць спатрэбіцца мужчынскія цягліцы ды спрыт. Да таго ж такая гурма маладых і звабных дзяўчатак ужо сама сабой з’яўляецца не абы якой праблемай у не вельмі адслоненых ад цывілізацыі месцах (што потым некалькі разоў крытычна выявіцца).
На маё шчасце, недзе ў перадапошні дзень дзяўчаты спакусілі некалькіх хло- пцаў з калегіюма, і мы рушылі на лясное возера Бяздонка (кіламетраў сем ад станцыі “Электрасіла”), узняўшы над сабой бел-чырвона-белы сцяг.
Яшчэ раней я сказаў аматарам ды аматаркам філасофскіх вандровак, што паколькі яны ўжо дарослыя, то хай самі і вырашаюць: ці будзем нешта браць з алкагольных напояў ці не будзем?
Аматары і аматаркі суладна пагадзіліся, што браць будзем, і нават прапанавалі набыць адзін вялікі рытуальны кубак, каб змешваць у ім трохі гарэлкі з сочывам і пускаць яго па колу ля вогнішча. А там хто колькі хоча, столькі хай і адсёрбвае. Ці толькі мочыць вусны і перадае далей.
Ідэя выявілася настолькі ўдалай, што трымалася амаль усе доўгія гады філасофскіх вандровак. Было ў руху рытуальнага кубка па коле нешта сакральнае, што лучыла нас і міжсобку, і з мудрасцю старых грэкаў (хаця тыя і разбаўлялі не гарэлку, а віно).
А яшчэ ў нас былі Ганна Пазюк і Таня Чыжова з гітарай. Ах, як яны цудоўна спявалі! І што не менш істотна, яны спявалі тыя песні, якія мы ўсе прагнулі бясконца слухаць. Шалкевіч, Вольскі, Камоцкая, Мельнікаў, Вайцюшкевіч, Бартосік...
Звычайна разыходзіліся па намётах амаль пад ранак і таму пачыналі мысліўныя практыкаванні не зусім бадзёрымі, хаця, наколькі памятаю, гэта ані не замінала інтэлектуальным прарывам і эўрыстычным вынаходніцтвам...
Першая вандроўка аказалася настолькі ўдалай, што далей у нас праблемаў з жадаючымі не было. Больш таго, пакрысе да нас пачалі далучацца дарослыя. Бывалі з намі Вольга Калацкая, Андрэй Хадановіч, Зміцер Серабракоў, Юрась Барысевіч, Ігар Бабкоў, Сяржук Мінскевіч, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Аксана Спрынчан, Ігар Логвінаў...
Хто б спыніў мяне... Бо часам нас і каля трох дзясяткаў збіралася.
Прыдумаўшы "Філасофскія вандроўкі", мы планавалі выбірацца з Мінска раз на месяц, пачынаючы з канца красавіка і да пачатку кастрычніка. Першы сезон задание амаль вытрымалі, але з гадамі гэтая рэгулярнасць усё больш заўважна парушалася. Хаця колькі там разоў на год яшчэ доўгі час хадзілі. Бывала, што каманда выбіралася і без мяне, паколькі мне мус было прысутнічаць у іншых месцах.
Так склалася і тады, калі я не змог разам з усімі адкрываць на Бяздонцы чарговы сезон "Філасофскіх вандровак", бо выступаў у Варшаве на нейкай канферэнцыі. Студэнт другога курса Андрусь Белавокі таксама не змог паехаць разам з усімі, але ён так любіў нашу забаву, што дабіраўся на Бяздонку ноччу...