Выбрать главу

У гэтыя дні мне нечакана патэлефанавала Таццяна Чыжова і прапанавала: "Мы з Лідай Міхеевай хацелі б з вамі сустрэцца..."

Сустрэліся. Яны працягнулі надрукаваны ліст і ў дадатак капэрту.

Ліст перадрукоўваю без зменаў.

"Шаноўны сп. Акудовіч!

Даведаўшыся пра недахоп фінансавання аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага калегіюма, мы не можам заставацца ў баку ад гэтай сітуацыі. Таму мы звяртаемся да Вас з просьбай прыняць наш сціслы ўнёсак, які, як мы вельмі спадзяемся, можа дапамагчы працягнуць працу аддзялення пад Вашым кіраўніцтвам хаця б на бліжэйшы час.

Нягледзячы на тое, што гэтыя сродкі не пакрыюць паўнавартасную працу з запрошанымі лектарамі і г. д., мы ў першую чаргу хацелі б падтрымаць аддзяленне і яго асноўны курс па сучаснай філасофіі і літаратуры.

Будзем вельмі ўдзячныя за магчымасць зрабіць гэты ўнёсак і спадзяемся, што ў бліжэйшы час сітуацыя з фінансаваннем выправіцца!

Былыя навучэнцы Беларускага калегіюма,

суполка інтэлектуальных беларускіх блогераў,

Беларуская філасофская прастора,

часопіс "Прасвет".

Зразумела, нічога такога я і думаць не думаў і чакаць не чакаў. Таму банальна перапалохаўся: што рабіць? Да таго ж яны ўсе і самі ў нішчымніцы. Замахаў рукамі - не, не, не.

Не дапамагло.

З капэртай у руках адвярнуўся, бо ад хвалявання вочы ўзмакрэлі.

І наастачу... Адвучыўшы адзін з першых набораў, кіраўніцтва калегіюма зладзіла нам развітальную вечарыну, якую мы на замежны манер называлі "party" (груба кажучы, невялікі п’янтос выкладчыкаў з студэнтамі). Дзея адбывалася ў бібліятэцы "Юнацтва" і таму не магла задоўжыцца. Натуральна, душы выкладчыкаў, узнёсла развярэжаныя адукацыйным поспехам, патрабавалі працягу. Балазе, побач была пустая кватэра аднаго з кіраўнікоў калегіюма. Туды мы і скіравалі прафесарскім крокам. Між іншым, я ў руках трымаў ружу - першую ў жыцці кветку, падораную мне студэнтамі (студэнткамі).

Ад веку вядома, што вельмі добра доўга не бывае. Перад нашым сыходам з кватэры насунулася такая навальніца, што носу з хаты не высунуць. А пакуль чакалі літасці нябёсаў, перастаў хадзіць транспарт - і мае калегі вырашылі заначаваць у сябра. А я пайшоў, не даслухаўшы ўгавораў застацца. Узяў ружу і пайшоў...

Ад метро "Пушкінская" да маёй кватэры ва Уруччы было як найменей гадзіны чатыры пешага ходу. Толькі для мяне гэта не было праблемай. У тую пару я яшчэ любіў вяртацца дахаты пешшу праз начны Мінск хоць з якой далечыні. І ні разу не паддаўся на ўгаворы мілажальных кіроўцаў падвезці бліжэй да майго раёна. А міліцыянтам, калі запынялі і пыталіся, адказваў, што я не проста іду, а іду, каб мне ямчэй думалася пра вечнае. Бо я філосаф...

Недзе на сярэдзіне шляху згадалася, што і на вечарыне, і ў кватэры ружа заставалася без кроплі пітва. І пакуль тое яшчэ будзе, калі я вярнуся дадому?

Я затурбаўся, агледзеў побач з трасай навальнічную калюжыну і паклаў туды ружу. А сам прысеў на партфель ды запаліў цыгарэту. Зразумела, адной цыгарэтай не абышлося, бо ружа гэта ж не птушка, спехам сёрбаць ваду не можа.

Калі ўжо надумаў падымацца, з ночы выскачыў нейкі шалёны тралейбус, рэзка затармазіў насупраць, і здаровы малады мужчына за рулём запытаўся:

- Табе куды? (быццам гэта была таксоўка).

- Ва Уручча.

- Сядай, - махнуў рукой.

Агаломшаны нечаканай прапановай, я падхапіў ружу і ўскочыў у тралейбус.

Кіроўца зацята маўчаў. Я таксама не мог знайсці аніводнага слоўка, каб хоць нешта прамовіць. Так мы і ехалі, моўчкі ўзіраючыся ў ноч, якая, відавочна, збірала чарговую навальнічную залеву. Толькі ўжо ў мікрараёне ён запытаўся, дзе маё жытло, і затрымаў вочы на ружы.

Мой дом быў каля самай дарогі, і тралейбус запыніўся роўна насупраць пад’езда. Я засунуў руку ў кішэню і выцягнуў усё, што там заставалася. Кіроўца не ўзіраючыся ўзяў грошы і выйшаў, каб рассупоніць свайго металёвага каня. Затым нейкім чынам перагнаў тралейбус на супрацьлеглы бок, зноў далучыў рогі да дратоў і з’ехаў у навальніцу... А я стаяў пад залевай, пакуль не вымак як цюцік, спрабуючы зразумець: што гэта было?

Добра разумею, мая рамантычная навэлка тут не зусім да месца. Але калі ў свой апошні час буду прыгадваць наш калегіюм, то перадусім згадаю тую калюжыну, ружу і шалёны тралейбус, што з нейкай незразумелай прыхамаці вёз мяне праз навальнічную ноч дадому.